🔥 «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцджэралда ўжо на пляцоўках!
Культавы раман амерыканскага пісьменніка выйшаў у беларускім перакладзе яшчэ ў 2023 годзе — а цяпер нарэшце з’явіўся і ў аўдыяфармаце.
👁 «Вялікі Гэтсбі» — гэта гісторыя пра сілу вялікіх пачуццяў і балючае крушэнне рамантычнае мары.
У сваім знакамітым рамане «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіс Скот Фіцджэралд па-майстэрску пераносіць нас на Лонг-Айленд залатых дваццатых гадоў мінулага стагоддзя: у часы небывалага эканамічнага росту, першых хмарачосаў і джазу, сухога закона і бясчынстваў, залітага бліскучымі агнямі Брадвея і моднікаў, якія кідалі выклік закаранелым умоўнасцям, у часы вялікіх надзей і яскравых падзенняў.
Пранізліва і з далікатнай вытанчанасцю Фіцджэралд распавядае гісторыю маладога мільянера Джэя Гэтсбі, які ладзіць у сваім асабняку пышныя легендарныя вечарыны і збірае вакол сябе нью-ёркскі высокі свет. Але сам таямнічы гаспадар ні на каліўца не зацікаўлены ў тых вечарынах. За сляпучым фасадам хаваецца горкая туга па недасяжным, даўно страчаным каханні. Туга, якая перарастае ў апантанасць.
📝 Пераклад Сяргея Матыркі
🔉Запіс гуку — Эрык Арлоў-Шымкус, апрацоўка — audiobooks.by.
📖 Папяровую і электронную версію можна набыць на сайце выдавецтва Кнігаўка
🎧 Агучыў Андрэй Саўчанка (Тутэйшы тэатр), а набыць і паслухаць можна па спасылцы на нашым сайце.
Першую частку можна паслухаць бясплатна на YouTube
📢 Добрая навіна ад нашых калег!
Цяпер Kamunikat мае ўласную аплікацыю для праслухоўвання аўдыякніг на iPhone!
Загрузіце праграму з AppStore і атрымлівайце асалоду ад беларускай літаратуры ў любы час і без абмежаванняў — аплікацыя працуе ў тым ліку ў Беларусі.
На дадзены момант у аплікацыі даступныя 55 твораў — больш за 400 гадзін запісу!
💡 Калі вы карыстаецеся Android, не хвалюйцеся: аналагічная аплікацыя для гэтай платформы можа таксама з'явіцца ў хуткім часе.
❤️ Паспрабуйце і падтрымайце сваё!
🎧 Беларускія падкасты, якія нас зачапілі — дзелімся з вамі!
Нашая каманда заўсёды была прыхільнікамі якаснага аўдыяконтэнту. Наша галоўная любоў — гэта, вядома, аўдыякнігі. Але таксама мы вялікія фанаты падкастаў, таму сёння вырашылі падзяліцца ў вамі нашымі апошнімі знаходкамі.
Тутэйшыя
Тутэйшыя — падкаст пра выдатных беларусаў, якія змянілі свет. Ужо выйшли эпізоды пра парфумера Сафію Гройсман, гімнастку Вольгу Корбут, мастачку Надзю Хадасевіч-Лежэ, прадпрымальніцу Іду Разенталь.
Таксама сярод персаналій падкаста 9-ты прэзідент Ізраіля Шымон Перэс і стваральнік сеткі «Marks and Spencer» Міхась Маркс. Усе яны нарадзіліся і выраслі ў Беларусі, а пасля кожны ў сваёй галіне зрабілі вялізны ўнёсак: ад парфумерыі да сусветнай палітыкі.
Паслухаць: Spotify, Apple Podcasts, YouTube Music
Праз космас
Падкаст «Праз космас» — гэта падборка цікавых навін аб космасе, новых адкрыццях, публікацыях і касмічных праграмах на беларускай мове.
Паслухаць: Apple Podcasts, Spotify, Castbox, Youtube
Што ты тут забыў
Першы беларускамоўны падкаст пра псіхалогію і гістарычную памяць. Якая «ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына»? Ці нясем мы адказнасць за мінулае сям'і, группы, краіны? Як зрабіць так, каб нават цяжкае мінулае працавала на нас, а не супраць нас?
Паслухаць: Apple Podcasts, Spotify, Castbox
Podcast TUTAKA
Серыя дзвюхмоўных падкастаў, прысвечаных традыцыйнай беларускай культуры. У новым сезоне суразмоўцы — Настасся Суханосік і Зміцер Косцін — абмяркоўваюць сучаснае становішча беларускай меншасці на Падляшшы.
Паслухаць: Apple Podcasts, Spotify, Youtube, Soundcloud
Малус
Падкаст з цікавымі мастацкімі гісторыямі ў фармаце пастановак ды чытанняў, якія агучваюць прафесійныя беларускія акторы. Кожны выпуск — асобная гісторыя.
Паслухаць: Apple Podcasts, Spotify, Castbox
✨ Аўдыякніга-неспадзяванка студзеня ўжо на нашым YouTube-канале!
Нагадваем умовы: раз на месяц мы выкладаем адну платную аўдыякнігу на YouTube без назвы і аўтара.
Вы слухаеце — і тым самым кідаеце выклік самім сабе: ці гатовыя вы прысвяціць некалькі гадзін свайго жыцця невядомаму тэксту?
🎧 Шукайце спасылку на новую кнігу ў нашых сторыс, а таксама ў Telegram і YouTube!
Беларускія аўдыякніжныя вынікі 2024 года
Мы ўважліва прааналізавалі аўдыякніжны год і хочам падзяліцца з вамі яго галоўнымі вынікамі. Нягледзячы на тое, што ў розных выданнях падводзіліся вынікі года, аўдыякнігі часта заставаліся па-за ўвагай. Мы лічым важным папоўніць гэты прабел, асабліва калі ёсць чым ганарыцца!
Галоўны вынік года:
У 2024 годзе выйшла 108 аўдыякніг!
👉 Больш падрабязна: Спіс усіх рэлізаў 2024
Што хаваецца за лічбамі?
25 кніг ад Радыё Свабода, якія былі перавыдадзены і сталі даступнымі на новых пляцоўках.
83 новыя аўдыякнігі — свежыя запісы, зробленыя менавіта ў гэтым годзе.
ТОП-3 выдаўцы аўдыякніг у 2024 годзе:
Kamunikat — 21 аўдыякніга
Большасць з іх начытана Зьмітром Бартосікам, які стаў самым прадуктыўным дыктарам года (14 аўдыякніг).
Асноўны фокус: сучасныя беларускія пісьменнікі.
Беларуская літаратура — 17 аўдыякніг
Асноўны напрамак: класіка беларускай літаратуры.
Старонка: Facebook Беларускай літаратуры.
Кніжны воз — 15 аўдыякніг
Фокус: дзіцячая і падлеткавая літаратура.
Роля Audiobooks.by:
Мы рады, што змаглі ўнесці свой уклад у развіццё аўдыякніжнай сферы:
13 уласных аўдыякніг: пераклады, сучасная літаратура і класіка.
38 аўдыякніг выкладзена на розных пляцоўках у якасці дыстрыб'ютара, у тым ліку 25 кніг ад Радыё Свабода.
Адзначым важны трэнд: з'явіліся аўдыяэксклюзівы, якія не маюць папяровай версіі. Напрыклад, "Забойства на вуліцы Макаёнка", якое ў друкаваным выглядзе выйдзе толькі ў наступным годзе.
Што нас чакае ў 2025 годзе?
💡 Спадзяёмся, што сфера аўдыякніг будзе і далей актыўна развівацца, у тым ліку ў напрамку платных рэлізаў. Гэта дазволіць падтрымліваць аўтараў і стваральнікаў, а таксама ствараць умовы для выхаду новых бестселераў адразу ў аўдыяфармаце.
Калі вы заўважылі недакладнасці ці маеце што дадаць, пішыце ў каментарыях — мы абавязкова выпраім!
З надыходзячымі святамі і давайце разам ствараць будучыню для беларускай аўдыякніжнай сферы!
Слухайце сваё!
✨ Слухаем святочную класіку ад «Кніжнага Воза»: казка Ханса Крысьціяна Андэрсэна «Снежная каралева»!
Казка з 7 частак, упершыню апублікаваная 21 снежня 1844 года. Атручаны аскепкам чароўнага люстэрка хлопчык Кай трапляе ва ўладарства да Снежнай Каралевы. Яго названая сястра Герда выпраўляецца на пошукі хлопчыка, каб распаліць кавалк лёду каханнем свайго чыстага сэрца.
Гэта адна з самых вядомых свету казак Андэрсэна. Калі верыць біёграфу Кэрал Роўзэн, то натхненнем для напісання казкі стала няшчаснае каханне аўтара да опернай спявачкі Энні Лінд. Аднак скандынаўскім фальклоры існуюць згадкі пра Ледзяную дзеву, каторая з'яўляецца ўвасабленнем зімы і смерці. Яна стала натхненнем не толькі для Андэрсэна. Дарэчы, менавіта Снежна Каралева Андэрсэна стала асновай знакамітага дыснэеўскага мультфільма «Халоднае сэрца».
🎧 Паслухаць навінку можна проста зараз на «Кніжным возе»!
💥 Слухаем «Зь дзёньніка Ів. Ів. Чужанінава» Лявона Крывічаніна ад «Камуніката»!
Бліскучая сатырычная аповесць аднаго з лепшых беларускіх фельетаністаў, напісаная неверагодна вобразнай мовай, пра адзін з самых трагічных эпізодаў беларускай гісторыі.
Уявіце, што Мікіта Зносак, герой Купалавых «Тутэйшых», патрапіў у Менск пачатку нямецкай акупацыі 1941-га году. Горад, адкуль збеглі савецкія кіраўнікі. Дзе былыя бязбожнікі становяцца апантанымі вернікамі. Дзе нядаўнія законапаслухмяныя грамадзяне рабуюць дзяржаўныя склады. Дзе ўчорашнія «парцейныя» паляць кнігі і партрэты сваіх нядаўніх правадыроў. І каб наш герой усё пабачанае занатаваў неверагодна смачнай жывой мовай! Смех скрозь слёзы вам забяспечаныя.
🎧 Паслухаць бясплатна можна проста зараз па спасылцы на нашым сайце і на «Камунікаце».
🔥 «Я прыду за табой у аўгусце» Камілы Цень ужо на пляцоўках!
⚡ Слухаем доўгачаканую і незвычайную навінку
«Народны РБ-дэтэктыў» — так можна назваць вынайдзены аўтаркай жанр. Нуар мінскіх заводскіх ускраін, стыхія нязмоўкнай трасянкі і маленькіх чалавечых трагедый, нязменны гумар і закручаныя сюжэты ў дэкарацыях «стабільнасці» — у такім свеце жыве харызматычная кантралёрка Зінаіда Юр’еўна, якая ў сваім імкненні да праўды разблытвае адну за адной загадкі беларускага быцця.
У дэбютны зборнік Камілы Цень увайшлі тры аповесці, напісаныя ў 2018-2023 гадах. Папяровая версія кнігі выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч» у 2023-м годзе.
📖 Папяровую і электронную версію можна набыць на сайце выдавецтва Кнігаўка.
🎧 Агучыла Ганна Зязюля, а набыць і паслухаць можна па спасылцы на нашым сайце. Першую частку можна паслухаць бясплатна на YouTube.
💥 Слухаем «Халоднае крыло Радзімы» Алеся Бяляцкага на «Камунікаце»!
Кнігу старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага «Халоднае крыло Радзімы» складае публіцыстыка: эсэ, інтэрв’ю, занатоўкі, створаныя аўтарам у апошнія гады, у тым ліку і падчас свайго зняволення ў бабруйскай калоніі.
Галоўная яе тэма — успаміны аўтара пра сваё дзяцінства, горад юнацтва Светлагорск, вучобу ў Гомельскім універсітэце, пра канспіратыўную дзейнасць у 80-я гады, першых сяброў і аднадумцаў.
💬 Назву кнігі Алесь Бяляцкі тлумачыць так: «Назва шматзначная. Чаму крыло “халоднае” — зразумела. І Радзіма тут выглядае птушкай — зязюляй? чайкай? І зязюляй, бо не глядзіць сваіх дзяцей, і чайкай, бо ў іх, калі яны ляцяць, крылы срэбныя з-падысподу, калі глядзець на яе, і адліваюць на сонцы холадам. І такое крыло пакуль не грэе сваіх птушанятаў, пад якімі можна разумець усіх, хто ходзіць і жыве пад яе крылом»
🎧 Агучыў Зміцер Бартосік, а паслухаць бясплатна можна проста зараз па спасылцы на нашым сайце і на «Камунікаце».
👋 Вітанкі, даражэнькія! Нарэшце і надышоў час адкрыць таямніцу нашай мінулай аўдыякнігі-неспадзяванкі.
У лістападзе вы слухалі кнігу-дзённік падарожжаў у прасторы і часе, якая апісвае шлях героя з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосці Галандыю… Так, гэта «Завяршыць гештальт» Макса Шчура!
Як вам?
🤝 Дабрыдзень, даражэнькія!
🧣 Падсумоўваем вынікі лістапада. Апошні месяц восені ў гэтым годзе апынуўся надзвычай багатым на новыя рэлізы і падзеі. Дык што ж адбылося ў наш і нашых калег?
📕 На Кніжным возе выйшла прыгодніцкая аповесць Валера Гапеева «Зніч Ваўкалака» і гістарычны дэтэктыў Карнэля Макушыньскага «Д’ябал з сёмага класа» — класіку польскай падлеткавай літаратуры.
📙 Праект «Беларуская літаратура» выпусціў «Кепска будзе!» Францішка Багушэвіча — культавая паэма, якую Максім Гарэцкі ў свой час назваў «самым эпічным творам усёй беларускай паэзіі».
📗 На старонцы беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат з’явіліся абедзве часткі кнігі эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасьць — гэта...» — своеасаблівая машына часу, якая дапаможа чытачу здзейсьніць дзясяткі падарожжаў, нязменна аб’яднаных пошукамі Беларусі і – непаўторным сакавіта-грубаватым арлоўскім гумарам.
👩👧 Крысціна Дробыш агучыла «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» Вольгі Вялічкі — збор успамінаў дзяцей пра рэпрэсіі, што закранулі іх сям’і, а таксама іх сноў, мараў і казак, якія дапамагалі пераадольваць траўмы.
📚 А audiobooks.by ажно двойчы выступіла ў ролі дыстрыб’ютара: на нашым сайце з’явілася «Радзіва Прудок» Андруся Горвата і «Не адчайваемся» Васіля Грыня. Абедзве кнігі распавядаюць пра беларускую вёску — кожная ў сваім непаўторным стылі.
📘 А яшчэ мы выпусцілі «Час пустазелля» Ганны Янкуты — кнігу, за якую аўтарка атрымала першыя прызы Прэміі Гедройця і прэміі імя Алеся Адамовіча.
💕 І, бадай, самая радасная навіна гэтага месяца — мы завяршылі збор сродкаў на стварэнне аўдыякнігі паводле «Зэкамерона» Максіма Знака. Гэты вынік — галоўны доказ таго, што разам мы можам усё (і нават болей). Дзякуем вам за яго!
❤️ Дзякуем, што застаяцеся з намі, даражэнькія. Сачыце за навінамі — працягваем запісваць і слухаць сваё!
🔥 «Час пустазелля» Ганны Янкуты ўжо на пляцоўках!
😉 Так, гэты твор толькі ўчора атрымаў другі прыз прэміі Гедройя, а мы ўжо выкладаем аўдыяверсію. Шчыра віншуем аўтарку са ўзнагародай!
Гэтая кніга — спроба асэнсаваць бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля 2020 года. Яна складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, выпадкова пачутых фраз на розных мовах, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў, таго, што можа напаўняць жыццё ў час дыктатуры ў Беларусі і вайны ва Украіне.
Апавядальніца ўсюды шукае чалавечыя і нечалавечыя сляды, сюжэты, якія разгортваюцца проста на вачах, а таксама гісторыі, якія здарыліся даўно і ад якіх амаль нічога не засталося. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы, якія адбываюцца у свеце.
📖 Папяровую і электронную версію можна набыць на сайце выдавецтва Кнігаўка.
🎧 Агучыла Крысціна Дробыш, а набыць і паслухаць можна па спасылцы на нашым сайце. Першую частку можна паслухаць бясплатна на YouTube.
Тры дні засталося да завяршэння збору на стварэнне аўдыяверсіі кнігі Максіма Знака «Зэкамерон. Вершы. Гутаркі»!
З вашай дапамогай мы змаглі сабраць ажно €4167 — гэта 92% ад неабходнай сумы ў 4500 еўра! Але ж на што менавіта ідуць гэтыя грошы? Распавядаем у інфаграфіцы — гартайце карусель.
❤️ Паспявайце далучыцца да збору па спасылцы на галоўнай старонцы audiobooks.by — робім важную справу разам.
💌 Максім Знак: што б ён напісаў, калі б быў цяпер на волі?
Уявіце сабе: адзін ліст, адна думка, адно пасланне. Што б вы сказалі? Сёння мы працягваем натхняцца неверагоднай сілай слоў Максіма Знака. Ягоны «Зэкамерон» — гэта не проста кніга, гэта сведчанне жыцця, веры і надзеі, якія немагчыма знішчыць, нават калі вакол краты.
📖 Гартайце, выбірайце тое, што вам найбольш патрэбна сёння
Далучайцеся да збору
Слухаем «Не адчайваемся» Васіля Грыня
Audiobooks.by прадстаўляе аўдыякнігу «Не адчайваемся» як дыстрыб’ютар і партнёр праекта. Мы не былі стваральнікамі гэтай аўдыякнігі, але ганарымся магчымасцю падзяліцца ёю з вамі.
🌾 Беларуская вёска, каларытныя мясцовыя жыхары. Аўтар гэтай кнігі Васіль Грынь купіў хутар «Засцянак Скрыплеў» на Валожыншчыне, удыхнуў у яго жыццё і зрабіў там аграсядзібу. Сусед Васіля – Браніславыч, адзін карэнны жыхар, які там застаўся – адна з цэнтральных фігур гэтай кнігі. Васіль аднаўляе хутар, сустракае ў аграсядзібе турыстаў, і ўсё гэта не праходзіць без удзелу каларытнага і яркага Браніславыча. Яго асоба, гісторыі і асаблівасці маўлення — той падмурак, на якім трымаецца кніга. У Браніславыча свой адметны погляд на свет, свая філасофія. Гумар, народная мудрасць, жывыя і вельмі адкрытыя людзі. Такога не ўбачыш у горадзе!
🎧 Агучылі Мікалай Паляшчук, Андрэй Белы, Аляксандр Сайко, Генадзь Журба, Алена Лойка і Мікіта Падлесны, а знайсці і паслухаць можна проста зараз на нашым сайце!
💥 Слухаем «Сымона-музыку» Якуба Коласа ад праекта «Беларуская літаратура»!
📖 Новая агучка класічнага твора — вельмі раім паслухаць, нават калі вы добра знаёмыя з тэкстам.
Паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка» — адзін з найлепшых класічных твораў беларускай літаратуры. Праз вобраз галоўнага героя — маладога беларуса — Якуб Колас глыбока асэнсоўвае нацыянальныя і агульначалавечыя праблемы, услаўляе таленавітасць беларускага народу
🎧 Агучыла каманда праекта «Беларуская літаратура», а знайсці і паслухаць можна проста зараз на YouTube-канале праекта і нашым сайце!
📢 Праект ідзе наперад: дзякуй за вашу падтрымку!
Мы хочам падзяліцца радаснымі навінамі пра тое, як прасоўваецца праца над аўдыякнігай Максіма Знака «Зэкамерон. Вершы. Гутаркі». Дзякуючы вашым шчодрым укладам і падтрымцы, праект ужо ў працэсе рэалізацыі, і мы рады расказаць пра нашы поспехі!
Дзякуй кожнаму з вас, хто далучыўся да гэтага праекта. Вашы ўнёскі — гэта не проста падтрымка, гэта магчымасць даць голас творчасці, якая пераадольвае ўсе межы. ❤️
Паглядзіце, чаго мы ўжо дасягнулі, у нашай інфаграфіцы.
А таксама там важнае паведамленне для ўсіх, хто нам не адказаў на імэйлы ☝🏼
🎧 Сачыце за абнаўленнямі — наперадзе шмат цікавага! 🎶
✨ Слухаем зімовую навінку ад «Кніжнага Воза»: «Як гара чалавека ратавала» Алены Масла!
Аповед пра незвычайнае, але сапраўднае сяброўства паміж чалавекам і гарой. Так-так, самай сапраўднай гарой, каторая гатовая зрушыць з месца дзеля ўратавання свайго сябра.
Казка была апублікаваная ў зборніку Алены Масла «Таямніца закінутай хаты» (2005 год). Твор рэкамендаваны настаўнікамі да пазакласнага чытання.
🎧 Чытаюць Ісай Свістулькін і Валянціна Малініна, а паслухаць навінку можна проста зараз на «Кніжным возе»!
👋 Вітанкі, даражэнькія!
Нарэшце і надышоў час адкрыць таямніцу нашай мінулай аўдыякнігі-неспадзяванкі.
У снежні вы слухалі вельмі ўдалы сінтэз «лёгкага чытва», фантастыкі, гістарычнага рамана і гуманістычнай літаратуры, якая ўздымае важныя для грамадства тэмы.
Так, гэта «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» Людмілы Рублеўскай.
📚 Аўтарка зрабіла ўнікальную рэч: злучыла тэму сталінскіх рэпрэсій з сучасным жыццём маладых людзей, стварыўшы дынамічны і захапляльны сюжэт. Падзеі 1930-х гадоў прапускаюцца праз прызму сённяшняга жыцця, што дазваляе чытачу глыбей адчуць драму і блізкасць герояў.
Калі не паспелі - паслухаць можна тут
Як вам?
✨ Аўдыякнігі года ад каманды audiobooks.by!
Напярэдадні свят мы, як заўсёды, прынеслі вам пад калядную ялінку самыя цікавыя аўдыякніжныя рэлізы мінулага года.
Захоўвайце, каб паслухаць падчас святочных вакацый, а таксама не забывайце дзяліцца ў каментарах сваімі «аўдыякнігамі года» — дапоўнім гэты спіс разам!
«Пасажыры карабля Тэсея» Сцяпана Стурэйкі — бестселер 2024 года на audiobooks.by
Аповесці даследчыка культурнай спадчыны Сцяпана Стурэйкі складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў — мы губім тое, што любім.
«Свінні» Аляксандра Чарнухі, «Плошча Перамогі» і «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча, а таксама кнігі Васіля Быкава — топ праслухоўванняў
Менавіта гэтыя творы вы слухалі найчасцей — цешымся, што ў спісе знайшлося месца як класіцы, так і сучаснай літаратуры.
«Забойства на вуліцы Макаёнка» Клёка Штучнага, «Марсіянін» Эндзі Уіра і «Доўгая дарога дадому» Васіля Быкава — асабісты топ заснавальніка audiobooks.by Мікіты Белаглазава
«Свінні» Аляксандра Чарнухі, «Марсіянін» Эндзі Уіра, «Час пустазелля» Ганны Янкуты, «Ад двух да пятнаццаці» Вольгі Вялічкі і кнігі Васіля Быкава — найлепшыя кнігі года ад прадстаўніцы audiobooks.by Крысціны Дробыш
«Свінні» Аляксандра Чарнухі, «Час пустазелля» Ганны Янкуты і анталогія «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» — выбар нашай SMM-спецыялісткі Міры
«Забойства на вуліцы Макаёнка» Клёка Штучнага, «Мальцы выходзяць з-пад кантролю» і «Пасажыры карабля Тэсея» Сцяпана Стурэйкі — любімыя творы года капірайтаркі Жэні
🔥 «Срэбная Дарога» Сціны Джэксан ужо на пляцоўках!
Сучасны шведскі дэтэктыў, дэбютны крымінальны раман Сціны Джэксан, які быў прызнаны ў скандынаўскіх краінах найлепшай кнігай у гэтым жанры ў 2018 годзе.
🛣️ Тры гады таму дачка Леле прапала без вестак у аддаленай частцы Паўночнай Швецыі. Ён правёў усё лета, едучы па Срэбранай дарозе пад паўночным сонцам у пошуках дачкі.
Тым часам сямнаццацігадовая Мэя прыязджае ў горад з надзеяй на новы пачатак. Яна такога ж узросту, як і дачка Леле — дзяўчынка на парозе паўналецця. Але для Мэі ў гэтым ізаляваным месцы ёсць небяспека. Па меры таго, як паступова напаўзае восеньская цемра, жыцці Лелі і Мэі пераплятаюцца такімі страшнымі і трагічнымі спосабамі, якія яны ніколі не маглі сабе ўявіць.
📖 Папяровае выданне выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч» у 2024 годзе.
🎧 Агучыў Хведар Бай, а набыць і паслухаць можна па спасылцы на нашым сайце. Першую частку можна паслухаць бясплатна на YouTube.
Даражэнькія, дзелімся з вамі радаснай навіной!
Заснавальнік нашага праекта Мікіта Белаглазаў разам з іншымі беларускімі выдаўцамі стаў лаўрэатам прэміі Радыё Свабода «Людзі Свабоды – 2024» 🎉
Гэтая ўзнагарода штогод прысуджаецца тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі і ўсяго свету. Сёлета яе атрымалі тыя, хто нягледзячы на рэпрэсіі і цяжкасці працягвае выдаваць беларускія кнігі і несці свабоднае слова ў свет.
Мы шчыра дзякуем усім, хто падтрымлівае беларускую культуру і віншуем калег са ўзнагародай ❤️
👉 Падрабязнасці і спіс лаўрэатаў шукайце па спасылцы
⚡ Разгорнутая і пашыраная версія рамана Ігара Бабкова «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» — ужо хутка на audiobooks.by!
⠀
Чакайце на пляцоўках у першыя тыдні наступнага года, і, вядома, сачыце за навінамі, каб не прапусціць навінку.
Да дзесяці гісторый, з якіх складаецца гісторыя жыцця адважнага асветніка і энцыклапедыста Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў, у найноўшым выданні дададуцца яшчэ дзве — «Восень у Гародні» і «Дзюры», а таксама «Пасляслоўе выдаўцы», якое пры ўважлівым разглядзе аказваецца нататкамі невядомага чытача, знойдзенымі аўтарам у Архіве Клакоцкага ў 2023 годзе.
Папяровая версія кнігі ў хуткім часе з’явіцца ў кнігарні «Логвінаў»: старт продажаў прызначаны на 20 студзеня, але зрабіць перадзамову можна ўжо цяпер на сайце кнігарні.
✨Аўдыякніга-неспадзяванка снежня ўжо на нашым ютуб-канале!
Нагадваем умовы: раз на месяц мы выкладаем адну платную аўдыякнігу на ютуб без назвы і аўтара. Вы слухаеце — і тым самым кідаеце выклік самім сабе: ці гатовыя вы прысвяціць некалькі гадзін свайго жыцця невядомаму тэксту? Ці даверыцеся лёсу?
Ніякіх папярэдніх стэрэатыпаў ці чаканняў. Проста аўдыякніга і вы.
💥 Слухаем «Палескіх рабінзонаў» Янкі Маўра ад праекта «Беларуская літаратура»!
📖 Новая агучка класічнага твора — вельмі раім паслухаць, нават калі вы добра знаёмыя з тэкстам.
А зараз мы прапануем вам заблукаць у самым лепшым месцы для блуканняў! Забыцца на даброты цывілізацыі, пакінуць дома тэлефон, ліхтарык, запалкі і чыстую ваду — і даць нырца ў дзікую прыроду. Энцыклапедыя выжывання на дзікім востраве, сапраўдныя прыгоды пасярод небяспечных жывёл, кантрабандысты і памежнікі, ваўкі і змеі, вада і вагонь — увесь гэты экшн чакае вас у знакамітай аповесці Янкі Маўра «Палескія рабінзоны».
🎧 Агучыла каманда праекта «Беларуская літаратура», а знайсці і паслухаць можна проста зараз на YouTube-канале праекта і нашым сайце!
📢 Увага, увага! Сябры, мы гэта зрабілі!
З бязмежнай радасцю і гонарам паведамляем, што збор сродкаў на стварэнне аўдыякнігі паводле «Зэкамерона» Максіма Знака афіцыйна завершаны. Разам мы сабралі €4565 — гэта нават трошкі больш, чым мы планавалі!
💕 Дзякуй кожнаму і кожнай, хто зрабіў свой унёсак, падзяліўся допісамі пра збор, напісаў у каментарах натхняльныя словы ці проста паверыў у наш праект. А таксама дзякуем краўдфандынг-платформе https://gronka.org/ за падтрымку тэхнічнай часткі збору.
📬 Бліжэйшым часам мы звяжамся з фундатарамі наконт лотаў, таму сачыце за паведамленнямі.
🎙️ А мы тым часам ужо рыхтуемся да працы, каб голас Максіма Знака як найхутчэй прагучаў паўсюль, дзе можа быць уключаны аўдыязапіс!
💌 Па ўсіх пытаннях, звязаных са зборам і лотамі, вы заўсёды можаце напісаць нам у асабістыя паведамленні.
🎉 Вы малайцы, і мы вам бязмерна ўдзячныя!
Даражэнькія, дзякуючы вашай падтрымцы мы ўжо сабралі неабходную суму на стварэнне аўдыяспектакля паводле «Зэкамерона» Максіма Знака. Гэта неверагодна і пацвярджае: разам мы можам усё!
💛 Дзякуй кожнаму і кожнай, хто зрабіў унёсак, падзяліўся допісамі пра збор, напісаў у каментарах натхняльныя словы ці проста паверыў у наш праект.
🕊️ Мы вырашылі падоўжыць збор сродкаў да 2 снежня. Усе грошы, сабраныя звыш патрэбнай сумы, будуць накіраваныя на аплату аўтарскіх правоў, каб мы маглі зрабіць праект максімальна якасным і справядлівым.
Дзякуй, што вы з намі! Калі ў вас ёсць жаданне і магчымасць далучыцца да збору, зрабіць гэта можна па спасылцы на галоўнай старонцы audiobooks.by.
📚 Да ўсеагульнага дня абароны дзяцей: кніга для тых, хто хоча зразумець і дапамагчы
Аўтарка Вольга Вялічка, якая з 2021 года працуе псіхолагам з палітычнымі зняволенымі і іх сем'ямі, прапануе ўнікальную і кранальную кнігу. Гэта збор успамінаў дзяцей пра рэпрэсіі, што закранулі іх сям’і, а таксама іх сноў, мараў і казак, якія дапамагалі пераадольваць траўмы.
📖 Што вас чакае ў кнізе:
Успаміны дзяцей пра рэпрэсіі і іх уплыў на сям’ю.
Паралелі з досведам жанчын і дзяцей, рэпрэсаваных у савецкі час.
Рэкамендацыі па размове з дзецьмі пра палітычныя тэмы.
🎙 Водгукі пра кнігу: Святлана Алексіевіч: "Калі вы хочаце даведацца пра тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, прачытайце гэтую кнігу... Дзеці — бясстрашныя і сумленныя сведкі, а праца Вольгі Вялічкі зроблена таленавіта і з сэрцам."
Крысціна Дробыш: "Гэта самыя страшныя казкі, якія я чытала. Але іх важна пачуць."
📌 Выдавецтва: Gutenberg Publisher 🎧 Агучыла Крысціна Дробыш
Прачытайце, абмяркуйце, падзяліцеся. Дзеці — наша будучыня, і іх голас трэба пачуць.
✨ Слухаем аўдыяверсію гістарычнага дэтэктыва Карнэля Макушыньскага «Д’ябал з сёмага класа»!
🤝 Навінка ад «Кніжнага Воза» @knizhnyvoz — класіка польскай падлеткавай літаратуры, якая надоечы выйшла ў паряровым фармаце ў выдавецтве Gutenberg Publisher @gutenbergpublisher!
Гістарычны дэтэктыў, у якім сямнаццацігадовы Адась Цісоўскі, якога сябры завуць Д’яблам за спрытны розум, — адзіная надзея старой шляхецкай сям’і з-пад Вільні, у доме якіх пачалі адбывацца загадкавыя здарэнні. Зразумела толькі адно: таямніцу хаваюць ДЗВЕРЫ.
Кніга ўваходзіць у канон польскай літаратуры і вывучаецца ў 6-м класе польскай школы.
🎧 Агучылі Валянціна Малініна і Ісай Свістулькін, а паслухаць можна проста зараз на «Кніжным возе»!
💥 Абедзве часткі кнігі эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасьць — гэта...» ужо на «Камунікаце»!
Кніга выбраных эсэ Ўладзіміра Арлова – своеасаблівая машына часу, якая дапаможа чытачу зьдзейсьніць дзясяткі падарожжаў, нязьменна аб’яднаных пошукамі Беларусі і – непаўторным сакавіта-грубаватым арлоўскім гумарам. Пунктамі прызначэньня будуць Менск пачатку 1990-х і Бэрлін з абрынутай толькі ўчора сьцяной паміж двума сьветамі, Грузія часоў Зьвіяда Гамсахурдзія і Сахара дарэвалюцыйнага Тунісу, дах яшчэ цалюткага Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку і стакгольмская кватэра нобэлеўскага ляўрэата 2011 году паэта Тумаса Транстрэмэра… Разам зь пісьменьнікам чытач зможа адчуць зьмены, што адбыліся ў нашай краіне і сьвеце за цэлую чвэрць стагодзьдзя. Эсэ, што ўвайшлі ў кнігу, перакладаліся болей, чым на дваццаць моваў.
🎧 Агучыў аўтар, а знайсці і паслухаць як першую, так і другую частку бясплатна можна па спасылцы на нашым сайце і на «Камунікаце».