Моўныя віктарыны, тэсты для аматараў вандровак па Беларусі, цікавосткi са стужак навін, анонсы фестываляў і культурных падзей. Пра рэкламу ў канале 👉https://b2bblog.onliner.by/2022/04/20/partnerskie-posty-v-telegram-onliner-usloviya-razmeshheniya
«Мінск вачыма лега-чалавечка».
Натрапілі на 3D-мадэль у TikTok. Пазнаяце архітэктуру горада?
Аўтар відэа ўдакладняе: усе дэталі існуюць у сапраўдных наборах Lego. Атрымліваецца, такую мадэль можна сабраць самастойна.
Вы маглі не раз бачыць гэты беласнежны касцёл, падарожнічаючы па Браслаўскіх азёрах. А ці даводзілася зазірнуць унутр? Калі не, то паверце: за дзвярыма вас чакае нешта сапраўды дзіўнае.
Сам касцёл даволі малады — ён пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя, а мудрагелістыя роспісы з'явіліся значна пазней, у 1980-х. Кажуць, над афармленнем працавала група мастакоў з Віцебска.
Чаго толькі няма ў гэтым буянстве фарбаў! Арнаменты, кветкі, птушкі, змеі. Але асноўнае месца займаюць, вядома, біблейскія сюжэты. Доўга можна разглядаць гэтыя роспісы, вынаходзячы для сябе мноства цікавых карцінак, выкананых у своеасаблівай мастацкай манеры.
Як табе такое, Ілан Маск? Беларуская кампанія стварыла куртку з падагрэвам.
«Працуе» яна ад USB power bank. Пішуць, куртку ўжо можна набыць. Што тычыцца догляду, то праць куртку можна ў звычайнай машынцы.
На афіцыйным сайце «Славянкі» зараз прадстаўлены дзве мужчынскія мадэлі — іх кошт крыху большы за 196 і 191 рубель.
У мінскай кавярні забаранілі ўваход з ноўтбукамі.
Гаворка ідзе пра LЁN. З сённяшняга дня тут будзе дзейнічаць laptop-free-фармат: наведвальнікаў просяць не карыстацца планшэтамі і ноўтбукамі.
Уласніца кажа, што апошнім часам яны пачалі атрымліваць водгукі пра тое, што прастора больш нагадвае офіс, чым кафэ і пякарню. Адсюль і такое рашэнне.
Радыкальна? Магчыма. Хтосьці піша ў каментарыях, што цяпер месца будзе нагадваць сталовую. Іншыя наадварот задаволеныя зменай.
У Вязынцы спілавалі маляўнічыя дрэвы, што схіляліся над вадой.
«Няма слоў, адны гукі. Ды пні», — каментуе ўбачанае аўтар здымкаў. Музей Янкі Купалы, між тым, кажа, што дрэвы былі ў аварыйным стане.
— Але, як кажуць, калі ты ссек адно дрэва, пасадзі замест яго дзесяць. І хутка мы будзем ладзіць такую акцыю — пасадзім дрэвы на радзіме Янкі Купалы. Сачыце за нашай афішай і даведаецеся, калі гэта будзе. Усе жадаючыя змогуць далучыцца, — распавялі ў музеі.
Гаспадар графскага маёнтка, знайдзіся. На аўкцыёне прадаюць рэдкую сядзібу.
У невялікай памежнай вёсцы Відзы-Лаўчынскія Віцебскай вобласці на аўкцыён выставілі графскі маёнтак Ваўжэцкіх. Стартавы кошт унікальнага архітэктурнага аб’екта — 188 002 рублі, або $57 400 па курсе.
У XIX стагоддзі тут была здраўніца «Лазенкі» з гаючай серавадароднай крыніцай, куды з’язджалася ўся знаць. Аўкцыён пройдзе 8 красавіка на пляцоўцы «БУТБ-маёмасць».
Як «Пеппи» стала Піпі. Распавядаем пра адну з найпапулярнейшых кніг Астрыд Ліндгрэн.
У рускамоўных выданнях вы ведаеце яе як «Пеппи Длинныйчулок». Дык чаму на беларускай гераіня стала Піпі?
Прычына ў арыгінальнай назве. На шведскай мове імя і прозвішча легендарнай дзяўчынкі гучыць як «Піпі Лонгструмп». Першую частку пакінулі, другую пераклалі. Атрымалася: Піпі Доўгаяпанчоха.
Піпі 9 гадоў, яна жыве на віле «Дагарынагамі» разам са сваёй малпачкай і канём. «Нарадзілася» яна, калі дачка Астрыд Ліндгрэн захварэла. Лежачы ў ложку, дзяўчынка папрасіла маці распавесці пра Піпі Доўгаяпанчоху. Адкуль яна ўзяла гэтае імя — невядома. Але пісьменніца пачала актыўна прадумваць вобраз і жыццё маленькай гераіні.
Кнігі пра Піпі былі і застаюцца аднымі з самых любімых дзіцячых твораў нашага сммшчыка. Ужо некалькі гадоў яны выдаюцца на беларускай мове — і гэта выдатная нагода наноў вынайсці для сябе сусвет Астрыд Ліндгрэн.
https://catalog.onliner.by/books/popurri/9789851546806?utm_source=tg
«Гравіці Фолз» у Траецкім прадмесці? VOKA выпусціў новыя серыі дзіцячага мультфільму «Марыля. У пошуках дзіўнікаў».
У цэнтры мультсерыяла — дзяўчынка Марыля. Дзякуючы сваёй фантазіі яна адчыняе партал і запускае ў сучасую Беларусь дзіўнікаў — герояў беларускай міфалогіі.
І героі гэтыя не заўжды станоўчыя. У кампаніі свайго сябра, дзядулі і невялічкага цмока Кута дзяўчынцы давядзецца выратаваць краіну ад гэтага нашэсця.
Учора трапілі на прэм'ерны паказ. Спойлерыць не будзем, але кажам адразу: бачыць у мультсерыяле знаёмыя пейзажы: ад Мінскай чыгункі да Палесся — асобны від асалоды. Дарослым таксама спадабаецца: у мультфільме хапае адсылак да поп-культуры.
Беларускую манету прадалі за 355 рублёў. Што ў ёй такога?
Гэта медна-нікелевая манета наміналам 1 рубель «Выяўленчае мастацтва. Авангард. УНОВИС».
Яе выпуск анансавалі ў 2020 годзе да 100-годдзя УНОВІС — авангарднага мастацкага аб'яднання, створанага Казімірам Малевічам у Віцебску ў 1920 годзе.
Адпускная цана ў Нацбанка была 18 рублёў, усе манеты раскупілі. Цяпер адна з 1699 штук (такі быў тыраж) усплыла на аўкцыёне, яе купілі за 355 рублёў.
У Мінску зноў «Гастрафэст».
Кошт сэта — 27 рублёў.
Даты: з 8 па 17 сакавіка.
Гэта вежа ў знакамітым доме пад шпілем на Камуністычнай. Расказваюць, што некалі там размяшчаўся наглядальны пункт войскаў СПА. А цяпер пануе пустэча — толькі сцены i металічныя лесвічныя пралёты.
На першым ярусе размешчаны тры слыхавыя акны, другі абмежаваны глухімі сценамі, у трэцім маецца выхад на балкон з аркамі і калонамі. А фінальны ярус вежы выкананы ў форме шасцігранніка з вокнамі і ўласным балконам.
З гэтых балконаў адкрываюцца такія віды, што пазайздросціла б любая аглядная пляцоўка. Аднак доступ наверх для ўсіх ахвочых забаронены. Па дамоўленасці з мясцовым ЖЭСам нам удалося трапіць сюды ў 2018 годзе і зрабіць некалькі фотаздымкаў.
👀 Ужо паспелі захварэць гэтай зімой? Калі не — у вас яшчэ ёсць тры дні.
Сабралі лексіку, што можа спатрэбіцца ў гэтай сітуацыі.
У РТБД пройдзе Тыдзень беларускай драматургіі.
Гэта выдатная нагода завітаць у тэатр, калі звычайны рэпертуар паспеў вам прыесціся.
Абяцаюць чыткі (эскізы спектакляў), самі спектаклі, лекцыі і майстар-клас па пісьме.
Даты правядзення — з 25 лютага па 3 сакавіка. Поўная афіша — вышэй.
Знакамітую сінагогу ў Слоніме аддалі амаль задарма. Хто стаў новым гаспадаром?
Будынак 1648 года пайшоў з малатка ўсяго за 42 рублі. Новым уладальнікам стаў расiянiн, яго асоба не раскрываецца.
У «БУТБ-Маёмасць» кажуць, што ён быў адзіным прэтэндэнтам на куплю аб’екта, таму цана сталася сімвалічнай. У мужчыны ёсць пяць гадоў на тое, каб увесці будынак у эксплуатацыю.
Гэта Каложская царква ў Гродне — адзін са старэйшых дзеючых храмаў Беларусі. Ён пабудаваны на беразе Нёмана ў ХII стагоддзі.
Звярніце ўвагу на адтуліны ў сценах унутры храма (такiх дзiрак тут 448). Камусьці яны нагадваюць гнёзды птушак, камусьці — сляды ад куль. Насамрэч там знаходзяцца керамічныя збаны. Яны былі ўмураваны ў сцены для паляпшэння акустыкі. Таксама збаны маглі выкарыстоўвацца і для палягчэння канструкцыі.
На сценах Каложы можна адшукаць i адбіткі пальцаў, якія былі пакінуты ў момант вырабу цэглы. Старажытны адбітак нават даследавалі эксперты-крыміналісты і прыйшлі да высновы, што будаўніком быў мужчына ва ўзросце каля 20—25 гадоў.
Сям'я з Гродна адкрыла кавярню ў Мінску — трэцюю ў сваім бізнесе. Туды можна з ноўтбукамі, жывёламі і сябрамі-веганамі.
Што адрознівае «Чернобелый» ад іншых устаноў горада? Надпісы і малюнкі на сценах, асобны стол для працы за ноўтбукам, меню для дзяцей і аўтарскія напоі (напрыклад, «бронекофе» — што б гэта ні значыла).
Знаходзіцца кавярня насупраць Нацыянальнай бібліятэкі, дакладны адрас: вуліца Пятра Мсціслаўца, 10.
Махляры прапануюць купіць гадзіннікі з лімітаванай калекцыі «Луч». У рэальнасці мадэлі даўно распрадалі.
Размова ідзе пра калекцыю «Мова 2024», прысвечаную складам [жы] і [шы].
Дадатковага выпуску гадзіннікаў не будзе, піша «Луч» і дадае: ад іх імя працуюць махляры. Будзьце ўважлівыя.
Месца з асаблівай атмасферай, пра якое ведаюць не ўсе. Музей-майстэрня Заіра Азгура ў Мінску, дзе прадстаўлена частка яго творчай спадчыны — больш за 280 скульптур. Тут бюсты і фігуры знакамітых пісьменнікаў, герояў вайны, камуністычных дзеячаў, філосафаў — гісторыя XX стагоддзя, перададзеная мовай скульптуры.
Адзін з цікавых экспанатаў — буйныя бюсты Леніна і Маркса — твар у твар, нібы байцы перад паядынкам. У 1980-я гады гэтыя скульптуры стаялі ля ўвахода ў будынак ЦК КПБ (на адным са здымкаў вышэй). А ў 1991-м былі дэмантаваны і перавезены ў музей, для чаго нават давялося разбіраць сцяну.
Тут жа можна ўбачыць, напрыклад, мініяцюры скульптурнага ансамбля на плошчы Якуба Коласа: задуменную постаць самога пiсьменнiка i герояў яго твораў — Сымона-музыку i дзеда Талаша. Заір Азгур быў стваральнікам гэтай кампазіцыі, якая ўбачыла свет у 1972 годзе.
Беларуска з Новай Зеландыі выпускае кнігу пра пахаванні на беларускім Палессі.
Тры гады таму Воля ажанілася з Эдам. Мужчына — жыхар Новай Зеландыі, і крыху больш за год таму дзяўчына вырашыла пераехаць. Але пра радзіму яна не забывае і вядзе блог пра беларускае Палессе. Цяпер напісала і кнігу.
«Мая бабуля адказвала за пахаванні ў нашай вёсцы. Яе мянушка была „дырэктар морга“ , таму што яна не баялася дапамагчы людзям, калі ў іх хтосьці дома паміраў. Мая кніга — спроба асэнсаваць жыццё і смерць на беларускім Палессі», — піша Вольга.
У дадзены момант кніга ўжо напісана, але ідзе збор на краўдфандынгавай платформе на яе друк. Адно друкаванае выданне ацэньваецца ў €25. Для тых, каму гэтая тэма цікавая, але плаціць такую суму ён не гатовы, будзе электронная версія за €5.
І яшчэ адна цікавостка, гэтым разам у Мінску. Тут шукаюць гаспадара для сталінкі на чатыры кватэры.
Будынак 1952 года пабудовы знаходзіцца каля Белдзяржфілармоніі па адрасе вул. Залатая Горка, 6А. Яго кошт — $250 тыс., ці 807 тыс. рублёў.
Калісьці сталінку планавалі знесці і паставіць замест яе шматпавярховік. Але неяк не зраслося. У будынак праведзены ўсе камунікацыі, пасля рэканструкцыі тут можна будзе жыць ці будаваць бізнес.
На фота — шыкоўная Залатая зала Нясвіжскага палаца. Метавiта тут знаходзiцца своеасаблівы «партал», утвораны двума люстэркамi. Калі доўга ўглядацца ў яго, можна ўбачыць прывід Чорнай панны (хто мы такія, каб не верыць экскурсаводам?).
Люстэркі, дарэчы, аўтэнтычныя, у iх глядзелiся яшчэ ўладальнікi замка. Вядома, што пасля 1939 года мэбля з нясвiжскай рэзiдэнцыi Радзiвiлаў была вывезена ў Першы Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (цяпер — Купалаўскі). Не ўсе прадметы гарнітура перажылі перыяд нямецкай акупацыі, але люстэркі нейкім цудам захаваліся і доўгія дзесяцігоддзі ўпрыгожвалі тэатр. А пад час рэканструкцыі замка яны па справядлівасці вярнуліся дадому.
Жаночы погляд: 10 кніг на роднай мове ад беларускіх пісьменніц.
Дзеянне ў творах адбываецца ў розныя часы і пры розных абставінах, аднак тэмы кахання, пошуку сябе і жыццёвых арыенціраў застаюцца нязменнымі.
Калі не ведаеш аб існаванні гэтага месца, будзеш вельмі здзіўлены. Лясная сцежка прыводзіць да зарослых мхом каменных глыб. Пад нагамі — разлом. Спусціўшыся ўніз, трапляеш у дзіўную пячору.
Пячора ў Беларусі? Так, адчуванне менавіта такое. Насамрэч гэта закінуты VII форт Гродзенскай крэпасці. Ён быў узарваны знутры пры адступленні расійскай арміі ў 1915-м.
За доўгія гады прырода зрабіла сваю справу — бетонныя руіны выглядаюць нібы сапраўдныя скалы. Тут нават склалася характэрная мікрафлора — мноства сталактытаў і сталагмітаў дадаюць гэтаму месцу асаблівай атмасферы.
Як растлумачыць дзіцяці паўстанне машын? У нас ёсць для гэтага кніга.
Сёння пачнем распавядаць пра кнігі на беларускай мове, якія ёсць у Каталозе Onlíner.
«Штуковіна» — твор вядомага шведскага пісьменніка Марціна Відмарка. Некалькі гадоў таму (яшчэ да папулярнасці ўсялякіх ChatGPT!) яго пераклалі на беларускую мову.
У кнізе браты Рутгер і Вальтар стамляюцца ад хатніх спраў і ствараюць памагатар. Але той (раптоўна) аказваецца саманавучальным. Робат забараняе смакату, гоніць на прабежкі, не дае нічога зрабіць самастойна.
Ці здолеюць браты перамагчы машыну? Пакінем інтрыгу для юных чытачоў. Але кажам адразу: гісторыя не страшная. Нам нагадала дзяцінства, дзе маці замест салодкага дае на абед брокалі (ну хто гэта наогул выдумаў?), не дае залезці на падваконне і дапамагчы з мыццём шыбы (звалішся — хто будзе лавіць?), а спаць адпраўляе адразу пасля «Калыханкі» і ні хвілінай пазней.
catalog.onliner.by/books/popurri/9789851546608?utm_source=tg
У Беларусі прачнуліся суслікі. Цяпер дакладна вясна.
Сяргей Шакала курыруе апошніх суслікаў краіны, сочыць за дынамікай. Відэа зроблена 27 лютага ў Нясвіжскім раёне каля вёскі Юшавічы. Там размяшчаецца галоўная Сусляндзія.
«Наогул, у гэтыя тэрміны суслікі выходзяць са спячкі дзесьці на шыраце Адэсы. Для нас гэта занадта ранняе абуджэнне, самае ранняе за гісторыю назіранняў. Але не думаю, што гэта дрэнна адаб'ецца на тых, хто прачнуўся», — дадае біёлаг.
Выйшаў новы беларускі часопіс для дзяцей — «Палосачка».
Часопіс запушчаны стваральнікамі «Полосатой газеты». Яна выходзіць з 2013 года пры ўдзеле дзіцячых псіхолагаў.
Рэдакцыя «Палосачкі» падзялілася з намі некалькімі старонкамі выдання. У кожным выпуску 28 старонак.
Пішуць, першы нумар выйшаў тыражом ў 1500 асобнікоў — і усе раскупілі. Зараз рыхтуецца другі.
Трэнд на гарлячкі: як упрыгажэнні з бісеру скараюць сацсеткі і жаночыя сэрцы
Гарлячка — шыйнае ўпрыгажэнне з бісеру, якое штодзённа насілі жанчыны Гомельшчыны ў мінулым стагоддзі. За апошні год гэты аксесуар набыў папулярнасць сярод беларусак.
Прымяраем на сябе беларускі народны чокер і размаўляем з дзяўчатамі, якія падтрымліваюць аднаўленне прыгожай традыцыі.
people.onliner.by/go/1096626
*партнёрскі пост
Па крэдыце «На родныя тавары» беларусы заключылі дамоваў на 61 млн рублёў.
У студзені Беларусбанк запусціў новы крэдыт «На родныя тавары». Гэта эксклюзіўная прапанова на рынку спажывецкага крэдытавання. Набывайце тавары ад айчынных вытворцаў:
* тэрмін крэдытавання — 3 гады (безнаяўным пераводам на рахункі прадаўцоў);
* фіксаваная стаўка — 4% гадавых;
* максімальная сума — 300 базавых велічынь (12 000 рублёў).
Поўны пералік тавараў шукайце тут.
Паршак, бацян і таксічка.
Сабралі кодавыя словы, па якіх можна вызначыць, з якой вобласці ваш суразмоўца.
Каханне, крумкач і суніца.
Спыталі ў мінчукоў іх любімае слова на беларускай мове.