Сувязь з рэдакцыяй — @SvabodaBelarus Даслаць навіну ў Signal можна па нумары +37068643669
Галоўнае за 24 жніўня
🔸Украіна адзначае Дзень незалежнасьці. Зяленскі сьвяткаваньні на абяцаў «не прайграць» вайну з Расеяй
🔸Прэм’ер Канады Марк Карні ў Кіеве заявіў пра дапамогу Ўкраіне зброяй і фінансамі
🔸Бесьпілётнікі атакавалі расейскі порт Усць-Луга
🔸Украіна і Расея правялі 17-ты з пачатку году абмен палоннымі праз тэрыторыю Беларусі
🔸Беларусь гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці адзначыць 25 жніўня. Прайдзіце ТЭСТ пра жнівеньскія падзеі 91-га
🔸Чэргі на ўезд зь Беларусі ў Польшчу, Латвію і Літву зьменшыліся, але машын там ўсё яшчэ тысячы
🔸Гарадзкая рада Франкфурта-на-Майне абмяркуе ўшанаваньне Васіля Быкава
🔸У Варшаве адкрылася выстава «Горкія зёлкі» пра ахвяр Галакосту ў Беларусі, Латвіі і Літве
🔸Экспэрты па харчаваньні распавялі, чаму і як трэба есьці ківі
На фота вызваленыя з расейскага палону ўкраінскія байцы і цывільныя
З расейскага палону вызвалілі ўкраінскага журналіста, захопленага ў 2022-м
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў факт абмену з Расеяй палоннымі і падзякаваў ААЭ за пасярэдніцтва:
«Сёньня нашы людзі вяртаюцца дадому. Салдаты Ўзброеных сілаў, Нацыянальнай гвардыі, Дзяржаўнай памежнай службы і мірныя жыхары. Большасьць з іх у палоне з 2022 году».
Украіна і Расея правялі 17-ты з пачатку году абмен палоннымі праз тэрыторыю Беларусі
https://smarturl.click/kZODx
Як паведаміла Міністэрства абароны Расеі, бакі перадалі адна адной па 146 чалавек.
Акрамя таго, Расеі вернутыя восем яе грамадзян — жыхароў Курскай вобласьці.
«Цяпер расейскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваецца неабходная псыхалягічная і мэдыцынская дапамога», — гаворыцца ў паведамленьні.
Чэргі на ўезд зь Беларусі ў Польшчу, Латвію і Літву зьменшыліся
https://smarturl.click/DYnJ0
4.885 легкавых аўтамабіляў і 65 аўтобусаў чакала выезду з Беларусі ў краіны Эўразьвязу па стане на 24 жніўня, падлічыў Позірк.
Днём раней на гэты час было 5.190 машын і 116 аўтобусаў.
Самым загружаным напрамкам застаецца Польшча. На 10 гадзін у пункце пропуску Берасьце (з польскага боку Тарэспаль) было 4.625 легкавых аўтамабіляў.
Да чэргаў прывёў мігранцкі крызіс на межах Беларусі і ЭЗ, саўдзел Лукашэнкі ў расейскай вайне ва Ўкраіне, з-за чаго многія памежныя пераходы былі закрытыя.
Фота з чаргі на мяжы ў Польшчу архіўнае
Экспэрты ў харчаваньні расказалі, чаму і як трэба есьці ківі
https://smarturl.click/mByn0
Экспэрты ў харчаваньні сьцьвярджаюць, што ківі заслугоўвае звацца найбольш карыснай садавіной, піша The New York Times.
Што важна ведаць пра ківі? 🥝
🔸Гэтая садавіна зь зялёнай, жоўтай ці чырвонай мякацьцю багатая на клятчатку і вітамін С.
🔸Ківі вельмі карысныя для страваваньня і сну.
🔸Ківі багатыя на пажыўныя рэчывы.
🔸Клятчатка ў кішэчніку зьвязваецца з «дрэнным» халестэрынам, дапамагаючы выводзіць яго з арганізму.
🔸Ківі могуць дапамагчы заснуць.
Як правільна есьці ківі? 🥝
🔸Дыетолягі рэкамэндуюць дадаваць ківі ў смузі на сьняданак, рабіць зь ім садавінныя салаты або дадаваць яго ў грэцкі ёгурт.
🔸А таксама рэкамэндуюць есьці ківі цалкам, разам з лупінай.
Гарадзкая рада Франкфурта-на-Майне абмяркуе ўшанаваньне Васіля Быкава
2 верасьня рада нямецкага горада Франкфурта-на-Майне, дзе 2 гады жыў Васіль Быкаў, будзе разглядаць прапанову беларускай ініцыятывы ўсталяваць тут памятную шыльду Быкаву, піша Reform.news.
Гэтае пытаньне стаіць другім пунктам парадку пасяджэньня рады горада, пасьля чаго будуць дадзены адказы на пытаньні і прапановы прысутных.
У 2001-2002 гадах Васіль Быкаў разам з жонкай Ірынай жыў і працаваў у выгнаньні ў гэтым нямецкім горадзе, тут сярод іншага ён запісаў успаміны Барыса Кіта, зь якім блізка сябраваў пад час свайго знаходжаньня ў Нямеччыне.
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў нарадзіўся ў 1924 годзе, памёр у 2003 годзе.
На фота Васіль Быкаў з Барысам Кітом у Франкфурце-на-Майне. 2001
Лукашэнка і Ціханоўская павіншавалі Ўкраіну з Днём Незалежнасьці
https://smarturl.click/qBk7w
Лукашэнка не згадаў Зяленскага і вайну, але пажадаў Украіне «мірнага неба» і «знайсьці ўласны адказ на сёньняшнія выклікі».
Беларускі рэжым падтрымлівае поўнамаштабную ваенную агрэсію Расеі, якая працягваецца ва Ўкраіне з 24 лютага 2022 года.
Ціханоўская заявіла, што ў Беларусі і Ўкраіны адзін і той жа вораг:
«Расейскі імпэрыялізм прынёс вайну на вашую зямлю і зрабіў Беларусь закладніцай супраць волі беларускага народа. Але мы ведаем: вашая перамога дасьць шанец на свабоду і Беларусі».
На фота сьцяг Украіны ў Кіеве
Ужо сёньня: пачатак Сэсіі Незалежнасьці ў 1991-м
https://smarturl.click/8pVL0
1654 — падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай адбылася бітва пад Шапялевічамі, войска Рэчы Паспалітай пацярпела паразу.
1814 — ангельцы ўзялі Вашынгтон і спалілі Белы дом.
1979 — пачаў працаваць Сьвіслацкі гісторыка-краязнаўчы музэй.
1991 — Пачатак надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету БССР. Украіна абвясьціла незалежнасьць.
1991 — Міхаіл Гарбачоў сыходзіць з пасады генэральнага сакратару КПСС.
2020 —У Жабінцы пахавалі Генадзя Шутава, якому стрэлілі ў галаву падчас акцыі пратэсту ў Берасьці.
Нарадзіліся: лекар Аўгустын Пацэвіч, рэвалюцыянэр Іван Пуліхаў, пісьменьнік Хорхэ Люіс Борхэс, грамадзка-палітычны дзяяч Юльян Саковіч, мастак Янка Раманоўскі, пэдагог Ядвіга Грыгаровіч.
Памерлі: лекар і грамадзкі дзяяч Іван Здановіч, расейскі пісьменьнік Сяргей Даўлатаў, літаратуразнавец Аляксей Гардзіцкі, пэдагог і антысавецкі падпольшчык Уладзімер Кісель, паэтка Ала Канапелька.
Галоўнае за 23 жніўня
📌 МЗС Украіны параіў Менску «не набліжацца да межаў» падчас верасьнёўскіх вайсковых манэўраў
📌 Чэргі на ўезд у Польшчу зноў павялічыліся, у Літву і Латвію — зьменшыліся
📌 Нямеччына аднавіла выдачу гуманітарных візаў для беларусаў
📌 Са сьцяны браслаўскага касьцёлу зьнікла польская мэмарыяльная шыльда
📌 Мінадукацыі вызначыла парадак захоўваньня ў школах тэлефонаў, карыстацца якімі цяпер забаронена
📌 «За сто эўра можна шмат чаго купіць». Як ідзе дзіцячы збор BySol перад школай
📌 Былы зьняволены крымскі журналіст Свабоды Ўладзіслаў Есіпенка расказаў пра арышт, катаваньні токам, расейскі суд і турму ў Крыме
Са сьцяны браслаўскага касьцёлу зьнікла польская мэмарыяльная пліта
https://smarturl.click/zdZJo
Дошка знаходзілася на сьцяне касьцёлу з 2009 году, піша katolik. life. Тады яе прывезьлі з Польшчы і ўсталявалі ўдзельнікі паломніцтва з Варшавы, сябры польскай Нацыянальнай асацыяцыі браслаўцаў (Krajowe Stowarzyszenie Brasławian) — ураджэнцаў Браслаўшчыны і іх нашчадкаў.
Выданьне піша, што пакуль няясна, было гэта ўказаньнем мясцовых уладаў ці праявай самацэнзуры касьцельнага кіраўніцтва, але падкрэсьлівае, што зьнікненьне ў касьцёлах мэмарыяльных прадметаў, якія не адпавядаюць цяперашняй дзяржаўнай ідэалёгіі (у гонар Пілсудзкага, Варшаўскай бітвы або Арміі Краёвай) стала ў апошнія гады трэндам у Беларусі.
Былы зьняволены крымскі журналіст Свабоды Ўладзіслаў Есіпенка расказаў пра арышт, катаваньні токам, расейскі суд і турму ў Крыме
https://smarturl.click/MGxob
«Казалі, што я не дажыву да суду, проста зьнікну»,— гісторыя журналіста-фрылансэра праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Крым.Рэаліі» Ўладзіслава Есіпенкі, які здымаў відэаматэрыялы для нашага радыё ў Крыме, а пасьля адбыў больш за 4 гады ў расейскіх катоўнях.
Чэргі на ўезд у Польшчу зноў павялічыліся, у Літву і Латвію — зьменшыліся
https://smarturl.click/L3EoX
5.190 легкавых аўтамабіляў і 116 аўтобусаў чакала выезду зь Беларусі ў Эўразьвяз на 10 гадзін 23 жніўня, сьведчыць аналіз апэратыўных зьвестак Дзяржаўнага памежнага камітэту з памежных пераходаў. Суткі раней на гэты час было 5.340 машын і 100 аўтобусаў
Найбольш загружаным напрамкам застаецца Польшча. На 10 гадзін 23 жніўня ў пункце пропуску Берасьце было 4.660 легкавых аўтамабіляў (4.630 у гэты ж час суткі раней).
Пасьля рэзкага росту нязначна зьменшыліся чэргі на ўезд у краіны Балтыі. У пункце пропуску Грыгароўшчына сабралася 100 легкавых аўтамабіляў (120 суткі раней), у Беняконях — 280 (340), у Каменным Логу — 150 (250). Чаргі аўтобусаў у гэтым кірунку не было.
Крысьціна Ціманоўская стала чэмпіёнкай Польшчы ў бегу на 100 мэтраў
https://smarturl.click/4OVLg
Крысьціна Ціманоўская стала чэмпіёнкай Польшчы ў клясычнай лёгкаатлетычнай дысцыпліне — у бегу на 100 мэтраў. Спартоўка паказала час 11,38.
«Мой першы залаты мэдаль чэмпіянату Польшчы», — напісала Крысьціна ў Instagram і падзякавала за падтрымку трэнэру, свайму клюбу і сям’і.
«За маёй спіной складаны сезон, у якім мне прыйшлося змагацца з траўмамі. На шчасце, я набіраю абароты, а да чэмпіянату свету яшчэ шмат часу. Я яшчэ патрэніруюся і спадзяюся, што мы добра выступім у Токіа ў эстафеце», — прыводзіць infosport. pl каментар новаспечанай чэмпіёнкі краіны ў спрынце.
🎒 «За сто эўра можна шмат чаго купіць». Як ідзе дзіцячы збор BySol перад школай
https://smarturl.click/JnW9D
Фонд BySol зьбірае па 💶100 эўра для дзяцей палітвязьняў — на адзеньне, абутак, канцтавары і заплечнікі.
Сёлета паступіла 244 заяўкі, ужо сабралі для 82 дзяцей.
Прадстаўнік BySol Зьміцер Ягораў адзначае:
• значная частка семʼяў зьвяртаецца штогод, што паказвае іх стабільна цяжкі матэрыяльны стан;
• у Беларусі падаваць заяўкі рызыкоўна, але тыя, хто ўжо атрымліваў дапамогу, працягваюць давяраць;
• нягледзячы на скандал з кіраўніком фонду Андрэем Стрыжаком, колькасьць ахвяраваньняў ня зьменшылася.
🗓 Масавыя зборы для дзяцей палітвязьняў BySol ладзіць з 2021 году тройчы на год — перад школай, Калядамі і вакацыямі.
🗓 Ужо сёньня — 86 гадоў таму падпісалі пакт Молатава–Рыбэнтропа
https://smarturl.click/8pV97
А таксама:
476 — канец Заходняй Рымскай імпэрыі 🏛
1430 — сарваная каранацыя Вітаўта 👑
1572 — Барталямэеўская ноч у Парыжы ⚔️
1943 — канец бітвы на Курскай дузе 🔥
1956 — савецкія танкі ў Будапэшце 🚩
1989 — «Балтыйскі шлях» — 2 млн чалавек за незалежнасьць 🇱🇹🇱🇻🇪🇪
2020 — прайшоў «Марш новай Беларусі» ✊
🍃 Нарадзіліся: мастак Міхал Андрыёлі, пісьменьнік Аляксандар Грын, паэт Пімен Панчанка, украінскі паэт Сяргей Жадан, Мікола Дзядок.
🕯 Памерлі: Ян Чачот, Васіль Русак, Анатоль Астрэйка, Міхась Стральцоў, Вячаслаў Шыдлоўскі, Алесь Ліпай.
ЗША ўхвалілі продаж Украіне трох тысяч далёкабойных ракет ERAM
https://smarturl.click/L3EAO
Ракеты з радыюсам дзеяньня 450 кілямэтраў аплацяць эўрапейскія краіны.
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША ўхваліла продаж Украіне 3350 ракет павялічанага радыюсу дзеяньня ERAM, піша The Wall Street Journal з спасылкай на свае крыніцы.
Ракеты маюць прыбыць ва Ўкраіну прыкладна праз шэсьць тыдняў.
З словаў суразмоўцаў выданьня, пакет узбраеньняў коштам 850 мільёнаў даляраў, які ўключае «і іншыя найменьні», фінансуюць у асноўным эўрапейскія краіны.
Для выкарыстаньня ракет ERAM Украіне спатрэбіцца ўхваленьне Пэнтагону.
На фота ракета ERAМ
З расейскага палону вярнулі экс-мэра Херсона, выкрадзенага расейцамі ў пачатку вайны
24 жніўня падчас абмену палоннымі быў вызвалены былы мэр Херсона Ўладзімір Мікалаенка. Гэта пацьвердзіла яго пляменьніца Ганна Коршун-Самчук, паведаміў тэлеканал «Суспільне».
Сам ён ужо зьвязаўся з жонкай і першымі яго словамі былі «Слава Ўкраіне».
Уладзіміра Мікалаенку выкралі расейскія вайскоўцы 18 красавіка 2022 года.
Доўгі час пра яго месцазнаходжаньне нічога не было вядома, пакуль Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа не пацьвердзіў, што ён знаходзіцца ў палоне.
Уладзімір Мікалаенка кіраваў Херсонам з 2014 да 2020 года і быў удзельнікам мясцовага Эўрамайдану.
Рэйс «Белавія» з Баку ў Менск адклалі, пасажыры кажуць аб праблемах з самалётам
Рэйс авіякампаніі «Белавія» з Баку ў Менск затрымалі на некалькі гадзін.
Па раскладзе вылет рэйса B2-740 павінен быў адбыцца 24 жніўня ў 04:45, а прыбыць у Менск самалёт меў у 7:40. Аднак пасажыры паведамілі, што да гэтага часу знаходзяцца ў аэрапорце Баку або зьехалі ў гатэлі, піша Onliner. Пасажыры кажуць, што ў самалёта праблемы з рухавікамі.
Рэйс выконваецца самалётам Boeing 737-300.
Афіцыйнай інфармацыі аб прычынах затрымкі рэйса ад авіякампаніі пакуль няма.
У раскладзе менскага аэрапорту ўказана, што прыбыцьцё рэйса з Баку адкладзенае.
🇺🇦 Зяленскі на Дзень незалежнасьці Ўкраіны абяцаў «не прайграць» вайну з Расеяй
https://smarturl.click/0Bmam
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адзначыў Дзень незалежнасьці Ўкраіны, заявіўшы, што яго краіна «не прайграе» сваю барацьбу супраць Масквы на фоне новых падзей на полі бою і дыпляматыі з высокімі стаўкамі вакол спыненьня поўнамаштабнай вайны, якая ідзе ўжо тры з паловай года.
«Украіна яшчэ не перамагла, але яна дакладна не прайграе», — сказаў Зяленскі падчас тэлевізійнага звароту да нацыі 24 жніўня.
Бесьпілётнікі атакавалі расейскі порт Усць-Луга, узьнік пажар
https://smarturl.click/xVl6Y
Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Расеі Аляксандр Дразьдзенка пацьвердзіў інфармацыю пра атаку бесьпілётнікаў на порт Усць-Луга.
Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся раніцай, і падчас адбіцьця атакі нібыта зьнішчылі дзесяць бесьпілётнікаў.
Тым не меней паведамляецца, што абломкі бесьпілётнікаў сталі прычынай пажару на тэрмінале «Наватэк», як распавёў расейскі чыноўнік. На месцы здарэньня працуюць пажарныя і супрацоўнікі МНС. Паводле папярэдніх зьвестак, ніхто не пацярпеў.
З-за гэтай сытуацыі рэйсы ў галоўным аэрапорце Санкт-Пецярбурга «Пулкава» часова прыпыненыя.
На фота пажар на тэрмінале «Наватэк» пасьля атакі дронаў у 2024 годзе
Што вы ведаеце пра абвяшчэньне Незалежнасьці 25 жніўня 1991 году? ТЭСТ
Праверце сябе.
https://smarturl.click/kDjk
25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет БССР абвясьціў Незалежнасьць Беларусі.
Гэтаму папярэднічалі стагодзьдзі змаганьня беларусаў за волю сваёй Бацькаўшчыны.
Прапануем вам спраўдзіць, наколькі добра вы ведаеце жнівеньскія падзеі 91-га.
Зьбіты ўкраінскі бесьпілётнік спрычыніў пажар на Курскай АЭС у Расеі
https://smarturl.click/L3ELX
Пацярпелых няма, узровень радыяцыі на месцы і ў навакольлі не перавышаў норму.
На Курскай АЭС у Расеі ўспыхнуў пажар пасьля таго, як расейскія вайскоўцы зьбілі ўкраінскі бесьпілётнік, які ляцеў паблізу станцыі, паведаміла прэс-служба станцыі.
«Пасьля ўдару бесьпілётнік дэтанаваў, што прывяло да пашкоджаньня дапаможнага трансфарматара», — гаворыцца ў заяве.
Пацярпелых няма, але ў выніку выбуху магутнасьць трэцяга энэргаблёка станцыі была зьніжана да 50 працэнтаў, паведаміла прэс-служба.
Узровень радыяцыі на месцы і ў навакольлі не перавышаў норму, дадалі ў прэс-службе.
Неадкладных камэнтароў з Украіны не было.
Пакуль незразумела, у якой частцы станцыі адбыўся пажар.
Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) неаднаразова папярэджвала аб небясьпецы баявых дзеяньняў вакол атамных электрастанцый з таго часу, як Расея пачала паўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 года.
На фота Курская АЭС
Архіяпіскап Аляскі папрасіў прабачэньня ў вернікаў за сустрэчу з Пуціным
https://smarturl.click/0BmLv
У заяве, накіраванай на імя прадстаяцеля Праваслаўнай царквы ў Амэрыцы мітрапаліта Ціхана, Аляксій піша аб тым, што хоча прынесьці «шчырыя прабачэньні» перад тымі, хто зьведаў боль, пакуты ці зьдзіўленьне ў сувязі зь яго ўчынкам. «Я глыбока шкадую аб скандале, які справакаваў», — піша Аляксій.
Мітрапаліт Ціхан у сваёй заяве адзначыў, што архіяпіскап сустрэўся з Пуціным па сваёй ініцыятыве, без бласлаўленьня Сыноду. Ён падкрэсьліў, што царква па-ранейшаму асуджае вайну і заклікае да неадкладнага яе спыненьня.
Праваслаўная царква ў Амэрыцы — аўтакефальная. Яе прыхаджане — праваслаўныя жыхары ЗША і Канады, сярод якіх нямала выхадцаў з Украіны.
Нямеччына аднавіла выдачу гуманітарных візаў для беларусаў
https://smarturl.click/AxALy
Пра гэта паведаміў Офіс дэмакратычнай лідэркі Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Дарадца па прававых пытаньнях Ціханоўскай Леанід Марозаў апублікаваў адпаведную заяву:
«Мы вітаем рашэньне Нямеччыны аднавіць выдачу гуманітарных візаў для беларусаў. Безумоўна, беларускія дэмакратычныя сілы і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай адразу адрэагавалі, калі прыём заяў быў прыпынены. Мы вялі працу з нашымі нямецкімі партнэрамі, уздымалі гэтую праблему на ўсіх узроўнях — і сёньня бачым вынік гэтых намаганьняў».
Аб тым, што Нямеччына прыпыніла выдачу гуманітарных віз, якія атрымлівалі і беларусы, стала вядома 24 ліпеня сёлета. Узмацненьне жорсткасьці міграцыйнай палітыкі стала часткай пагадненьня новай кіроўнай кааліцыі.
З пачатку 2022 году гуманітарныя візы атрымалі каля 3000 расейцаў. Па гэтай жа праграме з 2020 па 2024 гады Нямеччына прыняла 267 грамадзян Беларусі.
Ціханоўская заклікала спыніць зьдзек з жанчын-палітвязьняў
https://smarturl.click/6WOLj
Спыніць зьдзек з жанчын-палітвязьняў заклікала дэмакратычная лідэрка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская.
«У Беларусі прынамсі 178 жанчын знаходзяцца ў турмах як палітвязьні. Яны сутыкаюцца з прыніжэньнямі, адмовай у мэдычнай дапамозе і пагрозамі страціць дзяцей. Гэтая жорсткасьць павінна спыніцца. Ніводная жанчына не павінна падвяргацца гвалту за „злачынства“ — імкненьне да свабоды», — напісала дэмакратычная лідэрка ў сацсетцы «Х».
Паводле праваабаронцаў «Вясны», цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 1184 палітвязьні. Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў больш — 1315 чалавек. Розныя ініцыятывы могуць выкарыстоўваць розныя крытэры ацэнкі.
Беларусь зьнізіла цэны на малако і масла для Расеі
https://smarturl.click/qBkZw
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчааньня пастановай № 71 ад 22 жніўня чарговы раз скарэкціравала мінімальныя экспартныя цэны на малочныя прадукты. Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу з 23 жніўня.
Міністэрства зьнізіла на 30 расейскіх рублёў да 350 расейскіх рублёў за кіляграм цану на малако і вяршкі, згушчаныя, у парашку, гранулах або ў іншых цьвёрдых відах, з утрыманьнем тлушчу больш за 1,5%. Таксама зьніжаныя цэны на сьметанковае масла на тыя ж 30 расейскіх рублёў. Цяпер масла тлустасьцю 80% і больш можна пастаўляць у Расею не таньней за 620 расейскіх рублёў за кіляграм.
Гэта другое зьніжэньне цэнаў на малочную прадукцыю ў гэтым месяцы. Пастанова Мінсельгасхарчу № 69 ад 13 жніўня ўжо карэктавала расцэнкі на некаторыя віды прадукцыі беларускай вытворчасьці, што рэалізуецца па зьнешнегандлёвых дамовах.
Міністэрства адукацыі вызначыла парадак захоўваньня ў школах тэлефонаў, карыстацца якімі цяпер забаронена
https://smarturl.click/9oMLD
Міністэрства адукацыі пастановай № 136 ад 1 жніўня ўнесла зьмены ў правілы бясьпекі адукацыйнага працэсу ў розных установах адукацыі. Дакумэнт уступае ў сілу з 1 верасьня. У правілах вызначана, што пры ўваходзе ва ўстанову адукацыі навучэнцы павінны перавесьці тэлефон у бясшумны рэжым і пакінуць яго ў спэцыяльным месцы для захоўваньня. Варыянты месцаў захоўваньня у пастанове пералічваюцца:
▪️індывідуальныя ячэйкі для захоўваньня асабістых рэчаў навучэнцаў;
▪️ячэйкі (кейсы) для захоўваньня прыладаў мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) навучэнцаў адной клясы;
▪️гардэробныя памяшканьні (пры наяўнасьці асобных памяшканьняў для кожнай клясы);
▪️асобнае памяшканьне (шафа) для захоўваньня ячэек (кейсаў) з прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі), якое замыкаецца на ключ;
▪️іншыя варыянты.
Вучні змогуць забіраць свае тэлефоны пасьля заканчэньня заняткаў.
МЗС Украіны параіў Менску «не набліжацца да межаў» падчас верасьнёўскіх вайсковых манэўраў
https://smarturl.click/13ALe
«Захоўваць розум, не набліжацца да межаў і не правакаваць сілы абароны Ўкраіны» заклікаў украінскі МЗС улады ў Менску напярэдадні верасьнёўскіх вайсковых манэўраў на тэрыторыі Беларусі ў рамках АДКБ і Саюзнай дзяржавы.
МЗС падкрэсьлівае, што рэжымы ў Маскве і Менску «ўяўляюць непасрэдную пагрозу ня толькі для Ўкраіны, але і для Польшчы, дзяржаў Балтыі і ўсёй Эўропы, а таксама перашкаджаюць мірным намаганьням прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў спыненьні вайны».
Украінскае МЗС заяўляе таксама, што Ўкраіна «ніколі не была і ня будзе пагрозай беларускаму народу», зь якім яна хоча «жыць у міры», мае «агульнае мінулае», якое «ўзыходзіць да княжацкіх часоў і Вялікага княства Літоўскага», і будучыню — «у эўрапейскай сям’і народаў».
Што Лукашэнка насамрэч сказаў пра размову з Трампам. Аналіз Валера Карбалевіча
https://smarturl.click/7v92e
Лукашэнка ў інтэрвію журналістам беларускіх дзяржаўных мэдыя шмат хваліў Трампа, ва ўсім падтрымаў Расею, казаў, што Беларусь гатовая падключыцца да гарантый бясьпекі Ўкраіне.
Можна меркаваць, ідзе гандаль аб вызваленьні палітвязьняў.
Лукашэнка адрынуў любыя прапановы аб перамовах з палітычнымі праціўнікамі.
Тэма палітвязьняў у перамоўным працэсе паміж Вашынгтонам і Менскам у значнай ступені зьявілася ў выніку высілкаў беларускай апазыцыі.
Ціханоўская: прымусовая дэпартацыя — гэта працяг палітычнага тэрору
https://smarturl.click/E1d90
22 жніўня Лукашэнка адрэагаваў на заклікі Трампа выпусьціць 1300 палітвязьняў:
«Хочаце паўтары або дзьве тысячы? Забірайце да сябе, вязіце іх туды...»