Сувязь з рэдакцыяй — @SvabodaBelarus Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669
Азэрбайджан і Армэнія падпісалі ў Вашынгтоне мірную ўгоду пры пасярэдніцтве Трампа
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян дамовіліся пра адмову ад ваеннага супрацьстаяньня і аднаўленьне дыпляматычных адносін. Лідэры разам з прэзыдэнтам ЗША падпісалі дэклярацыю «Маршрут Трампа дзеля міжнароднага міру і росквіту».
Дакумэнт забясьпечвае стварэньне транспартнага калідора, які злучае асноўную тэрыторыю Азэрбайджана з горадам Нахічэвань праз Армэнію. Армэнія заключае партнэрства з ЗША для разьвіцьця гэтага калідора, якім цягам 99 гадоў будзе кіраваць амэрыканская кампанія.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «яны ваявалі 35 гадоў, а цяпер сталі сябрамі — і застануцца імі надоўга». Аліеў адказаў, што праз некалькі месяцаў будзе распрацавана Хартыя стратэгічнага партнэрства паміж Баку і Вашынгтонам. Аліеў таксама прапанаваў Пашыньяну разам вылучыць Трампа на Нобэлеўскую прэмію міру.
Фота: Reuters
У Кіеве пахавалі ўкраінскую журналістку, якая загінула ў расейскім палоне
https://smarturl.click/OLj2o
Вікторыя Рошчына працавала ў такіх выданьнях як «Українське радіо», «UA: Перший», hromadske, «Українська правда», «Новости Донбасса», «Цензор.нет» і Ўкраінскай службе Радыё Свабода.
У сакавіку 2022 году расейскія вайскоўцы затрымалі яе на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, але потым адпусьцілі. Улетку 2022 году Вікторыя Рошчына спрабавала другі раз трапіць на часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, а 3 жніўня зьнікла. 24 красавіка 2025 году стала вядома, што цела Вікторыі Рошчынай вярнулі ва Ўкраіну. Тады высьветлілася, што цела вярнулі безь некаторых унутраных органаў, што ўказвае на катаваньні, якія яна перажыла.
Галоўнае за 8 жніўня
📌 2020 год як пункт адліку. Некалькі высноваў з нагоды пяцігадовага юбілею. Аналіз Валера Карбалевіча
📌 Акцыі беларусаў да пятай гадавіны падзеяў 9 жніўня. Дзе і што адбудзецца
📌 Журналіст Time распавёў, як афіцыйны Менск хацеў заплаціць за інтэрвію з Лукашэнкам
📌 Лукашэнка адказаў на пытаньне амэрыканскага журналіста пра вызваленьне Марыі Калесьнікавай
📌 «Пуцін не крыважэрны». Лукашэнка ня верыць, што расейскія войскі абстрэльваюць мірныя гарады Ўкраіны
📌 Супрацоўнікі МУС зьбіраюць генэтычны матэрыял сваякоў палітэмігрантаў — праваабаронцы
📌 Ва Ўкраіне лічаць нязначнай колькасьць расейскіх войскаў, якія прыбылі на вучэньні «Захад-2025»
📌 У Польшчы пяцёх беларусаў абвінавачваюць у дывэрсіях і шпіянажы
📌 Беларуская праваслаўная царква вярнула ў лягатып згадку пра прыналежнасьць да РПЦ
📌 «Кінулі не радзіму, а кінулі мяне». Як жывуць беларусы, чые дзеці зьехалі зь Беларусі пасьля 2020 году
2020 год як пункт адліку. Некалькі высноваў з нагоды пяцігадовага юбілею. Аналіз Валера Карбалевіча
https://smarturl.click/dwnyk
Як вядома, вялікае бачыцца на адлегласьці. Вось ужо і пяць гадоў прайшло з тых векапомных падзей, якія, верагодна, нашы нашчадкі назавуць галоўнымі ў найноўшай беларускай гісторыі, а можа і ў больш працяглым гістарычным пэрыядзе. Таму што ўпершыню беларускі народ намерыўся стаць суб’ектам палітыкі, узяць свой лёс ва ўласныя рукі.
У Польшчы пяцёх беларусаў абвінавачваюць у дывэрсіях і шпіянажы
https://smarturl.click/nVLGb
Пяцёра беларусаў абвінавачваюцца ў актах сабатажу і дывэрсіях у Польшчы, а таксама ў працы на замежную выведку. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Перад паседжаньнем Рады міністраў Польшчы, якое адбылося яшчэ 29 ліпеня прэм’ер-міністар краіны Дональд Туск расказаў, што агулам 32 чалавекі былі затрыманыя праз «падмацаваныя канкрэтнымі доказамі» падазрэньні ў працы на расейскія спэцслужбы. Адзін з затрыманых ужо асуджаны і знаходзіцца ў турме, а яшчэ 31 чалавек, сярод якіх беларусы, расейцы, украінцы — чакалі суду праз падазрэньні ў супрацы з расейскімі спэцслужбамі, якія рыхтавалі дывэрсіі і напады.
«Пуцін не крыважэрны». Лукашэнка ня верыць, што расейскія войскі абстрэльваюць мірныя гарады Ўкраіны
https://smarturl.click/5Z450
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін не зьяўляецца крыважэрным, а расейскія войскі не абстрэльваюць мірныя гарады і цывільнае насельніцтва.
«Ня трэба тут казаць пра тое, што Пуцін бамбіць мірных. А што, Зяленскі разьбіраецца ў тым, куды паляціць бесьпілётнік і іншае? Яны на нашу тэрыторыю то з аднаго, то з другога боку залятаюць, недзе ўжо з паўсотні зафіксавалі... Пуцін не крыважэрны. Як бы вы яго ні апісвалі там, у Амэрыцы... Ён ведае, што такое сям’я, дзеці... і малаціць там па мірных... ну слухайце, вайна! Ёсьць інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі, якім вы навучылі ўкраінцаў. Я ведаю, як Буча рабілася. Таму ня трэба тут казаць, што Пуцін там бамбіць мірнае...», — сказаў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію журналісту выданьня Time Сайману Шустэру.
Журналіст The Time распавёў, як афіцыйны Менск дамагаўся інтэрвію з Лукашэнкам
https://smarturl.click/3Q95X
🗣 «Не адразу было зразумела, чаго хочуць пасярэднікі. Я ніколі ня быў у Беларусі і шмат пра яе не пісаў, хоць мае публікацыі аб жыцьці яе суседзяў, Расеі і Ўкраіны, далі мне ўяўленьне пра гісторыю Лукашэнкі. [...] Яго рэжым зьяўляецца адным з самых рэпрэсіўных і ізаляваных у сьвеце, з жахлівымі дачыненьнямі і амаль поўнай адсутнасьцю гандлю з чатырма зь пяці сваіх суседзяў і амаль поўнай залежнасьцю ад пятага: Расеі», — напісаў журналіст.
Сайман Шустэр таксама паведаміў, што «чыноўнік ураду Лукашэнкі», які тэлефанаваў яму наконт інтэрвію, спытаў пра кошт за арганізацыю такой публікацыі для The Time.
Беларуская праваслаўная царква вярнула ў лягатып згадку пра прыналежнасьць да РПЦ
У назьве зноў зьявіліся словы «Маскоўскі патрыярхат», заўважыла ініцыятыва «Хрысьціянская візія». Гэта адбылося пасьля таго, як Сынод РПЦ заявіў Менску, што ўсе назвы залежных цэркваў павінны зьмяшчаць фармулёўкі «Расейскай праваслаўнай царквы» або «Маскоўскага патрыярхату».
Пэўны час у Беларусі ўжывалі фармулёўку «Беларуская праваслаўная царква» бяз згадкі Маскоўскага патрыярхату.
У Берасьці пачаўся працэс банкруцтва пахавальнай фірмы, уладальнікаў якой асудзілі за махлярства
Размова пра таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Империя гранита». Зьвесткі пра пачатак працэсу ў Эканамічным судзе Берасьця зьмясьцілі ў Адзіным дзяржаўным рэестры зьвестак пра банкруцтва.
Фірму зарэгістравалі ў 2019 годзе. На дату разбору ў дачыненьні яе адкрылі 115 выканаўчых працэсаў на агульную суму звыш 1 млн рублёў. Больш за 18 тыс. даўжнік не даплаціў у бюджэт. А на ранейшым судзе ў крымінальным працэсе высьветлілася, што пара сужэнцаў, якая валодала прадпрыемствам, засталася вінная кліентам 721,2 тыс. рублёў.
Сваёй віны пара не прызнала, суд першай інстанцыі асудзіў сужэнцаў на 9 і 7 гадоў зьняволеньня. Прысуд пакуль яшчэ могуць абскардзіць.
Што Армэнія і Азэрбайджан атрымаюць ад перамоў пад эгідай Трампа?
https://smarturl.click/3Q9VB
🇦🇲 Армэнія і 🇦🇿 Азэрбайджан могуць наблізіцца да падпісаньня гістарычнай мірнай дамовы або хаця б абвясьціць пра яе дасягненьне, калі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыме іх лідэраў у Белым доме.
Матэрыял падрыхтавалі Армянская і Азэрбайджанская служба Радыё Свабода.
#rfe_rl
Офіс Ціханоўскай падвёў вынікі 5 гадоў працы ў лічбах
https://smarturl.click/DYVo3
🔸 35 краінаў не прызналі Лукашэнку і падтрымалі дэмсілы як легітымных прадстаўнікоў Беларусі
🔸 20+ краінаў — дзейнічаюць Народныя амбасады
🔸 200+ мерапрыемстваў у партнэрстве з дыяспарай і амбасадамі
🔸 26 парлямэнтаў стварылі групы сяброў дэмакратычнай Беларусі
📄 20+ законапраектаў і праект новай Канстытуцыі
⚖️ 5000+ юрыдычных зваротаў апрацавала каманда прававой дапамогі
🎓 2000+ студэнтаў атрымалі міжнародныя стыпэндыі
🤝 2+ млн эўра — дапамога рэпрэсаваным праз Міжнародны гуманітарны фонд
📌 4 маштабныя кампаніі:
• «Бязвыбары-2024»,
• «Плятформа 2025»,
• «Бязвыбары-2025»,
• «Новая Беларусь»
Чэская кампанія набывала ў Беларусі шкловалакно і пастаўляла яго на завод у Прыднястроўі, які вырабляў дроны
https://smarturl.click/E1R9Z
Летась у чэрвені, верасьні і кастрычніку мытня Румыніі затрымала 10 грузавікоў зь беларускай прадукцыяй падвойнага прызначэньня. Цяпер у судзе разглядаюць крымінальную справу аб фальсыфікацыі дакумэнтаў.
Грузавікі перавозілі прадукцыю коштам 3 мільёны эўра. Яе сканфіскавалі на мытні Альбіца ў Румыніі праз падазрэньне, што груз можа мець вайсковае прызначэньне, у прыватнасьці, для вырабу бесьпілётнікаў ці вайсковай тэхнікі.
Трамп мае намер асабіста сустрэцца з Пуціным на наступным тыдні – New York Times
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп мае намер асабіста сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным ужо на наступным тыдні, а неўзабаве пасьля гэтага ён плянуе трохбаковую сустрэчу з Пуціным і Зяленскім. У ёй ня будзе ўдзельнічаць ніводны эўрапейскі лідэр. Пакуль незразумела, ці пагадзіліся Зяленскі і Пуцін, піша New York Times.
У Беларусі знайшлі яшчэ адзін дрон, але ўлады не паведамляюць аб інцыдэнце
https://smarturl.click/zd4Xo
У ноч на 4 жніўня ў Рэчыцы ўлады праводзілі эвакуацыю жыхароў будынкаў у прыватным сэктары ў раёне метызнага заводу. Гэта адбылося празь бесьпілётнік, які ўпаў у мясцовасьці.
Расея ўдарыла па чыгуначнай станцыі Лазавая на Харкаўшчыне, ёсьць ахвяры
У выніку расейскага абстрэлу пашкоджаны чыгуначны вакзал і іншыя аб’екты інфраструктуры Лазавой. Большасьці людзей удалося схавацца, але пазьбегчы ахвяраў не ўдалося, інфармуе прэс-служба Украінскай чыгункі.
Загінуў дзяжурны мэханік адной з падразьдзелаў, яшчэ чацьвёра чыгуначнікаў атрымалі раненьні. Усім пацярпелым аказваюць неабходную мэдыцынскую дапамогу.
З-за абстрэлу цягнік Умань — Чаркасы — Харкаў ужо едзе па аб’езным маршруце, тое ж самае чакаецца і для іншых цягнікоў у краматорскім кірунку.
Відэа Укразалізниця
Максім Знак стаў ляўрэатам прэміі Цэнтру Вацлава Гаўла
Цэнтар Вацлава Гаўла ў Нью-Ёрку прысудзіў прэмію Disturbing the Peace беларускаму праўніку і палітзьняволенаму Максіму Знаку. Пра гэта абвешчана 8 жніўня на сайце арганізацыі.
Максім Знак — адзін з лідэраў перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, асуджаны ў Беларусі на 10 гадоў зьняволеньня паводле палітычна матываванага абвінавачаньня. Ён прызнаны праваабаронцамі палітвязьнем і з 2021 году знаходзіцца за кратамі.
У заяве Цэнтру Вацлава Гаўла ідзецца, што Знак стаў «сымбалем інтэлектуальнага супраціву», а ягоная кніга турэмных апавяданьняў «Зэкамерон» «стала сьведчаньнем сілы літаратуры за кратамі».
Прэмія Disturbing the Peace штогод уганароўвае «аўтараў, якія, як і Вацлаў Гавэл, выяўляюць адданасьць правам чалавека і зьведалі перасьлед за свае перакананьні».
Лукашэнка заявіў, што «не плянуе» балятавацца на наступных выбарах
https://smarturl.click/xV4QO
Аб адсутнасьці плянаў балятавацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрвію журналісту амэрыканскага выданьня Time Сайману Шустэру.
«Не, я зараз ужо не пляную, ужо не пляную», — сказаў ён.
Па яго сьцьвярджэньні, на прэзыдэнцкую пасаду ня будзе прэтэндаваць і малодшы сын Мікалай Лукашэнка. «Не, ён не пераемнік. Я так і ведаў, што ты хочаш спытаць. Не, не, не. Вось ты ў яго спытай — ты яго можаш так моцна пакрыўдзіць гэтым», — сказаў Лукашэнка. Пры гэтым ён «дапусьціў, што наступным прэзыдэнтам Беларусі можа стаць чалавек, які будзе праводзіць крыху іншую палітыку».
Супрацоўнікі МУС зьбіраюць генэтычны матэрыял сваякоў палітэмігрантаў — праваабаронцы
https://smarturl.click/7vQ5R
Пра збор супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў «генэтычнага матэрыялу (сьліны)» сваякоў палітэмігрантаў паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY. TEAM.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за «апошнія два тыдні» ў Магілёўскай вобласьці зафіксавана некалькі такіх выпадкаў. Гаворка пра сваякоў «актывістаў і былых палітвязьняў, якія зьехалі з краіны».
«Прычынай называюць фармаваньне базы даных ДНК, каб у выпадку неабходнасьці людзей за мяжой „можна было апазнаць“. Аднак сапраўдныя матывы супрацоўнікаў РАУС і РУУС ня ясныя», — гаворыцца ў паведамленьні.
Лукашэнка адказаў на пытаньне амэрыканскага журналіста пра вызваленьне Марыі Калесьнікавай
https://smarturl.click/e0WjY
У інтэрвію часопісу Time Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вызваленьне палітвязьняў стала вынікам ягоных перамоваў з ЗША, а сучасная беларуская апазыцыя ня мае да гэтага ніякага дачыненьня.
«Я кажу: ну, слухайце, гэтая Сьвятлана Ціханоўская ўжо плачацца, як хоча ўзьяднацца. Сям’я там, дзеці, двое дзетак. Добра, я прыму рашэньне па Ціханоўскім. Гэта было маё рашэньне. Але цяпер я бачу, што незадаволеныя вы, Захад, і асабліва беглыя незадаволеныя, што я яго адпусьціў» — сказаў Лукашэнка.
«Я думаю, задаволеныя. Але сваякі Калесьнікавай таксама плачуць», — адрэагаваў Сайман Шустэр.
«Калесьнікавай? Ну, няхай плачуць. Што Калесьнікава, што іншыя. Яны ж налічылі больш за 1000 [палітвязьняў]. Дык чым яны ад Калесьнікавай адрозьніваюцца? Калесьнікава і Ціханоўскія — іх віна ў тым, што яны ўцягнулі многіх людзей у гэта і кінулі», — сказаў Лукашэнка.
Журналісты ўстанавілі імёны амаль 123 тысяч загінулых ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў
З пачатку вайны Расеі супраць Украіны загінулі як мінімум 122 883 расейскіх вайскоўцаў. Па дадзеных, сабраных з адкрытых крыніц, 53% зь іх — добраахвотнікі, мабілізаваныя і зьняволеныя, раней ня зьвязаныя з войскам. Пра гэта гаворыцца ў зводцы Расейскай службы ВВС, складзенай сумесна з "Медиазоной" і камандай валянтэраў.
27% устаноўленых загінулых — добраахвотнікі, 14% — зьняволеныя, 11% — мабілізаваныя. З пачатку вайны загінулі 5540 афіцэраў, у тым ліку 12 генэралаў. Асабліва адчувальныя страты малодшых камандзіраў, што падрывае тактычную зладжанасьць падразьдзяленьняў.
Ва Ўкраіне лічаць нязначнай колькасьць расейскіх войскаў, якія прыбылі на вучэньні «Захад-2025»
https://smarturl.click/mBXnO
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны адсочваюць інфармацыю аб перакіданьні расейскіх войскаў для ўдзелу ў супольных вучэньнях «Захад-2025», якія адбудуцца ў верасьні.
«Мы ўважліва сочым за сытуацыяй. Сапраўды, тэхніка зьяўляецца, вучэньні абвясьцілі. Тая колькасьць, якую мы цяпер адсочваем на тэрыторыі Беларусі менавіта расейскіх сіл, — дастаткова нязначная. На цяперашні момант гэта больш інфармацыйная кампанія з боку ворага, чым рэальная пагроза», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. (На фота: расейскія вайскоўцы на экскурсіі ў Менску, красавік 2025)
Пуцін паведаміў прэзыдэнтам дзьвюх краін СНД пра вынікі перамоваў з Уіткафам аб Украіне
https://smarturl.click/ReDJm
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 8 жніўня патэлефанаваў прэзыдэнтам Узбэкістану і Казахстану Шаўкату Мірзіёеву і Касыму-Жамарту Такаеву.
У абнародаваных Крамлём паведамленьнях аб гэтых размовах адзначаецца, што Пуцін падзяліўся зь імі «ацэнкамі размовы з адмысловым пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Стывам Уіткафам», якая адбылася 6 жніўня.
Лукашэнка прыдумаў, як можна абысьці замежныя санкцыі на продаж беларускіх угнаеньняў
https://smarturl.click/vd7BE
Лукашэнка параіў аграрыям спосаб абысьці санкцыі, якія ўвялі супраць Беларусі за фальсыфікацыю вынікаў выбараў 2020 году і за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.
«Угнаеньні няма куды прадаць? Угнаеньні можна прадаць праз прадукты харчаваньня. Мяса, малако заўсёды маюць попыт», — працытаваў Аляксандра Лукашэнку дзяржаўны тэлеканал АНТ.
Пры гэтым вядома, што ў студзені-чэрвені 2025 году ў Беларусі сфармавалася адмоўнае гандлёвае сальда — мінус 3,184 мільярда даляраў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у прыватнасьці, у гэты пэрыяд вытворчасьць у сельскай гаспадарцы ўпала на 2,6% у параўнаньні зь мінулым паўгодзьдзем.
Літва вызначыла дату завяршэньня дэмантажу ліній электраперадач зь Беларусьсю
https://smarturl.click/e0WmR
Літоўскі апэратар электрасетак Litgrid паведаміў, што лініі электраперадач, якія аб’ядноўвалі энэргетычную сыстэмы Літвы і Беларусі, дэмантуюць да канца 2026 году.
У кампаніі падкрэсьлілі, што дэмантуючы апошнія лініі электраперадач з Калінінградам і Беларусьсю завяршаецца гістарычны этап трансфармацыі інфраструктуры, зьвязаны з поўнай інтэграцыяй у энэргетычную сыстэму Эўропы, якая абслугоўвае больш за 400 мільёнаў спажыўцоў у 26 краінах.
У гандлёвай сетцы «Санта» пратэрмінаваныя прадукты знайшлі ў траціне крамаў
Праект «Народны кантроль» пачаў праверку пасьля таго, як масавыя захопленыя водгукі аб сетцы «Санта» выклікалі падазрэньні ў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. У сакавіку ў апошнія дні галасаваньня ў рамках праекту «Народны кантроль» колькасьць станоўчых водгукаў карыстальнікаў на адрас «Санты» рэзка вырасла, ствараючы ўражаньне бездакорнай працы.
Аднак ведамства ўлічыла звароты незадаволеных грамадзян і праверыла крамы сеткі. Маніторынг гандлёвых аб’ектаў «Санты» выявіў у 90% з іх парушэньні заканадаўства. Пры гэтым у кожнай трэцяй краме знайшлі пратэрмінаваныя прадукты. Сярод прадукцыі з скончаным тэрмінам прыдатнасьці — дзіцячае яблычнае пюрэ, марынаваныя таматы чэры, заправа «Галіна Бланка» і паўфабрыкаты зь мяса птушкі.
Сетцы выдалі прадпісаньні аб устараненьні парушэньняў, супраць юрыдычнай асобы пачалі адміністрацыйную вытворчасьць. Пры гэтым «Санту» вырашана выключыць з канчатковых вынікаў «Народнага кантролю» для таго, каб не дапусьціць іх скажэньня.
📱 «ПіК Свабоды». Чаму навучылі і не навучылі беларусаў падзеі 2020 года
https://youtu.be/61PLaOXcICk
9 жніўня споўніцца пяць гадоў ад прэзыдэнцкіх выбараў 2020 і найбуйнейшых у гісторыі Беларусі пратэстаў. Якую ролю адыгралі гэтыя падзеі ў гісторыі Беларусі, чаму навучылі і не навучылі беларусаў? Якой гэтая падзея застанецца ў гісторыі: са знакам плюс ці знакам мінус?
Госьці — «ПіКа Свабоды» — публіцыст Сяргей Навумчык і дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька.
Мігранты зь беларускага боку мяжы спрабавалі трапіць у Польшчу з дапамогай біяпрыбіральні
Каля Чэрэмшы група мігрантаў спрабавала перайсьці мяжу з дапамогай біяпрыбіральні, якая стаяла каля мэталічнай агароджы. Мігранты павалілі прыбіральню і спрабавалі па ёй пераскочыць агароджу з калючым дротам.
Памежная варта Польшчы адзначыла, што дзеяньні мігрантаў запісваў на відэа нехьа зь беларускага боку. Камэра відэназіраньня на баку польскім зафіксавала ўсе дзеяньні групы асобаў. За некалькі соцен мэтраў ад загароды мігрантаў затрымалі. Тыя кідалі ў памежнікаў галінкі дрэваў і камяні. Двум чалавекам з групы парушальнікаў мяжы спатрэбілася мэдычная дапамога.
Таксама на мяжы затрымалі траіх чалавек за дапамогу ў нелегальным пераходзе мяжы. Гэта грамадзяне Польшчы, Украіны і Грузіі.
У Іране пакаралі сьмерцю мужчыну, якога западозрылі ў працы на «Масад»
Іранскія ўлады пакаралі сьмерцю мужчыну, асуджанага за шпіянаж на карысьць Ізраілю. Сьледзтва абвінаваціла яго ў перадачы інфармацыі пра ядзернага навукоўца, забітага ў сярэдзіне чэрвеня.
«Рузбэх Вадзі быў пакараны сьмерцю пасьля судовага разбору і пацьверджаньня яго прысуду Вярхоўным судом», — паведамляецца на сайце судовай улады Mizan Online, перадае AFP. Пакараньне сьмерцю выканалі праз павешаньне, дадаецца ў паведамленьні. Пакуль невядома, калі канкрэтна мужчыну арыштавалі і асудзілі і колькі часу прайшло паміж судовай пастановай і выкананьнем пакараньня.
Вадзі працаваў у адной з «ключавых і канфідэнцыйных арганізацый» Ірану, што нібыта дазволіла яму перадаваць «сакрэтную інфармацыю» пасьля таго, як яго завэрбавала ў інтэрнэце ізраільская выведвальная служба «Масад». З пачатку вайны Іран абяцаў хуткія суды над людзьмі, арыштаванымі ў падазрэньні ў супрацы з Ізраілем. Улады абвясьцілі аб шматлікіх арыштах людзей, падазраваных у шпіянажы на карысьць Ізраілю, і аб пакараньні сьмерцю некалькіх асуджаных.
Паводле зьвестак праваабарончых арганізацый, у тым ліку Amnesty International, Іран займае другое месца ў сьвеце па колькасьці сьмяротных пакараньняў пасьля Кітаю.
У сярэдзіне чэрвеня Іран і Ізраіль 12 дзён абменьваліся атакамі, што ледзь не прывяло да поўнамаштабнай вайны. Ізраіль за гэты час забіў некалькіх навукоўцаў, якія, як мяркуецца, займаліся выпрацоўваньнем ядзернай зброі. Пры гэтым і ў Тэль-Авіве, і ў Тэгеране заяўлялі, што эфэктыўныя атакі сталі магчымымі дзякуючы якаснай працы выведак.
Кіраўніцу Гагаузіі асудзілі на 7 гадоў турмы
Башкан аўтаномнай часткі Малдовы — Гагаузіі — Яўгенія Гуцул асуджаная на 7 гадоў і вінная дзяржаве 40 мільёнаў леяў (звыш 2 млн эўра), якія незаконна выкарыстала дзеля фінансаваньня партыі «Шор». Гуцул узялі пад варту ў судовай залі, піша Radio Europa Liberă. Іншую фігурантку справы Сьвятлану Попан, якая працавала сакратаркай партыі, асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня.
Раней Гуцул прасіла не пазбаўляць яе волі і абвінавачвала цэнтральныя ўлады ў Кішынёве ў фабрыкаваньні справы.
Паводле абвінавачваньня, Гуцул і Попан незаконна фінансавалі выбарчую кампанію віцэ-старшыні партыі «Шор» Марыны Таўбэр, якая вылучалася на пасаду мэра горада Бельцы (Бэльць) ў 2021 годзе. Таксама іх абвінавацілі ў арганізацыі антыўрадавых пратэстаў восеньню 2022 году. Частка абвінавачаных у гэтых справах цягам сьледзтва перайшла ў статус сьведак.
У справе пратэстаў Гуцул абвінавацілі ў перадачы партыі «Шор» зьвестак пра колькасьць пратэстоўцаў, пасьля чаго людзей звозілі на антыўрадавыя пратэсты і плацілі ім за ўдзел. Пракуратура таксама зьвінаваціла кіраўніцу аўтаноміі ў арганізацыі самога намётавага мястэчка ў час пратэстаў у сталіцы. Гуцул запярэчвала сваю віну, адзначаючы, што ў гэты момант была ў дэкрэтным адпачынку і праходзіла аднаўленьне ў Турэччыне. Адвакаты падсудных заявілі, што бок абвінавачваньня не давёў віну і ў справе незаконнага фінансаваньня партыі, бо ня вызначыў крыніцы такога фінансаваньня.
Ужо сёньня: Бел-чырвона-белы сьцяг стаў дзяржаўным сьцягам БНР
5 жніўня 1917 году на 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады было вызначана, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бел-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня. А праз год 5 жніўня 1918 году – бел-чырвона-белы сьцяг быў зацьверджаны Дзяржаўным сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Болей пра падзеі і даты 5 жніўня чытайце тут.