256
Пішу цікавосткі пра рознае. Адзіны аўтар @sabaczka
Назіраньне за птушкамі павялічыла кагнітыўны рэзэрв і запаволіла старэньне мазгоў
Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што прафэсійныя бёрдўотчэры ня толькі добра адрозьніваюць птушак, але й маюць прыкметныя адрозьненьні ў структуры і функцыянаваньні мазгоў. Каманда дасьледнікаў паклікала 48 чалавек, сярод якіх былі прафэсійныя арнітолягі і аматары рознага веку. Падчас досьледу ўдзельнікам/удзельніцам паказвалі выявы птушак менш як на 4 сэкунды, а праз 10 прасілі знайсьці адпаведную птушку сярод чатырох вельмі падобных відаў. Агулам заданьне паўтарылі 72 разы з выкарыстаньнем 18 відаў птушак.
У выніку прафэсійныя арнітолягі дакладна вызначылі 83% мясцовых і 61% экзатычных відаў, у аматараў гэтыя паказьнікі былі прадказальна сьціплымі: 44% дакладнасьці ва ўсіх катэгорыях. Але галоўнае выявілася пасьля аналізу мазгавой актыўнасьці. Падчас распазнаваньня «чужых» птушак у экспэртаў актыўней працавалі зоны, зьвязаныя з увагай, рабочай памяцьцю і апрацоўкай візуальнай інфармацыі. Акрамя таго, гэтыя рэгіёны мазгоў у іх выглядалі больш структурна арганізаванымі, што сьведчыць пра нэўраплястычныя зьмены, набытыя праз хобі.
Таксама нягледзячы на тое, што зь векам складанасьць і арганізаванасьць нэрвовых сетак зьніжаецца натуральным чынам, у прафэсійных бёрдўотчэраў гэты эфэкт быў менш выразным. Таму можна казаць, што ў дадзеным выпадку хобі паспрыяла ўзмацненьню кагнітыўнага рэзэрву, які дапаможа захаваць розум у старасьці. Аднак дасьледнікі мяркуюць, што падобны эфэкт можна чакаць ад любога віду баўленьня часу, які патрабуе ўвагі, памяці й іншай мазгавой актыўнасьці.
У кармах для хатніх гадаванцаў знайшлі вечныя хімікаты. Найбольш забруджанымі аказаліся рыбныя
Корм для хатніх гадаванцаў можа быць нечаканай крыніцай «вечных хімікатаў» (PFAS), якія амаль не раскладаюцца ў навакольным асяродзьдзі. Каманда японскіх навукоўцаў выявіла, што ў шэрагу папулярных прадуктаў узровень гэтых злучэньняў можа быць дастаткова высокім, асабліва калі ідзецца пра корм на аснове рыбы.
Дасьледнікі прааналізавалі 100 кармоў – 48 для сабак і 52 для катоў, якія прадаваліся ў Японіі ў 2018–2020 гадах. З дапамогай высокачульлівай вадкаснай храматаграфіі з мас-спэктрамэтрыяй яны вымералі канцэнтрацыі 34 розных PFAS. У кармах знаходзілі як вядомыя злучэньні накшталт PFOA (пэрфторактанавая кіслата) і PFOS (пэрфтороктасульфонавая кіслата), так і кароткаланцужковыя аналягі. Асобныя прадукты паказалі ўмераныя або высокія ўзроўні забруджаньня.
Каб зразумець, што гэта значыць для жывёл, аўтары разьлічылі прыблізную сутачную экспазыцыю з улікам сярэдняй вагі жывёл і тыповых памераў порцыі. У некаторых выпадках атрыманая доза (на кіляграм масы цела) перавышала дапушчальныя для чалавека нормы, прапанаваныя European Food Safety Authority. Навукоўцы падкрэсьліваюць, што гэтыя парогі распрацаваныя не для жывёл, але сам факт перавышэньня паказвае на анамальна высокую прысутнасьць PFAS у частцы прадуктаў.
Найбольш высокія канцэнтрацыі выявіліся ў сухіх і вільготных рыбных кармах. Асабліва гэта тычылася асобных узораў азіяцкай вытворчасьці. Тлумачыцца гэта тым, што акіян часта становіцца «канчатковым пунктам» для сынтэтычных забруджвальнікаў, а «вечныя хімікаты» могуць назапашвацца й умацоўвацца ў водных харчовых ланцугах. Мясныя кармы ў большасьці выпадкаў утрымлівалі ніжэйшыя ўзроўні, а некалькі брэндаў увогуле не паказалі выяўных канцэнтрацый.
Пра ўзьдзеяньне PFAS на людзей вядома значна больш: іх зьвязваюць з павышанай рызыкай пашкоджаньняў печані, некаторых відаў раку й парушэньняў функцыі шчытападобнай залозы. Дасьледаваньняў пра сабак і катоў пакуль няшмат, але ўжо існуюць зьвесткі пра сувязь пэўных PFAS з хваробамі печані, нырак і дыхальнай сыстэмы ў катоў. Менавіта таму аўтары гавораць не пра «неадкладную пагрозу», а пра істотны прагал у ведах.
Хатнія гадаванцы жывуць у тым жа асяродзьдзі, што й людзі, і ў пэўным сэнсе могуць быць індыкатарамі агульнага хімічнага фону. Паводле аўтараў, неабходныя сыстэматычны міжнародны маніторынг і асобная ацэнка рызыкі для жывёл. Бо гісторыя з PFAS у кармах – гэта ня толькі пра міскі з грануламі, але й пра тое, як глыбока «вечныя хімікаты» праніклі ў наш агульны экалягічны ляндшафт.
Людзі выбралі падтрымку ад іншых людзей, але штучны інтэлект назвалі больш прывабным
Штучны інтэлект, у прыватнасьці вялікія моўныя мадэлі, на якіх грунтуецца праца ChatGPT і падобных чат-плятформаў, ужо стаў часткай паўсядзённага жыцьця мільёнаў людзей. Гэтыя сыстэмы навучаюцца на велізарных масівах тэкстаў, створаных чалавекам, таму часта яны могуць фармуляваць адказы, якія падаюцца чульлівымі й спагадлівымі. Аднак застаецца адкрытым пытаньне, ці гатовыя людзі шукаць эмацыйнай падтрымкі ў машыны, нават калі тая толькі выглядае эмпатычнай?
Каб разабрацца ў гэтым, амэрыканскія навукоўцы зладзілі шэраг досьледаў, вынікі якіх былі апублікаваныя ў часопісе Communications Psychology. Аўтары вывучылі, як людзі ацэньваюць эмпатычныя адказы, згенэраваныя ШІ і напісаныя іншымі людзьмі, а таксама каму яны аддаюць перавагу ў ролі крыніцы падтрымкі.
У чатырох асобных дасьледаваньнях навукоўцы прапаноўвалі людзям як уяўныя складаныя сытуацыі, так і рэальныя асабістыя перажываньні, а потым параўнавалі рэакцыю на адказы звычайных людзей, прафэсійных крызісных кансультантаў і штучнага інтэлекту. Экспэрымэнты паказалі выразную тэндэнцыю: калі ў рэспандэнтаў ёсьць выбар, яны стабільна аддаюць перавагу адказам іншых людзей. Разам з тым вынікі аказаліся неадназначнымі. Нягледзячы на жаданьне атрымліваць падтрымку ад чалавека, удзельнікі й удзельніцы дасьледаваньня часьцяком ацэньвалі ШІ-адказы як больш эмпатычныя й адзначалі, што менавіта яны найбольш адпавядалі жаданьню «быць пачутым».
Аўтары падкрэсьліваюць, што атрыманыя вынікі не азначаюць, быццам штучны інтэлект можа замяніць жывое чалавечае спачуваньне або прафэсыйную псыхалягічную дапамогу, але эмпатычныя адказы ШІ могуць мець пэўны станоўчы эфэкт, асабліва як дадатковы інструмэнт падтрымкі.
У будучыні навукоўцы плянуюць дасьледаваць, у якіх сытуацыях людзі схільныя больш давяраць моўным мадэлям, а таксама як фармат узаемадзеяньня (тэкст ці голас) уплывае на ўспрыманьне эмпатыі.
Нечаканы фактар распаўсюду інвазійных плоскіх чарвякоў выявілі францускія навукоўцы: у ролі транспарту могуць выступаць хатнія гадаванцы
Дасьледаваньне, апублікаванае ў часопісе PeerJ, паказвае, што сабакі й каты могуць пераносіць сухаземных плоскіх чарвякоў паміж садамі й дварамі, нават туды, дзе не высаджвалі новых расьлінаў.
Плоскіх чарвякоў нельга назваць надта шпаркімі істотамі, таму ўважаецца, што яны распаўсюджваюцца дзякуючы садоўніцтву й гандлю. Так, прывезены здалёк гаршчок з кветкай можа мець у сабе маленькіх чарвякоў, якія не сустракаюцца ў мясцовых экасыстэмах. Аднак калі аўтары скарысталіся данымі цывільнай навукі, сабранымі за больш як 12 гадоў, яны выявілі зусім нечаканых хаўрусьнікаў чарвякоў. У некаторых апісаных выпадках, чарвякоў знаходзілі наўпрост на поўсьці хатніх гадаванцаў, што можа тлумачыць прысутнасьць непажаданых гасьцей у месцах безь відавочных чалавечых паставак.
Цікава, што з прыкладна 10 інвазійных відаў у Францыі толькі адзін карыстаўся такім спосабам пераносу: Caenoplana variegata. Гэты аўстралійскі від напачатку 2000-х трапіў з дэкаратыўнымі расьлінамі ў Вялікую Брытанію, а потым на кантынэнтальную частку Эўропы. Паўтары гады таму яго ўпершыню зафіксавалі ў Нямеччыне, і гэта пакуль апошняя вядома краіна. C. variegata не нясе небясьпеку для чалавека, але пагражае экасыстэмам, бо ня мае натуральных ворагаў. Гэтыя інвазійныя чарвякі маюць надзвычай ліпкую сьлізь, што пужае патэнцыйных ворагаў, а таксама могуць размнажацца бясполым спосабам.
Навукоўцы мяркуюць, што цяпер можна будзе нейкім чынам запаволіць інвазыю C. variegata.
Малекулярная памяць імунітэту аказалася мацнейшай за гены
Пандэмія COVID-19 выразна паказала, што адзін і той жа вірус адбіваецца на людзях зусім па-рознаму: ад лёгкіх сымптомаў застуды да крытычнага стану. Новае дасьледаваньне ў Nature Genetics дае дакладнае тлумачэньне гэтай розьніцы. Прычына ня толькі ў спадчыннасьці, але й у «малекулярнай памяці» нашага жыцьцёвага досьведу, што зафіксавана ў эпігеноме імунных вузаў.
Дасьледнікі склалі падрабязную эпігенэтычную мапу, якая дэманструе, што генэтыка й імунны досьвед (перанесеныя інфэкцыі, вакцынацыя, уплыў навакольнага асяродзьдзя) па-рознаму праграмуюць канкрэтныя тыпы імунных вузаў. Для гэтага аўтары вывучылі ўзоры крыві 110 чалавек, аналізуючы T- і B-лімфацыты, монацыты й натуральныя кілеры.
Такім чынам высьветлілася, што зьмены, вызначаныя генамі, найперш кранаюць трывалыя вузы імуннай памяці (T- і B-лімфацыты, аснова для доўгатэрміновага імунітэту). А вось «набыты» досьвед уплывае на гнуткія рэгулятарныя зоны геному, якія адказваюць за імгненную рэакцыю на пагрозы (монацыты й натуральныя кілеры).
Гэтае дасьледаваньне ўпершыню дазволіла выразна адмежаваць эпігенэтычныя маркёры спадчыннасьці ад тых, што зьявіліся на працягу жыцьця. Выходзіць, што гены задаюць фундамэнт імуннай сыстэмы, а жыцьцёвы досьвед тонка наладжвае ейную працу пад канкрэтныя выклікі. Такі падыход здольны стаць асновай для сапраўднай пэрсаналізаванай мэдыцыны: ад прагназаваньня цяжкасьці хваробы да кропкавага лячэньня яшчэ да таго, які праявяцца першыя сымптомы.
Кета-дыета справакавала ў маладога мужчыны кета-сып
Пераход на кета-дыету можа радыкальна зьмяніць арганізм, і часам зусім ня так, як чакаецца. Лекары апісалі ў New England Journal of Medicine выпадак 20-гадовага мужчыны, у якога празь некалькі тыдняў пасьля пачатку кет-дыеты зьявіліся інтэнсыўныя высыпаньні на грудзях і шыі. Нягледзячы на трывожны выгляд, стан аказаўся адносна бясьпечным і добра паддаецца лячэньню пры ўмове, што пацыент выходзіць з кета-дыеты.
Захворваньне вядомае як пігмэнты сьверб, але найчасьцей яго называюць проста кета-сыпам. Яно цесна зьвязанае з мэтабалічным станам кетозам, калі арганізм замест глюкозы пачынае спальваць тлушч. Сып звычайна пачанаецца з дробных чырванаватых вузельчікаў, якія паступова ўтвараюць характэрныя сеткападобныя патэрны. Чаму менавіта кетоз выклікае такую рэакцыю, да канца не зразумела, але зьява застаецца выключна рэдкай. Так, да 2019 году ва ўсім сьвеце было задакумэнтавана толькі 300 выпадкаў.
Высокі тэстастэрон у крыві зьвязалі з павышанай рызыкай ішэмічнай хваробы сэрца ў мужчын
Высокія ўзроўні тэстастэрону ў крыві могуць павышаць рызыку ішэмічнай хваробы сэрца (ІХС) у мужчын, вынікае зь нядаўна апублікаванага ў The Journal of Clinical Endocrinology & Metabolism дасьледаваньня. Вынікі набываюць асаблівую актуальнасьць на тле стабільна высокай цікаўнасьці да тэстастэронавай тэрапіі па ўсім сьвеце. Апроч лячэньня клінічнага гіпаганадызму, гарманальныя прэпараты часта выкарыстоўваюцца для паляпшэньня спартовых паказьнікаў, набору мускульнай масы й як сродак "супраць старэньня".
Каб ацаніць прычынна-выніковую сувязь паміж тэстастэронам і хваробамі сэрца, каманда выкарыстала мэтад мэндэлеўскай рандамізацыі – аналіз генэтычных варыянтаў, якія натуральным чынам вызначаюць узровень гармонаў у крыві. Навукоўцы выкарысталі для гэтага даныя больш за 1.4 млн чалавек.
Аказалася, што мужчыны з генэтычна высокім узроўнем палавога гармону мелі на 17% большую рызыку разьвіцьця хваробы сэрца. Гэта азначае рост пажыцьцёвай рызыкі ІХС з 7.3% да 8.5%. Часткова такі эфэкт тлумачыцца высокім артэрыяльным ціскам, які падвышаецца ўсьлед за тэстастэронам. У жанчын выразнай сувязь не знайшлі.
Цікава, што ў папярэдніх назіральных дасьледаваньнях, вынікі былі адваротнымі: там нізкі ўзровень тэстастэрону быў фактарам рызыкі хваробаў сэрца. Але цяпер відавочна, што вынікі маглі быць скажонымі спадарожнымі фактарамі, такімі як дыябэт і атлусьценьне, якія адначасова зьніжаць узровень тэстастэрону й павышаюць рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў.
Аўтары падкрэсьліваюць, што пры мэдычных паказаньнях карысьць тэстастэронавай тэрапіі, імаверна, перакрывае рызыкі. Аднак выкарыстаньне гармону без выразнай патрэбы можа мець доўгатэрміновыя наступствы для здароўя сэрца.
CRISPR пазбавіць грэйпфруты гаркаты й дапаможа ім пераехаць у Эўропу
Ізраільскія навукоўцы пасьпяхова выкарысталі тэхналёгію генэтычнага рэдагаваньня CRISPR, каб адключыць гаркаваты прысмак грэйпфрутаў. Гэтае адкрыцьцё можа ня толькі зьмяніць гастранамічныя прыхільнасьці людзей, але й выратаваць сусьветную цытрусавую індустрыю, дазволіўшы перавесьці плянтацыі ў краіны з халоднымі зімамі.
Гарката грэйпфрута абумоўліваецца наяўнасьцю нарынгіну й двух падобных злучэньняў, якія сынтэзуюцца спэцыфічным фэрмэнтам ва ўсіх органах расьліны. Цяпер дасьледчая каманда змагла знайсьці й дэзактываваць адпаведны фэрмэнту ген у расьлінных вузах. Адрэдагаваныя грэйпфруты ўжо растуць, але пладоў давядзецца чакаць яшчэ колькі гадоў. Аднак аўтары ўжо перакананыя ў тым, што плады ня будуць горкімі, бо ў лісьцях адсутнічаюць «горкія» злучэньні.
Праўда шлях новай садавіны да прылаўкаў будзе складаным праз асаблівасьці законаў і тэхналёгіі вытворчасьці. Каб хутка вызначыць, у якіх менавіта вузах рэдагаваньне прайшло пасьпяхова, навукоўцы выкарыстоўваюць «ген-маркёр». Такі генэтычны маяк дазваляе не чакаць пакуль расьліна вырасьце, а ўжо на раньніх стадыях адбракоўваць парасткі, у якіх рэдагаваньне пайшло ня так. Аднак гэта істотна ўскладняе сэртыфікацыю гатункаў нават у краінах з больш ляяльнымі да ГМА законамі. Зараз каманда працуе над больш маруднай, але «чыстай» працэдурай без выкарыстаньня маркёраў, што адкрые новаму гатунку грэйпфрута рынкі ЗША і Японіі.
Акрамя паляпшэньня смаку, праца мае й стратэгічнае значэньне. Зараз цытрусавыя плянтацыі ў субтрапічных рэгіёнах зьнішчаюцца бактэрыяльнай хваробай, якая завецца пазеляненьнем цытрусавых. Бактэрыі-узбуджальнікі пераносяцца вусякамі, якія ня могуць выжыць у халодных рэгіёнах, але марозаўстойлівыя цытрусы амаль неядомыя праз экстрэмальную гаркату. І натуральная сэлекцыя тут не дае вынікаў (30 гадоў на адну спробу), бо ўсе цытрусавыя маюць надта складаную генэтыку, таму толькі рэдагаваньне генаў дазволіць хутка стварыць марозаўстойлівыя й смачныя гібрыды, якія змогуць расьці ў тым ліку й на поўначы Эўропы.
У мышыных мазгах знайшлі пераключальнік сацыяльных паводзін, які па-рознаму працуе ў самцоў і самак
Навукоўцы выявілі раней невядомы клястар нэрвовых вузаў у мазгах мышэй. Гэтая група нэўронаў можа тлумачыць адрозьненьні ў сацыяльных паводзінах паміж самкамі й самцамі. Яна месьціцца ў мэдыяльнай мігдаліне, якая адказвае за эмоцыі, сацыяльныя сыгналы й рэпрадукцыю. Выяўлены модуль працуе як бінарны пераключальнік (укл/выкл). У самак ён застаецца актыўным амаль заўсёды, а ў самцоў звычайна маўчыць і ўключаецца толькі пасьля важных зьменаў у сацыяльным або рэпрадуктыўным стане.
Дасьледаваньне з часопісу Proceedings of the National Academy of Sciences паказвае, што да палавога сасьпяваньня актыўнасьць гэтай зоны ў абодвух палоў аднолькавая. Аднак пасьля сталеньня ў самцоў яна зьнікае й вяртаецца толькі падчас сэксуальнага кантакту. Такі рэзкі кантраст вылучаецца сярод большасьці вядомых нэўрабіялягічных адрозьненьняў. Звычайна яны выглядаюць як паступовыя зьмены, што часта перакрываюцца ў розных групах. Але ў гэтым выпадку назіраецца жорсткае правіла, якое не тлумачыцца выключна ўзроўнямі палавых гармонаў.
Аўтары высьветлілі, што актыўнасьць згаданага клястара ў самцоў можа зьмяняцца пад уплывам рэпрадуктыўнага досьведу. Мазгі нібыта пераключаюць унутраны стан у адказ на новыя этапы жыцьця. Імаверным мэханізмам такіх зьменаў навукоўцы называюць уплыў праляктыну. Гэты гармон рэгулюе сацыяльныя й бацькоўскія паводзіны. На думку аўтараў, знаходка можа стаць ключам да разуменьня таго, як фармуюцца адрозьненьні ў прывязанасьці й чаму псыхалягічныя станы праяўляюцца ў мужчын і жанчын па-рознаму.
Пазяханьне назвалі складаным мэханізмам прамываньня мазгоў
Дасьледнікі з арганізацыі Neuroscience Research Australia высьветлілі, што пазяханьне ёсьць высокаарганізаваным працэсам вываду вадкасьцяў з галаўных мазгоў. Выкарыстоўваючы магнітна-рэзанансную тамаграфію, навукоўцы пабачылі нэўрагідраўлічныя працэсы, якія кардынальна адрозьніваюцца ад звычайнага дыханьня.
У навуковым сьвеце доўгі час вядуцца спрэчкі пра прызначэньне эвалюцыйна старажытнага рытуалу, вядомага нам як пазяханьне. Таму каманда аўстралійскіх навукоўцаў пастанавіла зладзіць невялікі экспэрымэнт з удзелам 22 чалавек, і параўнаць стан арганізму падчас нармальнага дыханьня, пазяханьня, наўмыснага стрымліваньня пазяханьня й пры глыбокім прымусовым удыху. Вынікі, апублікаваныя на BioRxiv, аказаліся нечаканымі: у момант пазяханьня сьпіннамазгавая вадкасьць (ліквар) і вэнозная кроў пачынаюць рух з чэрапа да хрыбетніцы. У той час пры звычайным глыбокім удыху згаданыя вадкасьці звычайна цякуць у супрацьлеглых кірунках.
Аўтары кажуць, што сынхронны адліў падчас пазяханьня вызваляе крышачку месца ў чэрапе й гэта спрыяе прытоку сьвежай артэрыяльнай крыві ў мазгі. Паводле дадзеных МРТ, крывацёк праз сонную артэрыю ў гэты момант узрастае на 34%. Імаверна ў гэтым працэсе пампаваньня вадкасьцяў не апошнюю ролю граюць цягліцы шыі, язык і горла: яны каардынавана скарачаюцца, каб выцягнуць вадкасьць з мазгоў.
Цікава, што акрамя фізыялягічных паказьнікаў, навукоўцы выявілі «індывідуальны подпіс» пазяханьня. Напрыклад, траекторыя руху языка ў кожнага чалавека з досьледу аказалася ўнікальнай.
Хоць дакладная мэта такога гідраўлічнага ўсплёску яшчэ будзе вывучацца, аўтары схіляюцца да дзьвюх асноўных вэрсыяў. Першая – гэта звычайная тэрмарэгуляцыя, якая дазваляе крыху зьнізіць тэмпэратуру ў мазгах, а другая – ачышчэньне тканак ад нэўрахімічных адходаў, такіх як адэназін, які назапашваецца падчас нашай актыўнасьці й потым выклікае пачуцьцё стомы.
Сярод незалежных экспэртаў абедзьве вэрсыі знайшлі падтрымку, але незалежна ад таго, якая зь іх сьцьвердзіцца, вы зараз добра так «перазапусьцілі» свае мазгі калі пазяхалі, чытаючы гэты допіс.
Цысты таксаплязмы аказаліся сапраўдным каардынацыйным цэнтрам інфэкцыі
Навукоўцы з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Рывэрсайдзе выявілі, што паразыт Toxoplasma gondii, якім інфікаваная прыкладна траціна насельніцтва Зямлі, арганізуе сваё выжываньне ў целе гаспадара значна складаней, чым дапускалася раней. Дасьледаваньне, апублікаванае ў часопісе Nature Communications, тлумачыць, чаму хранічную інфэкцыю дагэтуль немагчыма вылечыць стандартнымі прэпаратамі.
Традыцыйна ўважалася, што пасьля трапляньня ў арганізм (недасмажанае мяса, забруджаная глеба, каціны кал) таксаплязма фармуе ў мазгах і мускульных тканках інэртныя мікраскапічныя цысты. Навукоўцы меркавалі, што паразыты ўнутры іх знаходзяцца аднародным стане спакою, чакаючы паслабленьня імунітэту гаспадара. Аднак прасунутыя тэхналёгіі аналізу РНК адзіночных вузаў дазволілі камандзе абвергнуць гэты міт.
Высьветлілася, што кожная цыста, памерам да 80 мікронаў, зьяўляецца сапраўдным біялягічным цэнтрам. Унутры яе існуюць як мінімум пяць розных субтыпаў паразыта (брадызоітаў). Кожная група выконвае выключна сваю ролю: адны адказваюць за доўгатэрміновае выжываньне, другія – за распаўсюд, а трэція запраграмаваныя, напрыклад, на хуткую рэактывацыю.
Асаблівую небясьпеку T. gondii уяўляе падчас цяжарнасьці, ббо можа выклікаць сурʼёзныя пашкоджаньні плода, а ў людзей з імунадэфіцытам рэактывацыя цыстаў прыводзіць да пашкоджаньняў мазгоў і страты зроку.
Адкрыцьцё функцыянальнай неаднароднасьці паразыта тлумачыць няўдачы папярэдніх спробаў стварыць лекі. Усе актуальныя прэпараты ўзьдзейнічаюць толькі на формы, якія хутка дзеляцца, ігнаруючы тыя групы, што знаходзіцца ў цысьце. Цяпер дасьледнікі маюць дакладныя генэтычныя мішэні, што дазваляе распачаць распрацоўку больш кропкавай тэрапіі для поўнага выкараненьня інфэкцыі ў людзей.
У мозачку знайшліся моўныя функцыі
Мозачак, невялікі аддзел галаўных мазгоў, які доўгі час уважаўся адказным выключна за рухі й каардынацыю, аказаўся непасрэдна ўцягнутым у апрацоўваньне мовы. Новая публікацыя ў часопісе Neuron паказала, што гэтая частка мазгоў мае спэцыялізаваную моўную сыстэму.
Фундамэнтам для такіх высноў стаў вялікі аналіз даных фМРТ, сабраных цягам амаль 15 гадоў. Навукоўцы абʼядналі вынікі сканаваньняў мазгоў 846 чалавек і прааналізавалі, як зьмянялася актыўнасьць мозачку, калі ўдзельнікі/удзельніцы чыталі тэксты або слухалі гісторыі. Для параўнаньня выкарыстоўваліся й іншыя задачы, такія як праслухоўваньне музыкі, прагляд нямых фільмаў і рашэньне матэматычных раўнаньняў.
Дасьледаваньне выявіла чатыры зоны ў правай паўсфэры мозачку, якія актывуюцца падчас моўных задач. Тры зь іх рэагавалі й на іншыя віды інтэлектуальнай актыўнасьці, але адна аказалася выразна выбіральнай. Напрыклад, яна ўключалася толькі тады, калі чалавек меў справу са словамі, то бок падчас чытаньня й праслухоўваньня гісторый. Ні музыка, нават складаная па структуры, ні матэматыка гэтую зону не цікавілі. Агулам гэтая моўная сетка мозачку функцыянальна нагадвае клясычныя моўныя цэнтры нэакортэксу, разьмешчаныя ў левай паўсфэры «вялікіх» мазгоў.
Пакуль застаецца незразумелым прызначэньне новай моўнай сеткі, але вывучэньнем гэтага зоймуцца адмыслоўцы ў дасьледаваньнях мозачку й мовы, якія раней існавалі амаль асобна.
Дрэвы каля дому зьнізілі частату хваробаў сэрца
Колькасьць зялёных расьлін у раёне пражываньня часта называюць простым маркёрам «здаровага асяродзьдзя», але новае дасьледаваньне паказала, што важна ня толькі колькі расьлін вакол, але й якія гэта расьліны. Каманда эпідэміёляга Пэтэра Джэймза з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Дэйвісе выявіла, што сэрцава-судзінныя захворваньні сустракаюцца радзей там, дзе на вуліцах бачна шмат дрэваў, і часьцей – у месцах, дзе на панарамах дамінуе трава альбо іншыя тыпы азеляненьня гораду. Вынікі апублікаваныя ў часопісе Environmental Epidemiology.
Аналіз паказаў простую й выразную тэндэнцыю: у раёнах, дзе на вуліцах відаць больш дрэваў, людзі радзей пакутуюць ад сэрцава-судзінных захворваньняў. А вось у тых раёнах, дзе асноўнае азеляненьне складалася з травы, кустоў і кветнікаў, рызыка праблемаў з сэрцам аказалася вышэйшай. Пры там такія сувязь захоўваліся незалежна ад шчыльнасьці насельніцтва, узроўню даходаў, якасьці паветра й нават агульнай колькасьці расьліннасьці, вызначанай паводле спадарожнікавых здымкаў. То бок, для здароўя сэрца важная ня проста «зялёнасьць» асяродзьдзя, а менавіта дрэвы, якія чалавек бачыць штодня.
Усьмешкі, прафэсіі й практычнасьць: як зьмяняюцца беларускія могілкі
Беларускія могілкі сталі люстэркам сучасных уяўленьняў пра жыцьцё, сьмерці й памяць. Да такой высновы прыйшоў этноляг Сяргей Грунтоў, які прааналізаваў зьмены ў пахавальнай культуры краіны.
У артыкуле, апублікаваным у Ethnologia Polona, аўтар адзначае рост папулярнасьці партрэтаў з усьмешкамі, што адлюстроўвае жаданьне сваякоў захаваць вобраз памерлых «жывым». Таксама на надмагільлях усё часьцей зьяўляюцца прыкметы прафэсій, што падкрэсьлівае значэньне працы ў ідэнтычнасьці беларусаў і беларусак.
Яшчэ адна выразная тэндэнцыя – зьнікненьне традыцыйных насыпаў над пахавальнай ямай (курганы). Цяпер замест іх часьцей выкарыстоўваюць каменныя пліты, што спрашчае догляд магілы, але аслабляе традыцыйныя рытуалы памяці.
Падгледжана тут
Сэксуальны поцяг вызначаецца жыцьцёвымі абставінамі, а не ўнівэрсальнымі біялягічнымі нормамі
Вялікае дасьледаваньне з удзелам дзясяткаў тысяч чалавек нечакана аспрэчыла ўстойлівы міт пра мужчынскі сэксуальны поцяг. Аказалася, што ў мужчын ён дасягае свайго піку не ў падлеткавым веку й не пасьля 20 гадоў, а ў пэрыяд 30-40 гадоў. Таксама аналіз паказаў, што базавыя дэмаграфічныя фактары тлумачаць каля 28% адрозьненьняў ва ўзроўнях сэксуальнага поцягу ў людзей, і гэта без уліку псыхалягічных ці партнэрскіх аспэктаў.
Асновай для такіх вынікаў сталі зьвесткі з Эстонскага Біябанку. У выбарку трапіла крыху больш за 67 тысяч чалавек, што складае каля 7% усяго дарослага насельніцтва краіны ў веку ад 18 да 89 гадоў. Дасьледнікі зьбіралі ўласныя ацэнкі сэксуальнага поцягу ўдзельнікаў і ўдзельніц, а потым супаставілі атрыманыя адказы з інфармацыяй пра век, пол, сэксуальную арыентацыю, сямейны стан, колькасьць дзяцей, адукацыю й г.д. Такі маштаб дапамогу выявіць устойлівыя заканамернасьці, якія раней губляліся ў меншых выбарках.
Агульная тэндэнцыя паказала, што сэксуальнае хаценьне зьніжаецца зь векам ва ўсіх, аднак у жанчын гэты спад адбываецца больш рэзка. Важную ролю адыгрывае й наяўнасьць дзяцей, прычым уплыў тут розны. Напрыклад, у жанчын большая колькасьць дзяцей зьвязаная зь ніжэйшым узроўнем поцягу, а вось мужчыны зь вялікімі семʼямі, наадварот, часьцей паведамлялі пра імкненьні да больш актыўнага сэксуальнага жыцьця.
Таксама паведамляецца, што найвышэйшыя паказьнікі хаценьня фіксаваліся ў людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе яе бі- і пансэксуалы.
Аўтары публікацыі падкрэсьліваюць, што гэтыя вынікі маюць ня толькі навуковае, але й практычнае значэньне. Яны могуць дапамагчы зьнізіць трывогу ў людзей, якія ўспрымаюць зьмены ў сваім сэксуальным жыцьці як прыкмету хваробы, а таксама стаць карысным інструмэнтам для сямейных псыхолягаў і кансультантаў.
Старыя лекі й новая надзея. Віагра можа стаць добрым сродкам у барацьбе з хваробаю Альцгаймэра
Навукоўцы ўсё часьцей шукаюць шляхі да барацьбы з дэменцыяй не ў распрацоўцы «цудадзейнага сродку» з нуля, а ў пераасэнсаваньні ўжо існых лекаў. Напрыклад, каманда навукоўцаў у Вялікай Брытаніі апублікавала вынікі сваіх пошукаў у Alzheimerʼs Research and Therapy, дзе вызначыла тры ўжо вядомыя й правераныя часам прэпараты, якія могуць мець патэнцыял у прафіляктыцы й лячэньні хваробы Альцгаймэра.
Хвароба Альцгаймэра складае больш за палову ўсіх выпадкаў дэменцыі й дагэтуль ня мае эфэктыўнага лячэньня, нягледзячы на дзесяцігодзьдзі актыўнага вывучэньня. Запавольвае пошукі лекаў і тое, што стварэньне новых прэпаратаў займае 10-15 гадоў і каштуе мільярды. Пры гэтым большасьць патэнцыйных кандыдатаў так і не даходзіць да стадыі клінічных выпрабаваньняў. Таму перапрафіляваньне лекаў, калі ўжо вядомы й адносна бясьпечны сродак знаходзіць новае прымяненьне, ёсьць адным з найбольш рэалістычных сцэнароў.
Адмыслоўцы распачалі пошук сярод актуальных лекаў, якія ўплываюць на біялягічныя працэсы, зьвязаныя з Альцгаймэрам, і бясьпечныя для пажылых людзей. Агулам назьбіралася ажно 80 прэпаратаў. Наступны аналіз эфэктыўнасьці й вынікаў дасьледаваньняў на вузах і жывёлах дазволіў вылучыць трох прыярытэтных кандыдатаў.
Самы моцны сыгнал паказала вакцына ад апаясвальнага лішаю Zostavax. Існуе ўсё больш доказаў таго, што вірусныя інфэкцыі й рэакцыі імуннай сыстэмы могуць уплываць на рызыку дэменцыі. Паводле папярэдніх назіраньняў, людзі, якія атрымалі гэтую вакцыну, на 16% радзей сутыкаліся з дэменцыяй. Сама вакцына мае доўгую гісторыю выкарыстаньня й патрабуе толькі 1-2 дозы, што робіць яе найбольш прывабнай для маштабных выпрабаваньняў.
Другім кандыдатам стаў сільдэнафіл, больш вядомы пад брэндам Viagra. Паводле экспэрымэнтаў, ён можа абараняць нэрвовыя вузы, паляпшаць крывябег у мазгах і запавольваць назапашваньне таў-бялку (ключавы маркёр хваробы). Трэцім стаў лек ад бакавога аміатрафічнага склерозу (Riluzole). Ён таксама зьніжаў узровень таў-бялкоў і паляпшаў кагнітыўныя функцыі ў досьледах на жывёлах.
Наступным крокам пошукаў лекаў ад дэменцыі стануць маштабныя выпрабаваньні згаданых прэпаратаў, каб спраўдзіць, ці працуе такіх падыход на людзях. Зрэшты, гісторыя мэдыцыны ўжо ведае ўдалы прыклад перапрафіляваньня лекаў. Згадаць той жа асьпірын, які з абязбольвальнага стаў сродкам для прафіляктыкі інсультаў і інфарктаў.
Навукоўцы з Сынгапуру выявілі ключавы малекулярны мэханізм, які можа аднавіць здольнасьць мазгоў да самаабнаўленьня нават у сталым веку
У дасьледаваньні, апублікаваным у Science Advances, паказана, што транскрыпцыйны фактар DMTF1* адыгрывае ключавую ролю ў падтрыманьні актыўнасьці нэрвовых ствалавых вузаў. Менавіта зь іх разьвіваюцца новыя нэўроны, неабходныя для навучаньня й памяці, але зь векам гэтыя ствалавыя вузы паступова губляюць здольнасьць да самааднаўленьня. Як вынік, у сталых людзей назіраецца выразнае зьніжэньне кагнітыўных функцый.
Дасьледнікі выявілі, што ў «старых» нэрвовых ствалавых вузах узровень DMTF1 даволі нізкі. Аднак штучнае аднаўленьне экспрэсіі гэтага бялку прыводзіла да аднаўленьня рэгенэрацыйнай здольнасьці вузаў. Мэханізм дзеяньня DMTF1 зьвязаны з актывацыяй дапаможных генаў, якія «разьмякчаюць» шчыльна ўпакаваную ДНК і дазваляюць уключыцца генам росту. Без гэтага працэсу ствалавыя вузы ня могуць эфэктыўна дзяліцца й падтрымліваць аднаўленьне мазгавых тканак.
Атрыманыя вынікі адкрываюць пэрспэктывы для распрацоўваньня новых падыходаў да запавольваньня кагнітыўнага спаду. Паводле аўтараў, кропкавае ўзмацненьне актыўнасьць DMTF1 можа стаць асновай для будучых тэрапій, накіраваных на захаваньне памяці й навучальных здольнасьцяў у сталы веку. Што праўда, перад гэтым трэба высьветліць, ці можна бясьпечна стымуляваць гэты мэханізм без рызыкі пабочных эфэктаў.
Бялок DMTF1 (Cyclin D-binding Myb-like transcription factor 1) ёсьць важным транскрыпцыйным фактарам, які ахоўвае геном і нармальнае разьвіцьцё вузаў. Ён рэгулюе адказ вузы на стрэс і пашкоджаньні ДНК, а таксама стрымлівае празьмернае размнажэньне, то бок, перадухіляе зьяўленьне пухлінаў.Читать полностью…
Сьвячэньне мікраплястыку дапаможа выратаваць антарктычную мошку
Нават у самых ізаляваных кутках плянэты плястыкавае забруджваньне стала часткай мясцовых экасыстэм. Міжнародная каманда дасьледнікаў кагадзе выявіла, што адзіны «карэнны» від вусякоў Антарктыды – дробная мошка Belgica antarctica – ужо спажывае мікраплястык. Вынікі працы, апублікаваныя ў Science of the Total Environment, сталі першым сьведчаньнем наяўнасьці мікраплястыку ў целах антарктычных істот.
Лярвы B. antarctica памерам з рысавае зерне жывуць у вільготных імхах і перапрацоўваюць арганіку ў далікатнай глебавай экасыстэме. Лябараторныя экспэрымэнты паказалі, што нават пры высокіх канцэнтрацыях мікраплястыку выжывальнасьць вусякоў не зьніжаецца. Аднак быў выяўлены прыхаваны эфэкт: у лярваў істотна скарачаліся тлушчавыя запасы, што крытычна для выжываньня ў экстрэмальным холадзе. Хоць у дзікай папуляцыі знайшлі пакуль толькі адзінкавыя часьцінкі, гэта выразны сыгнал трывогі.
Зь іншага боку, пакуль тое, што адбываецца зь мікраплястыкам у арганізьме, застаецца ў значнай ступені невядомым. Сучасныя мэтады аналізу патрабуюць разбурэньня тканак і даюць толькі статычны «імгненны здымак» сытуацыі. Каб разьвязаць гэтую праблему, другая група навукоўцаў распрацавала флюарэсцэнтную мэтодыку, якая дазваляе назіраць мікраплястык у рэальным часе.
Замест звычайнага пакрыцьця часьцінак фарбавальнікам, дасьледнікі ўбудавалі флюарэсцэнтныя кампанэнты наўпрост у малекулярную структуру плястыку. Гэтая тэхналёгія дазваляе атрымліваць устойлівае сьвячэньне, якое не зьнікае нават у складаным біялягічным асяродзьдзі. Такі падыход дае магчымасьць адсочваць увесь «жыцьцёвы цыкль» мікраплястыку – ад трапляньня ў арганізм да канчатковага распаду.
Дынамічнае назіраньне дапаможа лепш зразумець, як плястык узаемадзейнічае з вузамі й органамі жывых істот, а таксама ацаніць рэальныя рызыкі для здароўя й экалёгіі.
У лёгкіх жанчыны з 18 стагодзьдзя знайшлі найстаражытнейшы вірус звычайнай прастуды
Навукоўцы ідэнтыфікавалі прастудны вірус, які інфікаваў жыхарку Лёндану каля 250 гадоў таму. Знаходка аказалася найстаражытнейшым пацьверджаным РНК-вірусам чалавека й стала магчымай дзякуючы вывучэньню гістарычных узораў тканак. Такі падыход значна пашырае межы таго, што навука можа даведацца пра мінулыя інфэкцыі.
Генэтычны аналіз паказаў, што ідзецца пра рынавірус, узбуджальнік звычайнай прастуды, ягоная РНК звычайна распадаецца ўжо празь некалькі гадзін пасьля сьмерці. Таксама захоўваньне ўзораў тканак у фармаліне ня толькі разбурае ацалелыя малекулы РНК, а яшчэ ўтварае хаатычную сетку з фрагмэнтаў бялкоў і РНК, таму пра такі тып вірусаў вядома мала.
Дасьледчая каманда з Fred Hutchinson Cancer Center шукала старажытную РНК ў патолягаанатамічных калекцыях Эўропы. Ва ўнівэрсытэце Глазга ім удалося знайсьці ўзоры лёгкіх, захаваныя ў сьпірце: адзін ад жанчыны, якая памерла ў 1770-х гадах, а другі ад нявызначанай асобы, памерлай у 1877-м годзе. Нягледзячы на моцную фрагмэнтацыю – вірусная РНК разьбілася на кавалкі па 20 нуклеатыдаў, хоць уся малекула ў сярэднім складаецца з 1000 – аўтарам удалося сабраць поўны геном рынавірусу з узору 18 ст. і выявіць прыкметы бактэрыяльных інфэкцый дыхальных шляхоў.
Наступнае параўнаньне адноўленага геному з базамі дадзеных паказала, што старажытны вірус належыць да групы чалавечага рынавірусу А й ёсьць вымерлай лініяй, набліжанай да сучаснага генатыпу А19 (тыповы прадстаўнік рынавірусаў). Паводле ацэнак, агульны продак абодвух вірусаў існаваў у 17 ст. Дасьледаваньне таксама дэманструе, што «вільготныя» калекцыі, створаныя да эпохі фармаліну, могуць захоўваць каштоўную малекулярную інфармацыю.
Дрожджы гатовыя да палёту на Марс, а Маску больш цікавы Месяц
Дрожджы аказаліся значна больш устойлівымі да экстрэмальных умоваў, чым меркавалася раней. Індыйскія дасьледнікі паказалі, што гэтыя простыя арганізмы здольныя выжываць пад узьдзеяньнем стрэсаў, падобных да тых, што існуюць на Марсе, уключаючы моцныя ўдарныя хвалі, аналягічныя мэтэарытным ударам, і таксычныя злучэньні з марсіянскага грунту.
У досьледах жывых дрожджаў падвяргалі ўзьдзеяньню ўдарных хваляў хуткасьцю да 1921 м/с, а таксама апрацоўвалі пэрхляратам натру. Нягледзячы на экстрэмальны ціск і хэмічную агрэсію, вузы захоўвалі жыцьцяздольнасьць, хоць іхні рост і запавольваўся. Навукоўцы зьвязваюць гэтую фэнамэнальную ўстойлівасьць з утварэньнем адмысловых рыбануклеапратэінавых кандэнсатаў, якія дапамагаюць абараняць і перабудоўваць мРНК падчас стрэсу.
Атрыманыя вынікі сьведчаць, што падобныя малекулярныя структуры могуць служыць біялягічнымі маркёрамі выжываньня ў пазазямных умовах. Дасьледаваньне падкрэсьлівае патэнцыял дрожджаў як мадэльнага арганізму ў астрабіялёгіі й можа дапамагчы ў распрацоўцы біясыстэмаў для будучых касьмічных місіяў.
Аднак, пакуль навука знаходзіць спосабы выжываньня ў далёкім космасе, прагматыка бярэ сваё. Ілан Маск, які доўгі час лічыў Месяц «несурʼёзнай» мэтай і заклікаў факусавацца выключна на чырвонай плянэце, раптам зьмяніў рыторыку. Нягледзячы на старыя абяцаньні адправіць людзей на Марс недзе каля 2026 году, сёньня SpaceX усё больш засяроджваецца на стварэньні месяцовага гораду. На гэты праект спатрэбіцца як мінімум дзесяцігодзьдзе, што фактычна адсоўвае марсіянскую мару ў няпэўную будучыню.
Мазгі немаўлят аказаліся значна менш хаатычнымі, як уважалася больш за стагодзьдзе. Новыя дасьледаваньні паказалі, што ў першыя тыдні жыцьця дзеці здольныя ўпарадкоўваць візуальны сьвет і лавіць рытм музыкі.
У першым дасьледаваньні аўтары ўпершыню зладзілі фМРТ-сканаваньне больш як сотні 2-месячных немаўлят у стане няспаньня й выявілі, што мазгавая вобласьць, якая адказвае за распазнаваньне абʼектаў, працуе цалкам як ў дарослых. Так, вэтральная зрокавая кара ўжо выразна адрозьнівала катэгорыі — жывёлаў, ежу й побытавыя прадметы, што супярэчыць уяўленьню пра паступовае фармаваньне гэтых здольнасьцяў.
Другое дасьледаваньне паказала, што менш чым праз двое сутак пасьля нараджэньня, мазгі немаўлят могуць сачыць за рытмам музыкі. Навукоцы тут прайгравалі дзецям арыгінальныя й зьмененыя творы Баха, фікусуючы мазгавую актыўнасьць з дапамогай ЭЭГ. Калі парушайся рытм, у мазгах імгненна ўзьнікаў сыгнал зьдзіўленьня, а вось зьмеы мэлёдыяў дзеці не заўважалі. Гэта значыць, што здольнасьць адчуваць рытм разьвіваецца вельмі рана, а вось адчуваньне мэлёдыяў фармуецца пазьней.
Дасьледнікі мяркуюць, што такая асымэтрыя зьяўляецца яшчэ ва ўлоньні: рытмічныя сыгналы, такія як біцьцё сэрца ці рухі маці, добра чутныя плоду, а вось дакладныя вышыні гукаў прыглушаюцца.
Уцёкі ад панікі. Інтэрвальны бег зьменшыў частату і інтэнсыўнасьць панічных атак
Навукоўцы з Унівэрсытэту Сан-Паўлу выявілі, што кароткія інтэнсыўныя прабежкі дапамагаюць змагацца з панічнымі разладамі лепш, чым клясычныя мэтады рэляксацыі. Дасьледаваньне, апублікаванае ў Frontiers in Psychiatry, паказвае, што фізычная актыўнасьць навучае мазгі адэкватна рэагаваць на пачашчанае сэрцабіцьцё й задышку.
Панічныя атакі – гэта ня толькі пачуцьцё страху, але й вострая рэакцыя вэгетатыўнай сыстэмы, якая праяўляецца болем у грудзях, задышкай і высокім пульсам. З часам пацыенты пачынаюць баяцца саміх фізычных адчуваньняў у сваім целе, памылкова ўспрымаючы іх як прыкметы сэрцавых спохватаў альбо сьмерці. Гэта прыводзіць да маларухомага ладу жыцьця й пазьбяганьня любых нагрузак. Каб разарваць гэтае кола, у псыхатэрапіі выкарыстоўваюць наўмыснае правакаваньне цялесных адчуваньняў у бясьпечных умовах.
Цяпер дасьледчая каманда спраўдзіла, як з гэтай задачай дае рады інтэрвальны бег. У экспэрымэнтах бралі ўдзел 102 чалавекі з панічнымі разладамі й агарафобіяй (боязь вялікіх прастораў, натоўпаў). Першая група цягам 12 тыдняў выконвала простыя трэнаваньні: пасьля 15-хвіліннага шпацыру ішоў 30-сэкундны спрынт, а затым яшчэ 15 хвілін хады. Колькасьць інтэрвалаў бегу паступова павялічвалася. Другая група практыкавала прагрэсыўную мускульную рэляксацыю паводле Джэйкабсана (паступовае напружаньне й расслабленьне розных групаў цягліц).
Вынікі паказалі, што бег эфэктыўна зьніжае частату й інтэнсыўнасьць панічных атак. На 24-тыдні назіраньня ў «бегавой» групе паказьнікі трывожнасьці й дэпрэсыі былі істотна ніжэйшымі, чымся ў групе рэляксацыі. Акрамя таго, фізычныя практыкаваньні аказаліся больш зручнымі для пацыентаў/пацыентак, бо іх прасьцей выконваць у грамадзкіх месцах падчас звычайнага шпацыру.
На думку аўтараў, кароткія ўсплёскі высокай фізычнай актыўнасьці прывучаюць арганізм да высокага пульсу падчас бегу, і чалавек перастае ўспрымаць падобныя сымптомы як небясьпечныя падчас панічнай атакі. Гэта дазваляе ня толькі палепшыць псыхічны стан, але й вярнуць людзей да актыўнага жыцьця.
Жанчына прывезла з вандроўкі па Галяпагоскіх астравах нечаканы сувэнір у воку
Падарожжа ў Паўднёвую Амэрыку абярнулася для 26-гадовай жыхаркі Вялікабрытаніі рэдкім клінічным выклікам: прычынай цяжкага каньюнктывіту аказаўся жывы паразыт. Гэты выпадак апісалі дасьледнікі з Чылі ў часопісе Emerging Infectious Diseases. Паводле аўтараў, пацыентка, імаверна, заразілася падчас наведваньня Галяпагоскіх астравоў (Эквадор). Хоць чарвяка выдалілі без ускладненьняў, навукоўцы папярэдзілі, што падобныя інфэкцыі ў рэгіёне могуць быць недаацэненыя.
Па дапамогу жанчына зьвярнулася ў Сантʼяга на дзявяты дзень пасьля зьяўленьня вострага болю, азызласьці й спэцыфічнага адчуваньня руху ў правым воку. Падчас агляду афтальмолягі выявілі ў каньюнктыве падоўжаную рухомую структуру, якую атрымалася выняць вільготным ватным тампонам. Маніпуляцыя прынесла імгненную палёгку, і за некалькі тыдняў пацыентка цалкам ачуняла. Мікраскапічны й генэтычны аналізы пацьвердзілі, што «госьцем» была трыматода Philophthalmus lacrymosus.
Гэтыя плоскія чарвякі маюць складаны жыцьцёвы цыкль: іхнімі канчатковымі гаспадарамі звычайна зьяўляюцца вадаплаўныя птушкі, а прамежкавымі – марскія сьлімакі. Аднак часам паразыты могуць інфікаваць і сысуноў, у тым ліку чалавека (звычайна праз кантакт з заражанай вадой). Інфэкцыі, выкліканыя Philophthalmus, сустракаюцца надзвычай рэдка. Так з 1939 году ў літаратуры зафіксавана ўсяго каля дзясятка выпадкаў. Аўтары мяркуюць, што P. lacrymosus зьяўляецца эндэмікам Галяпагосаў, таму для турыстаў гэты экзатычны «сувэнір» можа быць не такім ужо й выключным.
Азон сапсаваў пах мурашак і прымусіў калёнію нападаць на сваіх
Звычайныя забруджвальнікі паветра, такія як азон і аксыд азоту, здольныя зьмяняць пах мурашак так моцна, што суродзічы пачынаюць атакаваць іх, прымаючы за чужынцаў.
Мурашкі пазнаюць «сваіх» па ўнікальных хэмічных адбітках на целе. Звычайна такія адбіткі ёсьць сумесьсю арганічных злучэньняў, сярод якіх важную ролю адыгрываюць алькены. Аднак выкіды аўтатранспарту й прамысловасьці спрыяюць утварэньню азону, які актыўна ўступае ў рэакцыю з алькенамі й руйнуе іх. У выніку пах вусякоў трансфармуецца, а калёнія больш не пазнае сваіх чальцоў і пачынае агрэсыўна абараняць гняздо ад «інтэрвэнтаў».
Навукоўцы з Інстытуту хэмічнай экалёгіі Макса Плянка пацьвердзілі гэты фэномэн, пратэставаўшы шэсьць відаў мурашак у лябараторных умовах. Дасьледнікі на пэўны час зьмяшчалі асобных мурашак у камэры з рознымі канцэнтрацыямі азону, а потым вярталі ў гняздо. Пасьля маніпуляцыі, мурашы стабільна нападалі на сваіх «азанаваных» суродзічаў, нават калі тыя былі ў камэры зусім кароткі час. Акрамя таго, выявілася, што азон разбурае й іншыя сацыяльныя інстынкты. Напрыклад, дарослыя асобіны Ooceraea biroi пасьля кантакту з газам амаль не даглядалі сваіх лярваў.
Такі «збой камунікацыі» у дзікай прыродзе можа істотна зьніжаць жыцьцяздольнасьць калёній. Гэта ўскосна бʼе па ўсёй экасыстэме, бо мурашкі выконваюць ключавыя функцыі: ад рыхленьня глебы й распаўсюду насеньня, да падтрымкі складаных сувязяў зь іншымі арганізмамі.
Белыя мядзьведзі на Шпіцбэргене разьеліся на фоне скарачэньня ледзянога покрыва
Нарвэскі архіпэляг Шпіцбэрген ёсьць рэгіёнам, які найбольш хутка награваецца праз глябальныя зьмены клімату. Паводле навукоўцаў, паўночная частка Барэнцава мора награваецца прыкладна ў сем разуў хутчэй за сярэдні тэмп на плянэце, а лёд каля Шпіцбэргену трымаецца на два месяцы меней, чымся два дзесяцігодзьдзі таму. У выніку белым мядзьведзям праз страту натуральнага асяродзьдзя даводзіцца праплываць 200-300 км паміж паляўнічымі ўгодзьдзямі на лёдзе й выспамі, дзе яны робяць бярлогі й нараджаюць патомства. Але нядаўняе назіраньне за гэтымі драпежнікамі паказала, што яны парадаксальна павялічылі сваю сярэднюю вагу за за апошнія 20 гадоў.
Дасьледаваньне навукоўцаў з Нарвэскага палярнага інстытуту грунтуецца на назіраньнях 1995-2019 гадоў. За гэты пэрыяд адмыслоўцы ўсыпілі 770 мядзьведзяў, вымералі іхнюю даўжыню й ахоп грудзей, каб ацаніць вагу. Аналіз паказаў, што фізычны стан папуляцыі пагаршаўся да 2000 году, але потым пачаў раптоўна паляпшацца й рос да канца назіраньня. Аўтары мяркуюць, што скарачэньне плошчы лёду магло зрабіць кольчатых нэрпаў Pusa hispida (аснова рацыёну белых мядзьведзяў) больш даступнымі для паляваньня, а частка мясцовай папуляцыі мядзьведзяў увогуле перайшла на альтэрнатыўныя крыніцы харчаваньня. Адзначаецца, што ўсё часьцей мядзьведзяў заўважаюць за паляваньнем на іншых цюленяў, аленяў, маржоў і нават за рабаваньнем птушыных гнёздаў. Такія зьмены ў дыеце маглі паспрыяць набору вагі ў папуляцыі драпежнікаў, аднак гэты «плюс» можа быць часовым.
Забітая ў Кітаі жанчына аказалася генэтычнай «хімэрай» – у ейным целе знайшлі й XX, і XY вузы
Судова-мэдыцынская экспэртыза па справе ад забойстве ў Кітаі прывяла да гучнага біялягічнага адкрыцьця: ахвярай стала жанчына, чыё цела было мазаікай з мужчынскай і жаночай генэтыкі. У забітай жанчыны былі выяўлены розныя прапорцыі жаночых (XX) і мужчынскіх (XY) вузаў, разьмеркаваных па ўсіх органах і тканках арганізму. Гэты стан, вядомы як хімэрызм, у дадзеным выпадку быў выкліканы рэдкім працэсам апладненьня з удзелам трох гамэт.
Адкрыцьцё было зроблена пасьля таго, як аналіз крыві зь места злачынства паказаў наяўнасьць Y-храмасомы, нягледзячы на тое, што ахвяра анатамічна была жанчынай. Наступнае тэставаньне 18 розных тканак выявіла асаблівы генэтычны профіль. Так ныркі забітай мелі амаль роўныя прапорцыі мужчынскіх і жаночых вузаў, а некаторыя ўзоры валасоў генэтычна былі цалкам мужчынскімі. Навукоўцы мяркуюць, што жанчына разьвілася з адной заплодкавай вузы, аплодненай адначасова двума рознымі спэрматазоідамі.
Біёлягі адзначаюць, што, хоць хімэрызм часьцей узьнікае пры зьліцьці рознаяйцавых двайнят, ідэнтычнасьць X-храмасом у гэтым выпадку сьведчыць на карысьць менавіта «трыгамэтычнага» паходжаньня. Агулам гэта вельмі рэдкая зьява й звычайна вядзе да неадназначных плоцевых прыкмет, але тут ахвяра ня мела аніякіх прыкмет і выглядала як звычайная жанчына. Таксама паведамляецца, што ў яе быў сын, таму аўтары мяркуюць, што пра сваю асаблівасьць яна так і не даведалася пры жыцьці.
Два дні выключна на аўсяных крупах значна зьнізілі ўзровень кепскага халестэрыну
Двухдзённая дыета, заснаваная амаль цалкам на аўсянцы, можа нечакана хутка палепшыць ключавыя паказьнікі здароўя людзей з мэтабалічным сындромам (залішняя вага, падвышаны ціск, цукар і парушэньні ліпіднага абмену). Такі вынік атрымалі навукоўцы з Унівэрсытэту Бона, калі прапанавалі 68 удзельнікам/удзельніцам прайсьці праз інтэнсыўную фазу нізкакалярыйнай дыеты: два дні запар можна было есьці толькі аўсяную кашу на вадзе (300 г. на дзень) зь невялікай колькасьцю фруктаў і гародніны. Пры гэтым звычайная сутачная калярыйнасьць рацыёну скарацілася ўдвая. У кантрольнай групе людзі таксама трымаліся нізкакалярыйнай дыеты, але без аўса. Вынікі досьледаў былі апублікаваныя ў Nature Communications.
Нягледзячы на вельмі кароткі тэрмін, эфэкт аказаўся выразным і, што важна, захоўваўся да шасьці тыдняў пасьля досьледу. У «аўсянай» групе назіралася зьніжэньне LDL-халестэрыну (кепскі халестэрын) на 10%, што можа мець станоўчы эфэкт у прафіляктыцы атэрасклерозу й утварэньня тромбаў. Людзі таксама страцілі каля 2 кг. вагі за гэтыя дні, а артэрыяльны ціск хоць і зьнізіўся сьціпла, але статыстычна значна. Адзначаецца, што абедзьве дыеты далі пэўную карысьць для здароўя, але менавіта аўсяны варыянт аказаўся больш эфэктыўным.
Аўтары мяркуюць, што галоўным рухавіком апісаных зьменаў стаў кішэчны мікрабіём. Аўсянка дзейнічае ня проста як прадукт, а як субстрат для бактэрый: яны расшчапляюць яе й прадукуюць фэнольныя злучэньні, якія падтрымліваюць абмен халестэрыну ў арганізьме. Паралельна з гэтым актывуюцца іншыя мікраарганізмы кішэчніку, якія ўтылізуюць амінакіслату гістыдын, лішак якой часта зьвязваюць з разьвіцьцём інсулінарэзыстэнтнасьці. Апрача таго, прадукты распаду аўсу служаць энэргіяй для вузаў кішэчніка, што ўмацоўвае ягоную барʼерную функцыю.
Навукоўцы таксама спраўдзілі й больш мяккі варыянт з 80 г аўса штодня цягам 6 тыдняў і без абмежаваньня калярыйнасьці рацыёну. Вынік аказаўся таксама добрым, але не такім выразным. Таму ідэя пэрыядычных «аўсяных дзён» уважаецца патэнцыйна простым і танным спосабам падтрымкі здароўя й прафіляктыкі дыябэту ды сэрцава-судзінных праблем.
Штодзённыя размовы з ШІ павысілі рызыку дэпрэсыі ў некаторых людзей
Новае дасьледаваньне ў JAMA Network Open паказала, што штодзённае выкарыстаньне генэратыўнага штучнага інтэлекту (чат-ботаў) можа быць зьвязанае з больш высокім узроўнем дэпрэсыўных сымптомаў. Навукоўцы прааналізавалі даныя леташняга інтэрнэт-апытаньня 20 847 дарослых жыхароў ЗША і параўналі частату выкарыстаньня чат-ботаў з вынікамі па шкале дэпрэсыі PHQ-9, а таксама з узроўнямі трывожнасьці й раздражняльнасьці.
Штодня або часьцей ШІ выкарыстоўвалі каля 10% апытаных. Найчасьцей гэта мужчыны, а таксама тыя, хто мае вышэйшую адукацыю й добрыя заробкі. Важнай дэтальлю стала тое, што актыўныя карыстальнікі зьвяртаюцца да чат-ботаў пераважна для асабістых патрэб, а ня толькі для працы (14%) і вучобы (3.4%), і менавіта такое «асабістае» выкарыстаньне суправаджалася больш высокімі паказьнікамі дэпрэсыі.
Аўтары падкрэсьліваюць, што гэта толькі карэляцыя, а ня доказ прычыннасьці. Магчыма, чат-боты сапраўды пагаршаюць мэнтальны стан, але магчыма й адваротнае, калі людзі з дэпрэсыўнымі сымптомамі часьцей шукаюць падтрымкі ў ШІ.
Падрабязьней тут
Зямныя бактэрыі не вытрымалі нападу касьмічных вірусаў
Бактэрыі й вірусы, якія іх забіваюць, знаходзяцца ў працяглай эвалюцыйнай гонцы ўзбраеньняў: адны ўдасканальваюць сваю абарону, а другія шукаюць новыя спосабы атакі. Аднак ва ўмовах мікрагравітацыі, які паказалі аўтары дасьледаваньня з PLOS Biology, гэтая гонка ідзе зусім іншым шляхам. У публікацыі раскрываюцца ня толькі асаблівасьці жыцьця мікраарганізмаў у космасе, але й адкрываюцца нечаканыя пэрспэктывы ў барацьбе з устойлівымі да антыбіётыкаў інфэкцыямі на Зямлі.
Навукоўцы параўналі, як разьвіваюцца папуляцыі Escherichia coli і фага T7 на борце Міжнароднай касьмічнай станцыі й у наземных умовах. На Зямлі гравітацыя заўсёды прымушае вадкасьці перамешвацца, што стварае спрыяльныя ўмовы для частых кантактаў паміж бактэрыямі й фагамі. У космасе такога простага перамешваньня няма. Там мікраарганізмы проста плаваюць у асяродзьдзі й значна радзей сутыкаюцца. У выніку фагі ўсё яшчэ здольныя інфікаваць бактэрый, але гэты працэс ідзе павольней. Каб выжыць у такіх умовах, вірусы вымушаныя станавіцца больш эфэктыўнымі паляўнічымі, лепш чапляючыся за рэдкую здабычу.
Поўнагеномнае сэквенаваньне паказала, што гэтая адаптацыя мае выразную генэтычную аснову. Фагі, якія разьвівалі на МКС, назапасілі мутацыі, якія ўзмацнялі іхнюю здольнасьць мацавацца да рэцэптараў бактэрый. У адказ на гэта E. coli таксама зьмяняліся й набывалі ахоўныя мутацыі, якія дапамагалі супраціўляцца атакам у новых умовах. Самым нечаканым вынікам стала тое, што пасьля вяртаньня з МКС «касьмічныя» фагі аказаліся асабліва эфэктыўнымі супраць штамаў E. coli, якія звычайна маюць добрую ўстойлівасьць да стандартных фагаў T7.
Гэтае выпадковае адкрыцьцё паказвае, што космас або штучная сымуляцыя мікрагравітацыі могуць стаць інструмэнтам для своеасаблівых трэнаваньняў вірусаў-забойцаў бактэрый, каб даваць рады з чалавечымі інфэкцыямі, устойлівымі да антыбіётыкаў.
Зношаныя сэрцы грэнляндзкіх акул не перашкаджаюць ім жыць стагодзьдзямі
Грэнляндзкія акулы Somniosus microcephalus маюць вельмі вялікую працягласьць жыцьця, а некаторыя органы, напрыклад вочы, уважаюцца ўстойлівымі да раку й старэньня. Можа ўзьнікнуць думка, што сэрца гэтага марскога драпежніка таксама мае абарону ад узроставых зьменаў, але гэта ня так.
Нядаўняе дасьледаваньне гэтых акул паказала, што нават у не надта старых асобінаў, сэрца мае ўсе клясычныя прыкметы старэньня. Так, аналіз шасьці дарослых (100-150 гадоў) і жывых акул паказаў, што сэрца кожнай зь іх мела шмат злучальнай тканкі (фіброз), а таксама ўтрымлівала вялікую колькасьць «сьмецьцевага» пігмэнту ліпафусцыну. Сьляды акісьляльнага стрэсу – шмат актыўных формаў кіслароду ў вузах – таксама былі заўважнымі. У іншых жывёл такія зьмены звычайна прыводзяць да хваробаў сэрца й хуткай сьмерці, але грэнляндзкія акулы выглядалі здаровымі.
Для параўнаньня, навукоўцы таксама вывучылі сэрцы іншых рыб і акул, і там такога спалучэньня «старых» тканак з добрым функцыянаваньнем не было. З гэтага аўтары робяць выснову, што сакрэт неймаверна вялікай працягласьці жыцьця грэнляндзкіх акул (да 500 гадоў) можа быць не ў адсутнасьці старэньня, а ў асаблівай устойлівасьці да яго.