💥Слухаем «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча ад «Камуніката»!
7 год у ГУЛагу за 7 гадзін.
📖 «У капцюрох ГПУ» — аповесць Францішка Аляхновіча, адразу па выданні ў 1934 г. перакладзеная на розныя мовы свету. Беларускі літаратар з Вільні задоўга да Салжаніцына ды Шаламава апісаў канцлагерную сістэму ў Савецкім Саюзе, якую зведаў знутры. Аляхновіч звяртаецца да чытача, як да суразмоўцы, цягам усяго падарожжа з Вільні, праз Менск і Віцебск, на Салаўкі ў Белым моры і назад дадому.
У працы над аўдыяверсіяй давялося параўнаць розныя рэдакцыі тэксту з захаваннем асаблівасцяў аўтарскай мовы, удакладніць карэльскую тапаграфію, звярнуцца да кінахронікі і біяграфій згаданых у сюжэце постацяў. Галоўны персанаж «Попутчік», пад маскай якога пачаткова хаваецца аўтар, праходзячы праз пякельныя выпрабаванні, не выстаўляе сябе героем, але волю здабывае фактычна сілай уласнай думкі.
🎧 Агучыў Віктар Сямашка, а знайсці і паслухаць бясплатна можна па спасылцы на нашым сайце.
💔 Слухаем «Турэмныя сшыткі» Алеся Бяляцкага
📓 Гэтая кніга — частка серыі «Турэмная літаратура»
Праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі ў сакавіку 2023 года пакараны 10-цю гадамі пазбаўлення волі. Гэта ўжо другое зняволенне кіраўніка Праваабарончага цэнтру «Вясна» за ажыццяўленне ім грамадскай дзейнасці, за дапамогу ахвярам парушэння правоў чалавека ў Беларусі.
Першы раз Алесь Бяляцкі быў асуджаны ў 2011-м на 4 з паловай гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і спагнаннем нанесенай шкоды дзяржаве. Пакаранне адбываў у ПК № 2 г. Бабруйска, працаваў упакоўшчыкам у швейным цэху. Той свой турэмны досвед праваабаронца, літаратуразнаўца, эсэіст занатоўваў у розных сшытках, пасля вызвалення яны і склалі дакументальную кнігу «Турэмныя сшыткі».
🎧 Чытае Зьміцер Бартосік, а знайсці і паслухаць можна проста зараз на любой зручнай вам пляцоўцы.
💥«Забойства на вуліцы Макаёнка» Клёка Штучнага — хутка на пляцоўках!
🤫 Эксклюзіў ад audiobooks.by: гэты твор (зрэшты, як і інфармацыю пра аўтара) немагчыма знайсці ані ў кніжных крамах і бібліятэках, ані ў сеціве.
😏 Заінтрыгаваныя? Сачыце за нашымі сацсеткамі, каб не прапусціць загадкавую навінку!
🤝 Дабрыдзень, даражэнькія!
Па традыцыі распачынаем чэрвень тым, што падводзім вынікі траўня. Што адбывалася ў беларускай аўдыякніжнай прасторы ў мінулым месяцы?:
📗 На Кніжным возе выйшла фэнтэзі-казка Надзеі Ясмінскай «Якуб – срэбраны чуб», а таксама «Франкенштайн» Мэры Шэлі — класіка гатычнай літаратуры.
📖 На канале «Беларускай літаратуры» цяпер можна паслухаць «Тараса на Парнасе» Канстанціна Вераніцына і апавяданне Івана Навуменкі «Жуль Верн».
📕 На старонцы беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат з’явіўся зборнік Уладзіміра Сцяпана «Адна капейка», а таксама два творы Барыса Пятровіча: аповесць «Пуціна» і трыпціх «Стах».
🫂 Землякі баранавіцкага паэта Венанцыя Бутрыма арганізавалі запіс кнігі ягоных вершаў — цяпер яе таксама можна знайсці на нашым сайце.
🤝 У межах нашай супрацы з Радыё Свабода на лічбавых пляцоўках з’явілася аўдыяверсыя серыі мініэссэ Ўладзіміра Арлова «Імёны Свабоды», сучасныя мемуары калішняй дыктаркі беларускага тэлебачання Зінаіды Бандарэнка «Свой голас», збор выступаў Васіля Быкава «Быкаў на свабодзе», мемуары беларускай паэтэсы і пісьменніцы Дануты Бічэль «Каго помню і люблю».
📚 Для нашай каманды месяц выдаўся надзвычай прадуктыўным: мы выпусцілі «Пасажыраў карабля Тэсея» Сцяпана Стурэйкі — аповесці, якія атрымалі другое месца на Прэміі Гедройця-2023. А яшчэ мы выклалі «Плошчу Перамогі» Альгерда Бахарэвіча — авантурную прыпавесць пра ўладу і нацыю, пра цану слова і славы. Акрамя таго, на пляцоўках цяпер можна паслухаць нашумеўшы раман Аляксандра Чарнухі «Свінні».
🔥 Нашая каманда павялічылася на аднаго чалавека: прадстаўніцай audiobooks.by стала Крысціна Дробыш.
❤️ Дзякуем, што застаяцеся з намі, даражэнькія. Сачыце за навінамі — працягваем запісваць, выпускаць і слухаць сваё!
👋 Вітанкі, даражэнькія! Надышоў час адкрыць таямніцу нашай пятай аўдыякнігі-неспадзяванкі.
У траўні вы слухалі «Шлях дробнай сволачы» Евы Вежнавец — зборнік апавяданняў 2008 года, у якім аўтарка вывела галерэю нетыповых жаночых вобразаў. Яе моцныя, трывалыя гераіні шукаюць саміх сябе, спрабуюць выжыць у краіне «дробнай сволачы» і гатовыя на выпрабаванні. Дарэчы, зараз з гэтым тэкстам можна азнаёміцца толькі ў аўдыя фармаце — таму калі не паспелі паслухаць, пераходзьце па спасылцы
А тым часам новая аўдыякніга-неспадзяванка ўжо на нашым ютуб-канале!
Нагадваем умовы: раз на месяц мы выкладаем адну платную аўдыякнігу на ютуб без назвы і аўтара. Вы слухаеце — і тым самым кідаеце выклік самім сабе: ці гатовыя вы прысвяціць некалькі гадзін свайго жыцця невядомаму тэксту? Ці даверыцеся лёсу?
Ніякіх папярэдніх стэрэатыпаў ці чаканняў. Проста аўдыякніга і вы.
🎧 Шукайце спасылку на новую кнігу ў нашых сторыс, а таксама ў ютубе!
✨Слухаем «Стах» Барыса Пятровіча ад «Камуніката»!
Трыпціх «Стах», напісаны ў 90-я гады, чытаецца, як быццам быў напісаны зусім нядаўна. Вось толькі тэмы, што хвалявалі ў 90-я толькі невялікую частку беларускага грамадства, зараз закранулі большасць беларусаў. Адвечныя беларускія пытанні пададзеныя пісьменнікам у яркай форме калейдаскопа падзей, якія адбываюцца з галоўным героем. Успаміны вясковага дзяцінства, страта цноты, пошукі праўды ў палітычных спрэчках, з'яўленне «чорнага чалавека», які абвяшчае дату смерці.
Цікава, калі б Вам абвясьцілі дакладны час сыходу, што б Вы рабілі ў апошнія дні жыцця...? Герой Барыса Пятровіча прымае свой рок мужна і... Зрэшты, ня будзем спойлерыць. Паслухайце - не пашкадуеце.
🎧 Агучыў Зьміцер Бартосік, а знайсці і паслухаць бясплатна можна па спасылцы на нашым сайце.
💥 Слухаем апавяданне «Жуль Верн» Івана Навуменкі ад праекта «Беларуская літаратура»!
👀 Новая агучка класічнага твора — вельмі раім паслухаць, нават калі вы добра знаёмыя з тэкстам.
Шмат што ў гэтым апавяданні падасца вам фантастычным. Прыкладам, у ім школьнікі крадуць кнігі дзеля таго, каб іх чытаць. Ці вандруюць па свеце, не сыходзячы з месца – і гэта пры адсутнасці сучасных тэхналогій. Але нешта падасца вельмі знаёмым. Як у класе ўсе кпяць з аднаго. Як аднаму ўдаецца пераламіць крыўдную сітуацыю на сваю карысць. Як сябруюць ворагі і як варагуюць сябры…
🎧 Агучыла каманда праекта «Беларуская літаратура», а знайсці і паслухаць можна проста зараз на YouTube-канале праекта і нашым сайце!
👋Вітанкі, даражэнькія!
Надоечы мы выклалі відэа, у якім прапанавалі вам здагадацца, хто начытвае тэкст: актор агучкі ці штучны інтэлект.
Мы вельмі здзівіліся, але большасць з вас ставіла на ШІ
Здзівіліся, бо ведалі: беларускія тэксты, агучаныя ШІ, гучаць вось так
(а напрыканцы відэа можна ўбачыць, хто ж усё ж такі агучыў урывак такім чынам)
Але на гэтым сканчаем раскрываць свае карты: назву кнігі, як і іншыя цікавосткі пра яе, мы распавядзём троху пасля. Сачыце за навінамі, каб не прапусціць 😉
✨Слухаем аповесць Барыса Пятровіча «Пуціна» ад «Камуніката»!
Аповесьць «Пуціна» Барыса Пятровіча — гэта захапляльнае падарожжа студэнта-журналіста на экзатычныя для беларусаў (і еўрапейцаў увогуле) Сахалін ды Курылы ў васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя.
Плынь сьвядомасьці, паводле якой аповесьць напісана адным сказам і без асноўнага знаку прыпынку — кропкі, дазваляе аўтару свабодна рэфлексаваць наконт ідэнтычнасьці беларусаў у сьвеце ў параўнаньні з японцамі, шведамі, расейцамі і ныраць у глыбіні спазьнаньня сябе, навакольнай прыроды і каханьня.
🎧 Агучыў Зьміцер Бартосік, а знайсці і паслухаць бясплатна можна па спасылцы на нашым сайце.
А гэта спасылка адкрыецца ў Беларусі без VPN
💥 «Свінні» Аляксандра Чарнухі ў беларускім перакладзе Алеся Плоткі ўжо даступныя на пляцоўках!
Гэта было б вельмі смешна, калі б не было праўдай. Смех праз слёзы альбо слёзы праз смех — менавіта такія эмоцыі выклікае раман. Слухайце на любімых пляцоўках — поўны спіс будзе даступны неўзабаве.
🔥 Слухаем «Каго помню і люблю» Дануты Бічэль у аўтарскай агучцы!
🤝 Працягваем выкладаць кнігі серыі «Бібліятэка Свабоды».
Cучасныя мемуары беларускай паэтэсы і пісьменніцы, якая пачала свой творчы шлях у 60-е гады мінулага стагоддзя і працягвае яго й па зараз.
📻 Упершыню ўспаміны гучалі на хвалях Радыё Свабод з 21.02.2005 па 23.03.2005.
🎧 Чытае аўтарка, а знайсці і паслухаць можна проста зараз на любой зручнай вам пляцоўцы.
🔥 «Плошча Перамогі» Альгерда Бахарэвіча ўжо на пляцоўках!
Раман «Плошча Перамогі» — авантурная прыпавесць пра ўладу і нацыю, пра цану слова і славы.
💬 Аўтар пра кнігу: «Не пытайся, дзе і калі ўсё гэта адбылося, папярэджвае гэтая кніга. Раман-прыпавесьць, які толькі прыкідваецца гістарычным — а насамрэч выводзіць чытача са свайго «ніколі і нідзе» наўпрост у ХХІ стагодзьдзе зь ягоным новым успрыманьнем праўды, хлусьні, інфармацыі і ўлады. А адначасова — у тую Беларусь, што адчула нарэшце подых Вялікай Гісторыі».
📖 Выдавецтва папяровай версіі — «Вясна»
🤝 Аўдыякніга была запісаная пры фінансавай падтрымцы беларускіх супрацоўнікаў кампаніі Google.
🎧 Агучыў Сяргей Шупа, а набыць і паслухаць навінку можна проста зараз на нашым сайце!
🔥 Слухаем «Быкава на свабодзе»!
🤝 Працягваем выкладаць кнігі серыі «Бібліятэка Свабоды».
Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода.
🎧 Чытае аўтар, а знайсці і паслухаць можна проста зараз на любой зручнай вам пляцоўцы.
💥 Слухаем навінку ад «Кніжнага Воза»: «Якуб – срэбраны чуб» Надзеі Ясмінскай
Фэнтэзі-казка, напоўненая традыцыямі і персанажамі беларускай міфалогіі.
❗Кнігу пакуль немагчыма прачытаць у друкаванай версіі, таму аўдыя фармат — адзіны спосаб пазнаёміцца з гэтай цудоўнай гісторыяй.
…Даўным-даўно, а, можа, і нядаўна, за гарамi i марамi, за пушчамi-дрымушчамi, за гразкiмi балотамi ды вiрлiвымi рэкамi разлягалася сабе вольна зямля вабная-гожая, з травамі шаўковымі ды спевамі птушынымі. Усiм яна прытулак давала: вялiкiм i малым, добрым i лiхiм, жывым i мёртвым. Не абышлi, вядома ж, мясцін тых людзi клапатлівыя: гарады з вёсачкамi збудавалi, жыццё-быццё наладавалі.
🎧 Агучыў Ісай Свістулькін, а паслухаць можна проста зараз на «Кніжным возе»!
🔥 Слухаем «Свой голас» Зінаіды Бандарэнка ў аўтарскай агучцы!
🤝 Працягваем выкладаць кнігі серыі «Бібліятэка Свабоды».
Cучасныя мемуары калішняй дыктаркі і сапраўднай легенды беларускага тэлебачання, якая прапрацавала там амаль сорак гадоў, за якія паспела ўвесці ў моду беларускі нацыянальны строй, пазнаёміцца з усімі тагачаснымі зоркамі, а ў рэшце рэшт — і пасварыцца з дзеючай уладай праз сваю пазіцыю.
📻 Упершыню ўспаміны гучалі на хвалях Радыё Свабода з 28.03.2005 па 29.04.2005.
🎧 Чытае аўтарка, а знайсці і паслухаць можна проста зараз на любой зручнай вам пляцоўцы
🌸Топ аўдыякніг вясны з audiobooks.by!
Вясна — гэта час абнаўлення і новых адкрыццяў. Спадзяёмся, мінулыя тры месяцы прынеслі вам шмат новых эмоцый і ўражанняў — а таксама маем надзею, што дапамаглі камусьці з вас зрабіць персанальныя аўдыякніжныя адкрыцці. Дзелімся топам таго, што слухалі карыстальнікі audibooks.by гэтай вясной!
1 Уладзімір Мацкевіч, «Свабода і Мысленне: эсэ пра грамадзянскую супольнасць»
Што такое грамадзянская супольнасць?
- Як яна можа ўплываць на працэсы, якія адбываюцца ў краіне?
- Ці здольныя мы аб'ядноўвацца для агульных спраў?
- Якія якасці нам патрэбныя, каб супрацьстаяць сучасным пагрозам і адказваць на выклікі?
2 Уладзімір Караткевіч, «Дзікае паляванне караля Стаха»
Гэтая аповесць мае нешта адметнае, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць, а можна хіба адчуць. Беларуская мінуўшчына, у якую нас пагружае аўтар, трывожыць наша сэрца і прыводзіць да думак пра сёняшняе. Твор — сапраўдная літаратурная класіка, актуальны і прывабны ва ўсе часы.
3 Васіль Быкаў, «Альпійская балада»
«Альпійская балада» — самая рамантычная і загадкавая аповесць Васіля Быкава і самая не быкаўская, бо расказвае не столькі пра вайну, сколькі пра каханне. Каханне беларуса Івана і італьянкі Джуліі. Прачытаўшы аповесць, Пімен Панчанка — галоўны рэдактар «Маладосці», дзе ўпершыню была надрукавана «Альпійская балада», — сказаў: «Канешне, усё тое — няпраўда, а верыцца. Значыць, гэта — мастацтва».
4 Алесь Краўцэвіч, «Кароткая гісторыя Беларусі»
Глыбінныя працэсы, найважнейшыя з’явы і падзеі беларускай гісторыі пераказаныя літаратурнай мовай. Асобныя з’явы, падзеі, героі і антыгероі існуюць самыя па сабе, адасоблена, адарваныя ад агульнага гістарычнага кантэксту. Гэтая аўдыякніга якраз прэзентуе гісторыю краіны ў лагічнай сістэмнай і храналагічнай паслядоўнасці.
5 Рыгор Барадулін, «Дуліна ад Барадуліна»
Показкі, эпіграмы, міні-оды «Свабодзе» ды іншыя бессаромныя жэсты, у т. л. эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца».
Бо праўды не заглушыш. Чытае аўтар.
6 Юрась Бушлякоў, «Жывая мова»
«Жывая мова» — калекцыя практычных эсэ пра тое, як гаварыць па-беларуску правільна і прыгожа. На працягу сваёй рэдактарскай працы на Радыё Свабода аўтар выяўляў складаныя, спрэчныя ці памылковыя моманты ў жывой мове, аналізаваў іх і даваў парады, якія склалі цыкль радыёперадачаў і ляглі ў аснову гэтай кнігі. Чытае аўтар.
7 Васіль Быкаў, «Знак бяды»
Сюжэтныя вузлы аповесці сцягнуты да той мяжы, калі развязаць іх немагчыма — можна толькі рассячы. Ідэалагічная тэмпература чалавечых страсцей даведзена да крытычнага пункта, калі ствараецца ўражанне, што на хутары Яхімоўшчына (дзе і адбываюцца падзеі «Знака бяды») разыгрываецца драма сусветнага значэння. І ад таго, як павядуць сябе героі, Сцепаніда і Пятрок Багацькі, будзе залежаць, перамогуць ці не сілы глабальнага дабра і святла. Нарэшце, канчатковы прысуд крытыкі: на старонках «Знака бяды» Быкаў у мікракосмасе аднаго чалавека паказаў макракосмас нацыі.
8 Ева Вежнавец, «Шлях дробнай сволачы»
У зборніку апавяданняў 2008 года Ева Вежнавец вывела галерэю нетыповых жаночых вобразаў. Яе моцныя, трывалыя гераіні шукаюць саміх сябе, спрабуюць выжыць у краіне «дробнай сволачы» і гатовыя на выпрабаванні.
9 Святлана Алексіевіч, «Чарнобыльская малітва»
«Супалі дзве катастрофы: касмічная – Чарнобыль, і сацыяльная – сышоў пад ваду велізарны сацыялістычны мацярык. І гэтае, другое крушэнне, зацямніла касмічнае, таму што яно нам было больш блізкае і зразумелае. Тое, што здарылася ў Чарнобылі, – упершыню на зямлі, і мы – першыя людзі, якія перажылі гэта».
🔥 Слухаем «Трэба рызыкаваць» Міхаіла Дубянецкага!
🤝 Працягваем выкладаць кнігі серыі «Бібліятэка Свабоды».
Cучасныя мемуары Міхаіла Дубянецкага пісьменніка, перакладчыка і легендарнага дарэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Менавіта ён абараняў найлепшых пісьменнікаў таго часу ад савецкай цэнзуры — так, дзякуючы ягоным высілкам, свет пабачыла забароненая ЦК КПСС аповесць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць».
📻 З архіваў «Радыё Свабода» 2002-2005гг.
🎧 Чытае Сяргей Законнікаў, а знайсці і паслухаць можна проста зараз на любой зручнай вам пляцоўцы.
💔 Беларуская турэмная літаратура: летапіс супольнай рэчаіснасці
Серыя аўдыякніг пяці беларускіх палітвязняў, чацвёра з якіх і сёння знаходзяцца за кратамі: актывісты Ігар Аліневіч і Мікола Дзядок, праваабаронца Алесь Бяляцкі і палітык Павел Севярынец.
Напісаныя ў зняволенні кнігі складаюць важную частку сучаснага беларускага літаратурнага працэсу і, на жаль, з’яўляюцца сапраўдным сімвалам стану беларускай літаратуры цяпер і зараз.
Сачыце за навінамі, каб не прапусціць — у хуткім часе серыя з’явіцца на пляцоўках.
✨ Слухаем аўдыяверсію серыі вершаў Андрэя Скурко «Стукі-грукі – што за гукі»!
🤝 Падарунак дзеткам ад «Кніжнага Воза» , Gutenberg Publisher і «Бэйбуса»!
Чаму зайцам забаранілі праносіць у рэйсавыя аўтобусы адкруткі? Кот схапіўся за дрыль: што ён задумаў? Падсілкаваўшыся кашай, перакусваем жалезны дрот! Гісторыі пра інструменты і іх магчымасці.
🎧 Агучылі Крысціна Дробыш і Алег Гарбуз, а паслухаць можна проста зараз на «Кніжным возе»!
🔥 Слухаем «Баранавічы, Капэнгаген, Парыж, Мадрыд і Атава» Івонкі Сурвілы у аўтарскай агучцы!
🤝 Працягваем выкладаць кнігі серыі «Бібліятэка Свабоды».
Cучасныя мемуары старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. Кніга ўзнаўляе жыццёвы шлях Івонкі Сурвілы: дзяцінства, выгнанне, вучоба, каханне, грамадска-палітычная дзейнасць і цесна пераплеценыя лёсы беларусаў на чужыне.
📻 З архіваў «Радыё Свабода» 2002-2005гг.
🎧 Чытае аўтарка, а знайсці і паслухаць можна проста зараз на любой зручнай вам пляцоўцы.
Працягваем нашую эпапею са штучным інтэлектам! Раней мы выклалі рылз, у якім прапаноўвалі здагадацца, хто начытвае тэкст: актор агучкі ці ШІ. Большасць з вас ставіла на апошні варыянт, аднак пазаўчора мы раскрылі таямніцу: насамрэч тэкст начытала Крысціна Дробыш. Але на гэтым загадкі не скончыліся.
Так, як выявілася, штучны інтэлект зусім не дае рады ў справе агучкі беларускіх аўдыякніг. А як наконт напісання мастацкіх тэкстаў? Давайце праверым. Сёння мы падзелімся з вамі некалькімі цытатамі з твора, які начытала Крысціна. Пачынаем!
1 Плакалі ўсе. Румзаў былы менскі рэжысёр, а цяпер варшаўскі разносчык піцы. Ён падышоў і прыкусіў куток гіганцкага олдскульнага дывана, што вісеў на сценцы. Прыкусіў, як пірат, што правярае залатую манету на зуб.
2 У аўтобусе панавала далікатная ціша. Людзі ўтаропіліся ў мабільнікі. Толькі недзе ля кампостара напаўголаса перакідваліся словамі кітайскія студэнты, гэтыя бесстароннія сведкі беларускай драмы. На гумовым борціку шыбы нехта ў гуманітарных мэтах пакінуў наступным пасажырам свой прабіты талончык.
3 Яна прапускае – дакументы, грошы, рэліквіі. Тавары і кантрабанду – не. Ну, хіба адзіны вынятак: туды – глазураваныя сыркі Бярозаўскага малаказавода.
4 На сценах віселі зробленыя на спецзамову шпалеры з назвамі англасаксонскіх і расійскіх гуртоў. Назвы N.R.M. ці Akute на іх не сустракаліся. Штомесяц у міністэрстве інфармацыі выходзілі чорныя спісы з айчыннымі гуртамі, якія запісваліся ў «экстрэмісцкія» і «дэструктыўныя калектывы». Дык хто ведае, хто патрапіць туды заўтра?
Дзяліцеся сваімі ўражаннямі і меркаваннямі — і, як заўсёды, сачыце за развіццём падзей у нашых сацсетках: хутка мы распавядзём пра гэтую незвычайную кнігу больш!
Слухаем навінку ад «Кніжнага Воза»: «Франкенштайн» Мэры Шэлі!
❗ Аўдыторыя рамана — 12+
«Франкенштайн, ці Сучасны Праметэй» Мэры Шэлі (1797–1851) – адзін з найлепшых узораў готыкі і першы навукова-фантастычны раман, які быў апублікаваны ў 1818 годзе.
✍️ Упершыню беларускі пераклад аповесці, зроблены Марынай Дзергачовай, выйшаў у 2016 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор» (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; Бібліятэка часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum»).
🎧 Агучыў Ісай Свістулькін, а паслухаць можна проста зараз на «Кніжным возе»!
💥Слухаем вершы Венанцыя Бутрыма!
💗 Аўдыякніга-прыклад беларускай салідарнасці: запіс арганізавалі землякі баранавіцкага паэта. Шануйма сваё разам!
Мастак, паэт і празаік Венанцы Вікенцевіч Бутрым нарадзіўся і жыў у горадзе Баранавічы. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Працаваў у творчых майстэрнях мастацкага фонду. Пісаў вершы і прозу, якія друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Нёман»,«Полымя», на старонках беларускіх газет і альманахаў.
🎧Чытае Валянцін Салаўёў, а знайсці і паслухаць бясплатна можна па спасылцы на нашым сайце.
Вы ўжо чулі пра тое, што ШІ можа пісаць тэксты, маляваць карціны і нават ствараць музыку. А як наконт аўдыякніг? Ці можа праграма не толькі напісаць мастацкі тэкст, але і агучыць такім чынам, каб не адрознівацца ад сапраўдных актораў?
Мы зладзілі экперымент і закінулі тэкст ШІ. Што выйшла?
Давайце праверым. Здагадайцеся, хто чытае гэты тэкст: чалавек ці штучны інтэлект? 🤔
💥 Слухаем навінку ад «Камуніката»: «Адна капейка» Уладзіміра Сцяпана ў агучцы Зьмітра Бартосіка!
У зборнік Уладзіміра Сцяпана «Адна капейка» ўвайшлі лепшыя творы, напісаныя аўтарам за апошнія восем гадоў, — навелы, апавяданні і тэксты без пэўнай жанравай маркіроўкі.
💬 Большасць з іх была надрукавана ў беларускіх часопісах і газетах. Некаторыя перакладзены на рускую, украінскую і польскую мовы.
🎧 Агучыў Зьміцер Бартосік, а знайсці і паслухаць бясплатна можна па спасылцы на нашым сайце.
❤️🩹 У Дзень салідарнасці з палітзняволенымі мы падрыхтавалі для вас падборку кніг, якія вязні чытаюць у няволі.
Кожны з сённяшніх вязняў мае свае зацікаўленні і мары. А таксама любімыя кнігі — вельмі часта літаратура робіцца тым, што ратуе ва ўмовах турмы.
Магчыма, вы знойдзеце ў гэтай падборцы свой любімы твор.
Сцяпан Латыпаў — 8 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму.
У лістах распавядаў, што чытае шмат: напрыклад, творы Джэка Лондана.
Валянцін Стэфановіч — 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму
У лістах на волю рэкамендуе пачытаць кнігі Артура Клінава.
Сяргей Спарыш — 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У зняволенні чытае, сярод іншага, творы Франца Кафкі.
Мікалай Аўтуховіч — 25 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.
Прачытаў усяго Караткевіча, вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы.
Андрэй Любецкі — 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму
Чытаў творы Джорджа Оруэла: Ферму і 1984.
👋 Вітанкі, даражэнькія!
Надоечы мы выкладалі ўрывак нашай надыходзячай навінкі і прапаноўвалі вам угадаць, аб якой кнізе ідзе гаворка.
Але гэта выявілася даволі складаным, таму мы падрыхтавалі некалькі фактаў пра раман, які ўжо заўтра з’явіцца на нашым сайце.
➡️ Кніга з’явілася зусім нядаўна: папяровая версія выйшла ў мінулым годзе ў пражскім выдавецтве.
➡️ «…Аднойчы восеньскім вечарам, курачы на балконе нашай аднапакаёўкі, я раптам пабачыў перад сабой у цемры лясную дарогу і жаўнера на ёй, і пачуў гук жалейкі. І імгненна прыдумаў гісторыю, у якой адзін вястун хлусіць, каб уратаваць сабе жыццё» — менавіта так аўтар узгадвае момант, калі яму прыйшла ідэя напісання рамана.
➡️Назва кнігі — вядомы мінскі тапонім, які ў рамане набывае сімвалічны сэнс.
Ці вы здагадаліся?
Навінка з’явіцца ўжо заўтра — сачыце за навінамі, каб не прапусціць!
💥 Слухаем «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына ад праекта «Беларуская літаратура»
👀 Новая агучка класічнага твора — вельмі раім паслухаць, нават калі вы добра знаёмыя з тэкстам.
…Адзін просты дзядзька-беларус трапляе на грэчаскую гару Парнас, дзе п’юць, гуляюць і весяляцца розныя багі і знакамітасці. Усё там, на тым Парнасе, добра так паблытана, тут вам і Марс з Геркулесам, і Пушкін з Гогалем, і бойка, і танцы, і смачная ежа (слухаць галодным не раю, бо заглынецеся слінай). Таму набірайце паветра ў лёгкія – і пачынайце весяліцца разам з паэмай Канстанціна Вераніцына «Тарас на Парнасе»!
🎧 Агучыла каманда праекта «Беларуская літаратура», а знайсці і паслухаць можна проста зараз на YouTube-канале праекта і нашым сайце!
Неверагодная навіна ад audiobooks.by 🔥🔥🔥
Крысціна Дробыш — афіцыйная прадстаўніца праекта!
❓ Што гэта значыць?
Крысціна — новая ўдзельніца нашай каманды, якая будзе займацца прасоўваннем нашых кніг, а таксама папулярызацыяй аўдыякніжнага фармату ў цэлым.
❓ А хіба вы гэтым не займаліся раней?
Так, але часу і сілаў не заўсёды хапала на эфектыўную працу ў гэтым кірунку. Мы занадта моцна любім сваю справу, і таму вырашылі, што прасоўваннем беларускіх аўдыякніг павінны займацца асобны чалавек — ды яшчэ і такі цудоўны.
❓ Чаму Крысціна цудоўная?
Бо хто распавядзе пра аўдыякніжную прастору лепей, чым калісьці актрыса «Купалаўцаў», а цяпер — мэнэджарка, рэдактарка, рэжысёрка і голас праекту «Кніжны воз», які займаецца стварэннем беларускіх аўдыякніг для падлеткаў?
❓ Стоп, дык гэта калабарацыя audiobooks.by і «Кніжнага воза»?
Не! Мы працягваем заставацца асобнымі адзінкамі і сяброўскімі праектамі. Проста цяпер нашая супраца ўвасобленая канкрэтным чалавекам.
❓ Я ў захапленні ад навін, і таксама маю ідэі для паляпшэння праекта. Каму мне іх распавесці?
Як заўсёды — мы адкрытыя для вашых прапаноў ва ўсіх сацсетках. Застаёмся на сувязі і працягваем ствараць сваё разам!
🔥 «Пасажыры карабля Тэсея» Сцяпана Стурэйкі ўжо на пляцоўках!
Другое месца на Прэміі Гедройця-2023!
Аповесці даследчыка культурнай спадчыны Сцяпана Стурэйкі складаюцца з парадаксальных ідэй, чорнага гумару і цікавостак з падарожжаў. Героі заўсёды шукаюць праўду, а знаходзяць толькі сапраўдных сябе. Галоўная думка ўсіх твораў — мы губім тое, што любім.
Усё апісанае ў кнізе заснавана на рэальных гісторыях.
🤝 Аўдыякніга была запісаная пры фінансавай падтрымцы беларускіх супрацоўнікаў кампаніі Google.
📖 Папяровую версію можна набыць на сайце Knihauka.
🫂 Першую частку можна паслухаць бясплатна на YouTube.
🎧 Агучыла Ядвіга Дзяюн, а знайсці і паслухаць можна проста зараз на нашым сайце!