Сувязь з рэдакцыяй — @SvabodaBelarus Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669
Галоўнае за 8 ліпеня на Радыё Свабода ❤️
📌Ці памыляецца Сяргей Ціханоўскі? Аналіз Юрыя Дракахруста
📌У Гомельскім раёне дзяцей далучылі да аховы мяжы з Украінай
📌«Са мной ці безь мяне – яна б ваявала». Гісторыя каханьня беларускі Марыі Зайцавай і ейнай дзяўчыны ўкраінкі Ані
📌Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў стварыў за мяжой сваё выдавецтва
📌Праваабаронцы «Вясны»: сілавікі затрымліваюць беларусаў, якія трапілі ў кадры польскага фільму аб пратэстах
📌«Пік Свабоды». Ціснуць на рэжым ці дамаўляцца зь ім — двубой Мацкевіч і Красуліна
📌Брату Ігара Лосіка Мікіту прысудзілі тры гады «хіміі» ў справе «Беларускага Гаюна»
📌«Выгляд Сяргея Ціханоўскага — гэта доказ злачынства». У Эўрапарлямэнце адбылася дыскусія па Беларусі
На ўкраінскіх онлайн-пляцоўках забаранілі продаж 8,8 тыс. найменьняў кніг з Расеі і Беларусі
Дзяржаўны камітэт тэлевізіі і радыёвяшчаньня Ўкраіны толькі ў чэрвені «спыніў незаконны распаўсюд на ўкраінскіх онлайн-пляцоўках 408 кніг» з Расеі і Беларусі.
Дзяржаўны камітэт тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Ўкраіны вядзе «маніторынг выдавецкай сфэры дзяржавы-агрэсара, Беларусі і часова акупаваных тэрыторый Украіны на прадмет выпуску „антыўкраінскай выдавецкай прадукцыі“.
Даныя пра такую прадукцыю ўносяць у „пералік кніжных выданьняў, зьмест якіх накіраваны на ліквідацыю незалежнасьці Ўкраіны, прапаганду гвалту, распальваньне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасьці, зьдзяйсьненьне тэрарыстычных актаў, замах на правы і свабоды чалавека“. Падрабязьней: https://smarturl.click/ReRzv
На музычным фэстывалі «Славянскі базар» з акцыяй «За бясьпеку — разам» выступіць спэцназ МУС
Міністэрства ўнутраных спраў правядзе на «Славянскім базары» ў Віцебску паказальныя выступленьні спэцпадразьдзяленьняў і дзяцей з вайскова-патрыятычных клюбаў. МУС анансавала правядзеньне ў рамках фэстывалю акцыі «За бясьпеку — разам».
Паведамляецца, што 10–13 ліпеня адбудуцца «паказальныя выступленьні спэцпадразьдзяленьняў МУС і выхаванцаў вайскова-патрыятычных клюбаў», і, у прыватнасьці, «эмацыйнае спаборніцтва — „Забег у паўзунках“».
Фота носіць ілюстрацыйны сэнс
Ва Ўкраіну вярнулі яшчэ 7 выкрадзеных дзяцей
У рамках ініцыятывы «Bring Kids Back UA» з часова акупаваных тэрыторый Украіны вярнуліся яшчэ 7 украінскіх дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 17 гадоў. Ініцыятыва напісала пра гэта ў Facebook.
Там паведамілі, што дзеці і іх сем'і доўгі час жылі пад сыстэмным ціскам з боку расейцаў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, гэта ўключае прымусовае выданьне расейскіх пашпартоў, абавязковае навучаньне паводле расейскай праграмы, пагрозы пазбаўленьня бацькоўскіх правоў, ператрусы ў дамах і абмежаваны доступ да мэдыцынскай дапамогі.
«Сёньня гэтыя сем'і зноў могуць жыць свабодна, а іх дзеці могуць вучыцца на ўкраінскай мове», — падкрэсьлілі ў «Bring Kids Back UA».
Скасаваньне камісій, праца з рупіямі, крэдыты на аўтамабілі. Што беларускія банкі зьменяць ва ўмовах працы з кліентамі?
Дванаццаць банкаў, што працуюць у Беларусі, паведамілі пра зьмяненьне асобных правілаў абслугоўваньня і надалі новыя магчымасьці для кліентаў.
Пра зьмены піша агенцтва @pozirkonline, якое правяло маніторынг апошніх прэс-рэлізаў банкаў.
Падрабязьней: https://smarturl.click/dw5RQ
Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня дапусьціла да першынства сьвету 40 атлетаў з Расеі і Беларусі. Сярод іх вайсковыя афіцэры
🤺 Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня (FIE) дапусьціла 40 нэўтральных фэхтавальнікаў з Расеі і Беларусі да першынства сьвету, што адбудзецца з 22 па 26 ліпеня ў грузінскім Тбілісі.
Асаблівую ўвагу ў сьпісе дапушчаных прыцягнулі Сафія Вялікая, якая мае званьне маёру арміі РФ, і лейтэнантка Яна Ягар’ян. Гэта супярэчыць рэкамэндацыям МАК, згодна зь якімі атлеты з вайсковымі званьнямі і датычнасьцю да сілавых структураў Расеі і Беларусі ня могуць лічыцца нэўтральнымі спартоўцамі. Абедзьве згаданыя расейскія фэхтавальніцы знаходзяцца пад украінскімі санкцыямі за пашырэньне і падтрымку расейскай прапаганды.
Украіна ўжо выказала пратэст такому рашэньню, заявіўшы, што праверка нэўтральнага статусу беларускіх і расейскіх фэхтавальнікаў была павярхоўнай і парушае ўсе заяўленыя правілы. Падрабязьней пра сьпіс беларускіх дапушчаных фэхтавальнікаў і рэакцыю Ўкраіны: https://smarturl.click/B4dV9
Праваабаронцы «Вясны»: сілавікі затрымліваюць беларусаў, якія трапілі ў кадры польскага фільму аб пратэстах
https://smarturl.click/mB7Rm
У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі аб атрыманьні інфармацыі пра масавыя затрыманьні грамадзян паводле артыкулу 342 КК (арганізацыя або ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
«Як кажуць самі сілавікі людзям, нагодай для затрыманьняў стаў польскі дакумэнтальны фільм пра пратэсты, дзе ёсьць незаблюраныя твары ўдзельнікаў акцый», — адзначаецца ў паведамленьні.
У Беларусі мяняюць парадак атрыманьня для зьняволеных пэнсіянэраў
https://smarturl.click/E1AxJ
📌 Новы закон прадугледжвае, што ўсе пэнсіі асуджаных пэнсіянэраў будуць паступаць у папраўчыя ўстановы. І адтуль будуць вылічваць кошт утрыманьня.
📌 Рэшту — не ніжэй за мінімальны памер пэнсіі — (на сёньня гэта каля 116 рублёў) — мусяць пакінуць зьняволенаму.
«Са мной ці безь мяне — яна б ваявала». Гісторыя каханьня беларускі Марыі Зайцавай і ейнай дзяўчыны ўкраінкі Ані
https://smarturl.click/dw5E0
🗣 «Часта я прыходжу, прыношу цыгарэты і запальваю для яе цыгарэтку таксама. Мы любілі курыць удвох. Мне важна праводзіць такія малыя рытуалы».
Гісторыю каханьня зь беларускай добраахвотніцай Марыяй Зайцавай, якая загінула пад Пакроўскам, украінка Анна Ганчарова расказала беларускай службе Радыё Свабода.
Пра пазыўны Марыі, гульню ў казла, схаваныя стасункі, а таксама паводле якога рэцэпту беларуска гатавала дранікі — у гэтым матэрыяле.
🇬🇪 У Батумі затрымалі двух беларусаў зь вялікай партыяй наркотыкаў
https://smarturl.click/L32VX
Затрыманым юнакам 20 і 24 гадоў. У іх знайшлі
🔸 да 3 кг какаіну
🔸каля 13 тысяч таблетак экстазі
🔸гераін у асабліва буйным памеры
🔸прылады для фасоўкі
Паводле грузінскай паліцыі, наркотыкі плянавалі прадаваць у начных клюбах.
⚖️ Супраць беларусаў завялі крымінальную справу — ім пагражае да 20 гадоў зьняволеньня або нават пажыцьцёвае.
🔗 Крыніца — «Позірк», МУС Грузіі 📱
Паводка ў Тэхасе стала адной з самых сьмяротных у ЗША за апошнія 100 гадоў
https://smarturl.click/w41Zv
На чацьвёрты дзень пошукаў тых, хто выжыў, колькасьць ахвяраў паводкі ў Тэхасе перавысіла 100 чалавек, шмат хто прапаў бязь вестак, у тым ліку дзяўчаткі, якія адпачывалі ў летніку.
Ва Ўкраіне ідэнтыфікавалі расейца, датычнага да абстрэлу дзіцячай лякарні
https://smarturl.click/mB7Vm
Да ракетнага ўдару па дзіцячай лякарні ў Кіеве 8 ліпеня 2024 году мае дачыненьне маёр Дзяніс Ш., камандзір інжынэрнай службы 121 цяжкага бамбардавальнага авіяпалка РФ, — заявіла Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны.
Ад таго абстрэлу загінулі два чалавекі, у тым ліку дзіцячы лекар-нэфроляг. 35 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку 9 дзяцей.
Дзяніс Ш. адказваў за падрыхтоўку крылатых ракет Х-101, якімі абстралялі лякарню.
Ён нарадзіўся ў Саратаве ў 1978 годзе, у 2018-м удзельнічаў у апэрацыях у Сырыі.
🇺🇸🇺🇦 Пэнтагон заявіў пра аднаўленьне паставак узбраеньня Ўкраіне «па ўказаньні прэзыдэнта Трампа».
https://smarturl.click/b5Dl1
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас прэс-канфэрэнцыі з прэмʼер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу заявіў, што Вашынгтон надасьць Украіне больш зброі:
🗣 «Яны павінны быць здольныя абараніцца. Яны пад вельмі моцным ударам, таму мы павінны даць больш зброі. Пераважна абарончай зброі».
На мінулым тыдні ЗША прыпынілі частку паставак узбраеньняў Украіне, спасылаючыся на асьцярогі з нагоды вычарпаньня ўласных запасаў.
📚 8 ліпеня 1910 году асобнай кнігай выйшла паэма Янкі Купалы «Адвечная песьня».
Таксама сёньня —
▪️ Заснаваньне Парыжу (52 да н.э.).
▪️ Палтаўская бітва — перамога Пятра І (1709).
▪️ Першы пашпарт ЗША (1796).
▪️ Стварэньне Саудаўскай Арабіі (1926).
▪️ Заснаваны Менскі абласны краязнаўчы музэй (1959).
▪️ Вывад войскаў ЗША з Віетнаму (1969).
▪️ Першы зьезд беларусаў сьвету ў Менску (1993).
▪️ Пачаў вяшчаньне «Белсат» (2008).
▪️ Ператрус і арышты ў «Нашай Ніве» (2021).
🎉 Нарадзіліся: Жан дэ Ляфантэн, Магдалена Радзівіл, Фэрдынанд Цэпэлін, Джон Ракфэлер, Пётар Капіца, Гаўрыла Верасаў, Канстанцін Ціхановіч, Уладзіслаў Завальнюк, Вольга Караткевіч.
🕯 Пайшлі з жыцьця: Адам Нарушэвіч, Адам Пуслоўскі, Флярыян Міладоўскі.
Падрабязьней пра падзеі і даты 8 ліпеня чытайце тут🔽
https://smarturl.click/WRvgZ
🇺🇦 «„Дэнацыфікацыя“ павінна пачацца з Масквы» — МЗС Украіны адрэагаваў на агучаныя Лаўровым умовы міру
https://smarturl.click/Jnxlk
Міністэрства замежных спраў Украіны адрэагавала на ўмовы Расеі для заключэньня мірнага пагадненьня, агучаныя кіраўніком расійскага МЗС Сяргеем Лаўровым.
🗣 «Належная „дэнацыфікацыя“ павінна пачацца з Масквы, улічваючы яе стаўленьне да іншых этнічных груп — азэрбайджанцаў і іншых народаў Паўднёвага Каўказу, Цэнтральнай Азіі, украінцаў, крымскіх татараў і іншых. Ваяўнічая рыторыка Лаўрова дэманструе, што Расея адхіляе мірныя намаганьні і зьвяртаецца да ультыматумаў тыпу 2022 году», — напісаў сьпікер МЗС Украіны Георгій Ціхі ў сацсетцы 📱.
У МЗС Украіны заклікалі партнэраў неадкладна «ўдарыць па гэтых расейскіх „дэнацыфікатарах“ новымі, жорсткімі санкцыямі, каб вярнуць іх да рэальнасьці»
🇺🇸 Трамп: «Пуцін нагаварыў шмат лухты, магчымыя санкцыі»
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у аўторак на пасяджэньні свайго кабінэту ў Белым доме, што ён незадаволены расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і разглядае магчымасьць увядзеньня дадатковых санкцый адносна Расеі ў сувязі з яе нежаданьнем завяршаць вайну ва Ўкраіне.
Па словах Трампа, Пуцін «нагаварыў нам мноства ўсякай лухты». Амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Пуцін паводзіць сябе зь ім «ветліва», але на практыцы гэта «ня мае ніякага сэнсу», паколькі, паводле Трампа, мноства людзей працягвае гінуць.
На пытаньне аб тым, як Трамп будзе рэагаваць на апошнія дзеяньні Расеі, прэзыдэнт ЗША адзначыў, што можа зрабіць «невялікі сюрпрыз». Ён дадаў, што вывучае законапраект аб новых санкцыях супраць Расеі, распрацаваны групай сэнатараў. Пры гэтым, па словах Трампа, прыняцьце гэтага дакумэнту будзе залежаць ад яго меркаваньня.
«Выгляд Сяргея Ціханоўскага — гэта доказ злачынства». У Эўрапарлямэнце адбылася дыскусія па Беларусі
Падчас дыскусіі, сярод іншага, выступіла польская эўрадэпутатка Малгажата Гасеўская, якая зьяўляецца кіраўніцай дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю.
Яна заявіла, што:
«Лукашэнка вызваліў 30 закладнікаў. Ня „вязьняў“ — закладнікаў, жорстка катаваных, маральна і фізычна зьнясіленых. Іх зьнешні выгляд гаворыць сам за сябе. Паглядзіце на твар Сяргея Ціханоўскага — гэта не аблічча чалавека, які зноў здабыў свабоду. Гэта доказ злачынства».
Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт лідэраў «Талібану»
МКС выдаў ордэры на арышт духоўнага лідэра «Талібану» і дэ-факта кіраўніка Афганістану Хайбатулы Ахундзады, а таксама кіраўніка заснаванага талібамі Вярхоўнага суду Абдулхакіма Хакані.
У абгрунтаваньні рашэньня гаворыцца, што ў суду ёсьць падставы меркаваць, што гэтыя асобы ўчынілі злачынствы супраць жанчын, дзяўчат і іншых асоб, якія, на думку талібаў, парушалі ўстаноўленыя імі жорсткія правілы, якія сур’ёзна абмяжоўваюць правы жанчын у Афганістане, або не адпавядалі іх чаканьням у сфэры гендэру.
Падрабязьней: https://smarturl.click/xVq0Y
У Славаччыне пачаўся суд над паэтам, які страляў у прарасейскага прэм’ер-міністра Фіцу
72-гадовы паэт Юрай Цынтула заявіў, што ён параніў прэм’ер-міністра Робэрта Фіцу, каб абараніць «свабодную культуру». На пачатку паседжаньня Цынтула выкрыкнуў «Няхай жыве свабодная культура!» А крыху пазьней — «Няхай жыве дэмакратыя!»
Суд пачаўся больш чым праз год пасьля атакі. Слуханьні адбываюцца ў горадзе Банска-Быстрыца. Сам Фіца на суд не прыехаў.
Цынтула чатыры разы стрэліў прыхільнага да Крамля палітыка. Стрэлы адбыліся з блізкай адлегласьці пасьля паседжаньня ўраду ў шахтарскім горадзе Гандлова 15 траўня 2024 году. Фіца атрымаў цяжкія раненьні і доўгі час правёў у шпіталі.
Затрыманы на месцы здарэньня Цынтула тады заявіў, што меў намер параніць, але не забіць прэм’ер-міністра. Пракуратура вінаваціць Цынтулу ў тэрарызьме. У выпадку прызнаньня віны яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Здымак з экрану зь відэа Politika Dnes
Брату Ігара Лосіка Мікіту прысудзілі ў справе «Беларускага Гаюна» тры гады «хіміі»
Віцебскі абласны суд разглядаў справу ў адкрытым працэсе. Прысуд стаў вядомы 8 ліпеня.
26-гадовага Мікіту Лосіка затрымалі ў Воршы ў пачатку красавіка 2025 году, прычынай затрыманьня стала так званая справа «Беларускага Гаюна». Лосіка абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Паводле вэрсіі сьледзтва, Мікіта Лосік ў лютым 2022 году даслаў на канал некалькі фотаздымкаў расейскай вайсковай тэхнікі, якая ехала праз Воршу.
Пасьля абвяшчэньня прысуду Мікіту вызвалілі ў залі суду. Прысуд уступіць у законную сілу праз 10 дзён. Адбываць пакараньне Мікіта Лосік павінен ва ўстанове адкрытага тыпу.
Мікіта — малодшы брат палітвязьня Ігара Лосіка, журналіста Свабоды, асуджанага на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за пяць гадоў.
Ціснуць на рэжым ці дамаўляцца зь ім — двубой Мацкевіч і Красуліна
Якія маральныя падмуркі розных падыходаў да палітыкі адносна Беларусі? Ці могуць санкцыі забясьпечыць вызваленьне палітвязьняў? Пра што гаворыць вопыт папярэдніх раўндаў нармалізацыі адносінаў Беларусі і Захаду?
У праграме «ПіК Свабоды» спрачаюцца Сьвятлана Мацкевіч, сябра асацыяцыі сваякоў палітвязьняў і Каардынацыйнай Рады, і гісторык Яўген Красулін.
ВІДЭА 📹 : https://youtu.be/7jbZnIxIVlY
У чэрвені паўторна арыштавалі палітвязьня Івана Марозава, які выйшаў на волю год таму
Новае абвінавачваньне — абраза Лукашэнкі.
Яму пагражае да 5 гадоў калёніі.
Івану Марозаву 42 гады. Ён юрыст па адукацыі, працаваў у IT-сфэры.
ℹ️ Упершыню яго арыштавалі ў студзені 2023 году і асудзілі на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у пратэстах. Ён адбываў пакараньне ў шклоўскай калёніі, адкуль выйшаў на волю 17 красавіка 2024 году.
🔗 Крыніцы — Dissidentby.com, «Наша Ніва».
📚 Surma — выдавецкі праект Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які базуецца ў Вільні.
https://smarturl.click/Y3xBa
У выдавецтве будуць выходзіць кнігі беларускіх і замежных аўтараў.
Ужо выйшла першая кніга — раман літоўскага аўтара Гінтараса Граяўскаса «Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі» у перакладзе Сабіны Брыло, паведаміла Reform.news.
У Гомельскім раёне дзяцей далучылі да аховы мяжы з Украінай
https://smarturl.click/9ojBD
На памежнай заставе «Глыбоцкае» у Гомельскім раёне да назіраньня за сытуацыяй у памежжы з Украінай далучылі школьнікаў.
Як адзначаецца ў матэрыяле дзяржаўнага каналу СТВ, дзеці стварылі добраахвотніцкі атрад і імправізаваны памежны пост, а пасьля гэтага беларускія памежнікі вырашылі іх падтрымаць.
Дзеці штодзень з 9-й раніцы патрулююць ваколіцы і перадаюць памежнікам інфармацыю аб выяўленых падазроных людзях і транспартных сродках.
🇺🇦 У структуры МЗС Украіны створаць упраўленьне недружалюбных краін. У іх ліку і Беларусь
https://smarturl.click/20byW
Зьявіцца ўпраўленьне недружалюбных краін, куды будуць уваходзіць ня толькі Расея, але і «яе паплечнікі, такія як Паўночная Карэя або Беларусь».
Зьнікне пасада амбасадара ў асаблівых даручэньнях па Беларусі.
🏠 Дом палітвязьня Васіля Дземідовіча прадалі на аўкцыёне
📍 Дзе? — вёска Пагарэльцы, Нясьвіскі раён
💰 За колькі? — 10 393,40 рубля.
🔨 Зь якой спробы? — з 4-й, першапачаткова хацелі 15 700 рублёў
⚔️ На таргах двое ўдзельнікаў «перабівалі» стаўкі з 9 раніцы да 23 вечара.
📜 Хто былы ўласьнік? — Васіль Іванавіч Дземідовіч, поўны цёзка 73-гадовага палітвязьня з «тэрарыстычнага» сьпісу КДБ.
🪙 Суды прызначылі Дземідовічу выплаты на дзясяткі тысяч рублёў.
⚖️ Дземідовіча судзілі як мінімум 9 разоў. Этапаваньні на суды — цяжкае выпрабаваньне для сталага чалавека (вобшукі, камэры ў СІЗА, ІЧУ, з маёмасьці — толькі тое, што можна несьці ў руках, закутых у кайданкі).
📍Геаграфія судоў: Горадня, Койданава, Дарагічын, Гомель, Пухавічы, Нясьвіж, Старыя Дарогі, Крупкі, Смалявічы.
🔗 Крыніца — «Люстэрка», «Вясна»
💵 Трамп пяпярэдзіў сем краін пра ўвядзеньне экспартных пошлін
Але да 1 жніўня іх можна зьменшыць ці адмяніць, калі скласьці гандлёвае пагадненьне з ЗША, як хоча Дональд Трамп. (Раней дэдлайн быў 9 ліпеня).
Лісты з папярэджаньнем атрымалі лідэры:
🔸40% —🇱🇦Ляосу і 🇲🇲Мʼянмы.
🔸30% — 🇿🇦Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
🔸25% — 🇯🇵Японіі, 🇰🇷Паўднёвай Карэі, 🇰🇿Казахстану і 🇲🇾Малайзіі.
Прэзыдэнт ЗША тлумачыць гэта нявыгаднымі для ЗША ўмовамі гандлю і адмоўным сальда гандлёвага балянсу.
Пакуль пагадненьні ў ЗША ёсьць толькі зь Вялікабрытаніяй і Віетнамам, часткова — з Кітаем. Перамовы з Эўразьвязам працягваюцца.
Ці памыляецца Сяргей Ціханоўскі? Аналіз Юрыя Дракахруста
https://smarturl.click/OL6lX
Першыя крокі Сяргея Ціханоўскага — не памылковыя і не дакладныя, гэта пошук, рызыкоўная спроба, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.
🔸 І ў 2020-м, і цяпер Ціханоўскі факусаваўся на простых людзях, а не на колах, да якіх пераважна належаць яго цяперашнія крытыкі.
🔸 Фрустрацыя Ціханоўскага ад млявага збору сродкаў для ўдару па рэжыме — скаргі гандляра надзеяй на тое, што яго тавар не купляюць.
🔸 Калі Ціханоўскі-палітык пацерпіць паразу ў змаганьні, заплаціць за гэта давядзецца не яму аднаму.
🗓 Асноўныя падзеі 7 ліпеня
🔸 25 гадоў таму быў выкрадзены тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі.
🔸 «Людзі зьвяртаюцца да нас у адчаі». Як зараз працуе «гарачая лінія» «Вясны».
🔸 Ці стане BRICS стратэгічнай плятформай будучыні — аналіз Валера Карбалевіча.
📹 Ці магчымы «ўдар па лукашызьме», які абяцае Ціханоўскі. Жывы эфір Свабоды Premium.
🔸 У Беларусі махляры запалохваюць «справамі ў КДБ», каб грамадзяне адкупляліся.
🔸 Колькасьць загінулых у выніку паводкі ў Тэхасе вырасла да 82, сярод іх 28 дзяцей.
🔸 У Расеі праз атакі ўкраінскіх дронаў затрымалі вылет амаль двух тысяч рэйсаў, частку зь іх скасавалі.
🔸 Былы кіраўнік Міністэрства транспарту Расеі, якога Пуцін адправіў у адстаўк, зрабіў самагубства.
🔸 Расея дазволіла служыць у войску не грамадзянам, бо трэба тэрмінова даўкамплектаваць Узброеныя сілы.
🔸 Беларусь зноў лідзіруе ў паказьніках катаваньняў.
🔸 Ціханоўская абмеркавала з прэзыдэнтамі Літвы і Нямеччыны працяг працы па вызваленьні палітвязьняў.
🔸 У Менску сарвалі вечарыну памяці паэткі Ларысы Геніюш.
🇵🇱 Мігранты атакавалі польскіх памежнікаў камянямі, бутэлькамі і кіем зь цьвікамі — Памежная ахова Польшчы
З 4 па 6 ліпеня спынена каля 175 спробаў нелегальнага пранікненьня на польскую тэрыторыю з боку Беларусі, вынікае з паведамленьня Памежнай аховы Польшчы.
Адзначаюцца «вельмі агрэсіўныя» паводзіны мігрантаў мінімум на двух зь сямі згаданых у зводцы памежных пастоў. У прыватнасьці, паведамляецца, што «іншаземцы, якія знаходзіліся за тэхнічнай загародай, некалькі разоў кідалі ў польскіх патрулёў бутэлькі, камяні і кій з убітымі цьвікамі» (на фота).
З пачатку 2025 году зафіксавана больш за 14 600 спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы.